Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа нагадаў пра ахвяр халакосту і выпусціў з акна галубоў міру
Святы Айцец
27.01.2013 15:58

Пасля малітвы «Анёл Панскі» 27 студзеня Святы Айцец нагадаў, што сёння ва ўсім свеце адзначаецца Дзень памяці ахвяр халакосту. «Памяць аб гэтай страшнай трагедыі, якая вельмі моцна ўдарыла па яўрэйскім народзе, павінна быць пастаянным напамінам усім, каб не дапусціць паўтарэння жахаў мінулага, не прымаць ніякай формы нянавісці і расізму і падтрымліваць імкненні да павагі і годнасці чалавека», — сказаў Папа.

1 лістапада 2005 г. Генеральная Асамблея ААН прыняла рэзалюцыю, у якой пастанавіла, што 27 студзеня будзе штогод адзначацца як Міжнародны дзень памяці ахвяр халакосту – масавага знішчэння нацыстамі яўрэйскага насельніцтва Еўропы, якое ў 60% падвергнулася пераследу і знішчэнню ў Германіі і на захопленых ёю тэрыторыях у 1933–1945 гадах. З 1953 г. Ізраіль прысуджае людзям, якія дапамагалі яўрэям у гады халакосту, ганаровае званне Праведніка народаў свету. На сённяшні дзень налічваецца каля 15 тысяч такіх людзей, у тым ліку каталіцкія біскупы, святары, кансэкраваныя асобы.

Таксама, як інфамуе Ватыканскае радыё, па традыцыі ў апошнюю нядзелю студзеня Бэнэдыкт XVI пасля малітвы разам з дзяўчынкай з рымскага дзіцячага аддзялення руху «Каталіцкая акцыя» выпусціў з акна Апостальскага палаца галубоў міру. Папа нагадаў, што галубы — «сімвал Божага Духа, што дае мір тым, хто сардэчна прымае Яго любоў».

Штогод Пантыфік сустракаецца з дзецьмі, якія арганізуюць і ўдзельнічаюць у «Караване міру» — ініцыятыве, якая мае на мэце наладжванне адносін паміж асацыяцыямі і мясцовымі органамі ўлады. Святы Айцец заклікаў сабраных на плошчы перад ватыканскай базылікай дзяцей быць будаўнікамі міру там, дзе яны жывуць і вучацца.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме