Біскупы арабскіх краін абмеркавалі праблемы евангелізацыі на Блізкім Усходзе |
21.09.2012 11:56 |
У сталіцы Іарданіі Амане завяршылася двухдзённае пасяджэнне каталіцкіх біскупаў арабскіх краін. Цэнтральнай тэмай сустрэчы была новая евангелізацыя ў святле Апостальскай адгартацыі «Касцёл на Блізкім Усходзе», якую перадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас паездкі ў Ліван. Удзельнікі пасяджэння абмеркавалі таксама візіт Папы ў Ліван і падрыхтоўку дакумента «Instrumentum laboris» да Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі, які адбудзецца ў кастрычніку. У ходзе сустрэчы арцыбіскуп Фуад Туаль, старшыня Канферэнцыі Біскупаў арабскіх краін, падкрэсліў пільную патрэбу фармацыі вызнаўцаў Хрыста. «Вернасць Хрысту і Яго Касцёлу, камунія і братэрства» — гэта, па словах лацінскага Патрыярха Іерусаліма, душпастырскія мэты Касцёла на Блізкім Усходзе. Як адзначыў арцыбіскуп, праграма стварэння хрысціянскай ідэнтычнасці ў арабскім свеце павінна ўключаць чатыры задачы: вяртанне да ўзораў веры першай супольнасці хрысціян, актуалізацыя абвяшчэння Евангелля ў перспектыве нашага часу, аналіз новых метадаў абвяшчэння веры і веданне новых умоваў евангелізацыі ў святле змен, выкліканых «арабскай вясной». (AG) |