Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: Каталіцкі Касцёл не перастане змагацца супраць насілля
27.10.2011 15:25

27 кастрычніка 2011 г. у Асізі праходзіць міжрэлігійная сустрэча. Удзел у ёй прымаюць удзел каля трохсот прадстаўнікоў рэлігій. Маскоўскі Патрыярхат Рускай Праваслаўнай Царквы прадстаўляе Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі.

У прамове Бэнэдыкт XVI выказаў перасцярогу перад разуменнем і ўжываннем рэлігіі як сродку насілля. Папа адзначыў, што «адмаўленне Бога разбэшчвае чалавека, пазбаўляе яго ўмеранасці і вядзе да насілля».

Пантыфік узгадаў першую такую сустрэчу, ініцыятарам якой 25 гадоў таму выступіў благаслаўлёны Ян Павел ІІ, адзначыўшы палітычную сітуацыю, якая ў той час існавала ў свеце — падзеленасць на два блокі, сімвалам якіх з’яўлялася бярлінская сцяна.

Кажучы пра сучаснасць, Папа заўважыў, што яна не характарызуецца свабодай і спакоем. Нават калі не існуе пагрозы вялікай вайны, надалей маюць месца ўзброеныя канфлікты.

На думку Святога Айца, сёння насілле можна падзяліць на дзве формы. Адной з іх з’яўляецца тэрарызм, які часта мае рэлігійную матывацыю. І гэта павінна асабліва клапаціць духоўных асоб. «Рэлігія не можа быць прычынай насілля і гэта не яе сапраўдная сутнасць», — адзначыў Папа, звяртаючы ўвагу на тое, што ўсе кіраўнікі рэлігій павінны клапаціцца, каб вера была інстументам Божага спакою ў свеце.

Другой формай сучаснага насілля Папа назваў наступствы адмаўлення Бога.

Бэнэдыкт XVI нагадаў, што мэтай сустрэчы ў Асізі з’яўляецца крочанне да праўды, зацікаўленасць у справе годнасці чалавека і сумесная праца на карысць спакою насуперак усім відам насілля.

«Каталіцкі Касцёл не перастане змагацца супраць насілля і быць зацікаўленым у справе спакою ў свеце», — адзначыў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI у прывітальным слове да ўдзельнікаў сустрэчы.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.