Бэнэдыкт XVI да прадстаўнікоў Папскіх акадэмій: мастацтва можа выражаць прыгажосць веры |
Святы Айцец |
21.11.2012 22:37 |
Свет мастацтва можа быць сведкам прыгажосці веры. Аб гэтым гаворыцца ў пасланні Святога Айца Бэнэдыкта XVI да ўдзельнікаў XVII пасяджэння Папскіх акадэмій, якое адбылося 21 лістапада ў Ватыкане. Сёлета яно прайшло пад назвай «Мастак, як Касцёл, сведка прыгажосці веры». Папскае пасланне агучыў на пасяджэнні Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал Тарчызіо Бэртонэ. У пачатку дакумента Пантыфік павіншаваў кіраўніцтва і членаў нядаўна створанай Папскай акадэміі лацінскай мовы, адзначыўшы, што хацеў такім чынам зрабіць лацінскую мову больш вядомай і ўжыванай як у Касцёле, так і ў навучальных установах. Святы Айцец пажадаў акадэміі плённай дзейнасці і перадачы культурнай спадчыны новым пакаленням. Папа нагадаў, што, адкрываючы Год веры, уручыў дакументы Другога Ватыканскага Сабору па прыкладзе Паўла VI прадстаўнікам розных сфер, у тым ліку сферы мастацтва. Гэтыя дакументы «сінтэзуюць шлях, распачаты Касцёлам ХХ стагоддзя (…), каб ажывіць дыялог са светам мастацтва, які ўсё больш аддаляецца ад гарызонту сведчання веры». (AG) |