З нагоды інаўгурацыі новага судовага года ў Трыбунале Рымскай Роты, якая прайшла 26 студзеня, папа Бэнэдыкт XVI сустрэўся з супрацоўнікамі гэтай установы Святога Пасаду. У звароце да іх Святы Айцец закрануў некаторыя аспекты сувязі паміж верай і сакрамэнтам сужэнства.
Як інфармуе Ватыканскае радыё, Пантыфік падкрэсліў, што «крызіс веры (...) нясе з сабой таксама крызіс сужэнскага саюзу, з усімі пакутамі і разбуральнасцю, якія ён прычыняе дзецям». Бэнэдыкт XVI нагадаў, што, хоць для сапраўднасці сакрамэнту сужэнства паміж мужчынам і жанчынай іх асабістая вера не з’яўляецца першаўмовай, а галоўную ролю адыгрывае «інтэнцыя рабіць тое, што робіць Касцёл», — на думку Святога Айца, немагчыма цалкам раздзяляць гэтыя два аспекты. Папа заклікаў касцёльных суддзяў глыбей паразважаць аб гэтай праблеме.
Іншае пытанне, на якое звярнуў увагу Пантыфік, — распаўсюджанае сёння скептычнае стаўленне да здольнасці чалавека будаваць сувязі на ўсё жыццё. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што нярэдка гэтыя сувязі лічацца абмежаваннем для свабоды і самарэалізацыі чалавека. Часткай распаўсюджанай ментальнасці «з’яўляецца меркаванне, што чалавек становіцца самім сабой, застаючыся „незалежным” і ўваходзячы ў кантакт з іншымі толькі праз адносіны, якія можна закончыць у любы момант». Аднак, паводле Папы, магчымасць злучаць сябе непарыўнай сувяззю з іншымі з’яўляецца глыбокай чалавечай адметнасцю, а зразумець гэта дапамагае вера.
Трэці аспект, на якім засяродзіўся Бэнэдыкт XVI, — важнасць веры для аўтэнтычнай рэалізацыі «сужэнскага дабра», якое заключаецца ў пастаянным жаданні дабра бліжняму — у любові. «Толькі праз полымя любові Евангелле не застаецца простым словам, але становіцца жыццёвай рэальнасцю», — сказаў Святы Айцец.
(AG)
|