Прэс-служба Апостальскай Сталіцы пра першыя гадзіны Пантыфікату папы Францішка |
Святы Айцец |
14.03.2013 20:23 |
Гаворачы пра падзеі вечара 13 сакавіка, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі адзначыў, што падчас выказвання кардыналамі павагі і паслухмянасці новаабранаму Пантыфіку ў Сікстынскай капэле папа Францішак стаяў, а не сядзеў, як гэта адбывалася на мінулых канклавах. Таксама святар паведаміў, што імя новага Папы пішацца «Францішак», а не «Францішак І». Як інфармуе Ватыканскае радыё, падчас брыфінгу ў Апостальскай Сталіцы кс. Ламбардзі нагадаў, што Папа з’явіўся на балконе лоджыі ватыканскай базылікі ў простай белай сутане без чырвонай пелерыны і з крыжам, які насіў яшчэ будучы біскупам. Пасля ўдзялення благаслаўлення «Urbi et Orbi» Святы Айцец паехаў у Дом св. Марты ў аўтобусе разам з кардыналамі, а не ў асобнай машыне, якая была для яго падрыхтавана. Падчас святочнай вячэры, звяртаючыся да іерархаў, ён пажартаваў, кажучы пра сваё абранне: «Няхай Бог вам прабачыць тое, што вы зрабілі». (AG) |