Папа заахвоціў аргенцінцаў не ехаць на яго інтранізацыю, а аддаць грошы бедным |
Святы Айцец |
15.03.2013 16:06 |
Папа Францішак заахвоціў аргенцінскіх католікаў не прыязджаць у Рым на цырымонію яго інтранізацыі, а замест гэтага грошы аддаць бедным. Аб гэтым гаворыць Апостальскі Нунцый у Аргенціне арцыбіскуп Эміль Пауль Тшэрыг у пасланні да вернікаў краіны. «Замест таго, каб ехаць 19 сакавіка ў Рым на святкаванне пачатку Пантыфікату свайго суайчынніка, варта было б ахвяраваць гэтыя грошы найбольш патрабуючым», — гаворыцца ў пасланні, якое цытуе агенцтва «Интерфакс». У дакуменце дадаецца, што Папа «сардэчна дзякуе ўсім вернікам Аргенціны за прысвечаныя яму малітвы, а таксама за праяўленыя да яго цеплыню і любоў». Італьянскае выданне звяртае ўвагу на сціплае, мінімалісцкае ўбранне новага Пантыфіка. Між іншым, гаворыцца, што падчас сваёй першай Імшы 14 сакавіка папа Францішак быў у звычайных чорных ботах, а не ў чырвоных папскіх. (AG) |