Кім быў папа Францішак: гісторыя жыцця Пантыфіка |
Святы Айцец
|
14.03.2013 08:43 |
Папа Францішак з’яўляецца першым езуітам і першым лацінаамерыканскім Папам у гісторыі Касцёла. Яго выбар нясе ў сабе новую рэчаіснасць: прынамсі ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы сёння жыве амаль палова ўсіх католікаў у свеце.
Будучы Пантыфік нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе ў сям’і італьянскіх эмігрантаў. Да выбрання Папам Хорхе Марыа Берголіа з’яўляўся арцыбіскупам Буэнас-Айрэса і меў як аргенцінскае, так і італьянскае грамадзянства.
Хімік па адукацыі, Хорхе Марыа Берголіа ўвабраў у сябе і здольнасці да кулінарыі. Кажуць, гэта перадалося яму ў спадчыну ад маці. Ён аматар оперы і грэчаскіх класікаў, сярод любімых пісьменнікаў новаабранага Пантыфіка — Шэкспір і Дастаеўскі. Добры плывец, нягледзячы на тое, што з дзіцячых гадоў меў праблемы з лёгкімі.
Пасля атрымання дыплома хіміка-інжынера Хорхе Марыа Берголіа вырашае прысвяціць сябе служэнню Богу і ўступае ў Ордэн езуітаў. Вывучаючы філасофію і тэалогію, будучы Пантыфік паралельна выкладаў літаратуру і псіхалогію. Пасля складання вечных шлюбаў у 1969 годзе неўзабаве яго выбіраюць правінцыялам езуітаў Аргенціны.
Гэты час супаў з часамі ваеннай дыктатуры ў Аргенціне (1976-1983). З 1980 па 1986 гг. Берголіа быў рэктарам Тэалагічнага ўніверсітэта ў Сан-Мігеле. Каб скончыць працу над доктарскай дысертацыяй у 1985 годзе Хорхе Марыа прыязджае ў Германію — і з гэтага часу да ведання іспанскай і італьянскай дадаецца таксама і нямецкая мова.
З 1992 года па 1997 гг. Хорхе Марыа Берголіа — дапаможны біскуп Буэнас-Айрэса, а з лютага 1998-га — арцыбіскуп архідыяцэзіі з цэнтрам у Буэнас-Айрэсе. З 2001 года ўваходзіць у Калегію кардыналаў. З лістапада 2005 па 2011 біскуп Берголіа з’яўляўся старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Аргенціны.
Біскуп Берголіа лічыўся немедыйным біскупам і з’яўляўся сапраўдным прыкладам сціпласці. Замест біскупскай рэзідэнцыі ён аддаваў перавагу звычайнай кватэры. Ён сам хадзіў у супермаркет за пакупкамі, любіў доўгія прагулкі па родным горадзе і ахвотна ездзіў аўтобусам замест таго, каб ехаць у адмысловым біскупскім лімузіне.
Тэалагічна больш умераны і адкрыты для дыялога, да гэтага часу Бергольё лічыўся сарамлівым, аднак блізкім да людзей. Яго словы ў традыцыйна каталіцкай Аргенціне мелі сваю вагу. На Каляды і Вялікдзень ён наведваў шпіталі для бедных дзяцей або турмы, мыў хворым або зняволеным ногі. Яго аскетычнае жыццё суайчыннікі апісваюць з аднаго боку як дзіўнаватае, а з другога — як захапляючае.
Аднак сваю мэту — прымірэнне паміж усімі сацыяльнымі групамі ў Аргенціне пасля перамогі над дыктатурай — Хорхе Марыа Берголіа як ужо былы арцыбіскуп Буэнас-Айрэса павінен пакінуць свайму пераемніку. Папу Францішка чакаюць зусім іншыя задачы.
Паводле партала katholisch.de
(JLS)
|