Кардынал Кох: візіт Папы ў Ліван — нагода да паглыблення адносінаў з Праваслаўнымі Цэрквамі |
Святы Айцец |
22.09.2012 23:08 |
«Падчас папскага візіту ў Ліван увага канцэнтравалася найперш на адносінах з ісламам. Аднак гэта была таксама нагода да паглыблення экуменічных адносінаў з Праваслаўнымі Цэрквамі», — адзначыў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Як падкрэсліў іерарх у інтэрв’ю ватыканскай газеце «L’Osservatore Romano», візіт Святога Айца ў Ліван быў важным крокам у кірунку еднасці Касцёла. Атмасфера сустрэч з праваслаўнымі, дадаў кардынал Кох, была сапраўды вельмі сардэчнай, і з’явіліся новыя ініцыятывы: напрыклад, плануюцца сустрэчы праваслаўных лідараў, на якіх адбудзецца разважанне над Апостальскай адгартацыяй «Касцёл на Блізкім Усходзе». Старшыня ватыканскага ведамства перасцярог таксама перад наіўным перакананнем, што мадэль супольнага жыцця хрысціян і мусульман у Ліване можна «экспартаваць» у іншыя краіны Блізкага Усходу, бо Ліван — свецкая дзяржава, у той час як у іншых дзяржавах рэгіёну пануе тэакратыя. Аднак, падкрэсліў кардынал, Ліван можа быць узорам у гэтым плане. (AG) |