Апублікаваны дакумент Святога Айца пра абавязкі біскупаў у сферы дабрачыннай дзейнасці Касцёла |
Святы Айцец |
01.12.2012 15:38 |
Абавязкам біскупаў у сферы дабрачыннай дзейнасці Касцёла прысвяціў новы дакумент папа Бэнэдыкт XVI. Ён апублікаваны 1 снежня ў форме «motu propriо» пад назвай «Intima Ecclesia natura» — «Унутраная натура Касцёла». Як інфармуе Ватыканскае радыё, у дакуменце Пантыфік даў некаторыя ўказанні, якімі павінны кіравацца дабрачынныя ўстановы, арганізаваныя касцёльнымі ўладамі, інстытутамі кансэкраванага жыцця і таварыствамі апостальскага жыцця, а таксама тыя, якія паўсталі па ініцыятыве вернікаў. Папа падкрэсліў, што дабрачынная дзейнасць, як і абвяшчэнне Божага слова і цэлебрацыя сакрамэнтаў, павінна адбывацца пад наглядам біскупа. Таму дакумент у большай частцы прысвечаны менавіта адказнасці біскупаў у гэтай сферы. Сярод заданняў іерархаў Святы Айцец вылучае неабходнасць сачыць за дзейнасцю дабрачынных арганізацый, якія ім падпарадкоўваюцца ці дзейнічаюць у Касцёле, клапаціцца аб каталіцкай ідэнтычнасці гэтых арганізацый, аб тым, каб іх дзейнасць не супярэчыла навучанню Касцёла. Пантыфік кажа таксама пра неабходнасць тэалагічнай і душпастырскай падрыхтоўкі персанала і таго, каб каталіцкія дабрачынныя арганізацыі дзейнічалі ў адпаведнасці з грамадзянскімі законамі. (AG) |