Ксёндз Ламбардзі: Папа думае аб неабходнасці служыць Касцёлу з вялікай прастатой |
Святы Айцец |
14.03.2013 12:52 |
Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі падкрэсліў, што выбар папы Францішка з’яўляецца «абсалютна радыкальным адказам» на размовы аб уладзе ў Касцёле. «Гэта выбар адмаўлення ад улады», — сказаў прадстаўнік Святога Пасаду. Святар падкрэсліў, што пакліканне на Пасад св. Пятра папа Францішак прыняў, думаючы аб неабходнасці служыць Касцёлу з вялікай прастатой і ўніверсальнасцю. «Гэта цудоўная рэч і характарыстыка езуіцкай духоўнасці: глядзець на Паўсюдны Касцёл і патрэбы Паўсюднага Касцёла. Святы Ігнацый нас фарміраваў менавіта для таго, каб мы мелі вельмі шырокі погляд на свет, уражліва прымалі выклікі і патрэбы свету, у якім жывем, і бачылі служэнне веры і справядлівасці ў якасці вялікага дару, які можам даць нашым сучаснікам», — сказаў кіраўнік Прэс-службы, згадваючы пра прыналежнасць Папы да Ордэна езуітаў. (AG) |