Пытанні Бога і чалавека, які шукае сэнс жыцця і мір у свеце, дзе пануюць канфлікты, — «чырвоная нітка» прамоваў Святога Айца на працягу апошніх тыдняў. Аб гэтым піша ў газеце Апостальскай Сталіцы «L’Osservatore Romano» яе рэдактар Джаванні Марыя Віян.
Па словах журналіста, канец года з’яўляецца для Папы нагодай, каб звярнуцца да вернікаў і ўсяго свету. Бэнэдыкт XVI, падкрэслівае Віян, імкнецца казаць сучаснаму чалавеку пра пытанне Бога. Гэтая тэма гучала ў прамовах Пантыфіка да Рымскай Курыі, у гаміліі на Божае Нараджэнне, у пасланні «Urbi et Orbi», у звароце да ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы моладзі, у гаміліі падчас удзялення біскупскай сакры 6 студзеня.
«Біскуп Рыма добра ведае і паўтарае, што забыццё пра Бога (…) нараджае насілле», — піша Джаванні Марыя Віян. У гэтым кантэксце Папа часта нагадвае пра рэлігійны фанатызм, пра пакуты Сірыі і неабходнасць міру для ізраільцян і палесцінцаў.
Вялікую ўвагу, як адзначае рэдактар газеты, Пантыфік прысвячае Афрыцы, пра якую часта забываюць міжнародныя сродкі масавай інфармацыі. Святы Айцец нагадвае і пра іншыя дзве падзеі, недастаткова асветленыя ў СМІ: падпісанне «Сумеснага паслання народам Расіі і Польшчы» Патрыярхам Кірылам і арцыбіскупам Юзафам Міхалікам і пагадненне аб міры на Філіпінах.
Для Папы вельмі важныя таксама павага да жыцця кожнага чалавека, пытанні эўтаназіі, абортаў, свабоды веравызнання, — дадае Віян. А сінтэзам усяго гэтага можна назваць словы св. Ірынея: «Хвала Бога — гэта жывы чалавек». (AG)
|