Ватыканскі іерарх нагадаў міжнароднай супольнасці аб праблемах жанчын-эмігрантак |
Святы Айцец |
25.05.2012 14:10 |
24 мая 2012 г. старшыня Папскай рады па справах эмігрантаў і падарожнікаў кардынал Антоніа Марыя Вэльё выступіў у рымскім Цэнтры амерыканскіх даследаванняў. У сваёй прамове іерарх звярнуў увагу на цяжкі лёс жанчын-эмігрантак. Так, прадстаўнік Ватыкана паведаміў, што сярод 43 млн асоб, якія пакінулі свае дамы з-за войнаў і незахавання правоў чалавека, 80% складаюць жанчыны. У надзеі на лепшую будучыню для сваіх дзяцей і сем’яў яны ўцякаюць са сваіх краін, ратуючыся ад канфліктаў, голаду і стыхійных бедстваў. Кардынал Вэльё падкрэсліў, што эмігранткі штодзённа сустракаюцца з небяспекай насілля, сексуальнага рабства і іншых злачынстваў. Кардынал заклікаў міжнародную супольнасць прыкладаць больш намаганняў для забеспячэння эмігранткам доступу да прадметаў першай неабходнасці, жылля і медабслугоўвання. Як паведамляе Ватыканскае радыё, іерарх паведаміў, што ў апошні час Касцёл пашырыў дапамогу эмігрантам у сувязі з глабальным крызісам. Існуюць структуры, якія былі створаны і працуюць выключна для бежанцаў. |