Асноўныя даты біяграфіі папы Францішка |
Святы Айцец
|
14.03.2013 12:45 |
Кардынал Хорхе Марыа Берголіа, арцыбіскуп Буэнас-Айрэса (Аргенціна), нарадзіўся ў гэтым горадзе 17 снежня 1936 г. Атрымаў дыплом хіміка, але потым абраў святарства і паступіў у семінарыю Вілья Дэвота.
11 сакавіка 1958 г. уступіў у навіцыят Таварыства Езуса, пасля завяршыў гуманітарную адукацыю ў Чылі і ў 1963 г., вярнуўшыся ў Буэнас-Айрэс, абараніў ліцэнцыят па філасофіі ў каледжы Св. Юзафа.
У 1964–1965 гг. выкладаў літаратуру і псіхалогію ў каледжы Беззаганнай Панны ў Санта-Фэ, у 1966 г. выкладаў тыя ж дысцыпліны ў каледжы Збаўцы ў Буэнас-Айрэсе.
У 1967–1970 гг. вывучаў тэалогію ў вышэйшым каледжы Св. Юзафа ў Сан-Мігелі, дзе абараніў дыплом.
13 снежня 1969 г. атрымаў святарскае пасвячэнне.
22 красавіка 1973 г. склаў вечныя манаскія абяцанні.
Быў настаўнікам навіцыяту ў Вілья Барыялі, Сан-Мігелі, выкладчыкам на факультэце тэалогіі, кансультантам правінцыі і рэктарам вышэйшага каледжа. 31 ліпеня 1973 г. быў абраны правінцыяльным настаяцелем Аргенціны, гэтую пасаду займаў 6 гадоў.
У 1980–1986 гг. быў рэктарам вышэйшага каледжа і факультэта філасофіі і тэалогіі семінарыі Св. Юзафа і пробашчам парафіі Патрыярха Св. Юзафа ў дыяцэзіі Сан-Мігель.
У сакавіку 1986 г. накіраваўся ў Германію, каб завяршыць доктарскую дысертацыю.
20 мая 1992 г. папа Ян Павел ІІ прызначыў яго тытулярным біскупам Аука і дапаможным біскупам Буэнас-Айрэса. 27 чэрвеня таго ж года атрымаў біскупскую сакру.
3 чэрвеня 1997 г. прызначаны арцыбіскупам-каад’ютарам Буэнас-Айрэса, а 28 лютага 1998 г. — арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|