Прэс-служба Апостальскай Сталіцы пра інаўгурацыю папы Францішка |
Святы Айцец
|
15.03.2013 21:18 |
Папа Францішак яшчэ не прыняў рашэння наконт папскага герба. Пра гэта паінфармаваў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Святар паведаміў таксама, што Пантыфікам яшчэ не былі вернуты на свае пасады кіраўнікі ведамстваў Рымскай Курыі, якія пакінулі свае функцыі з заканчэннем Пантыфікату Бэнэдыкта XVI.
Па словах кс. Ламбардзі, інгрэс Папы ў базыліку св. Яна на Латэране (катэдру дыяцэзіі Рыма) адбудзецца пасля Вялікадня, калі Пантыфік не вырашыць інакш.
Святар падкрэсліў, што Апостальская Сталіца не запрашае спецыяльна на інаўгурацыю новаабранага Папы, а толькі інфармуе ўсіх аб гэтай падзеі. У той жа час, адзначыў прадстаўнік Ватыкана, Святы Пасад будзе рады вітаць усе дэлегацыі, у тым ліку дзяржаў, якія не падтрымліваюць дыпламатычных адносінаў з Апостальскай Сталіцай.
Ксёндз Ламбардзі, словы якога прыводзіць польская рэдакцыя Ватыканскага радыё, дадаў, што ў гэтыя дні ў Ватыкан прыходзіць мноства віншаванняў, і Святы Айцец вельмі ўдзячны за іх. Вялікую радасць прынесла яму пасланне Галоўнага рабіна Рыма, за якое Папа падзякаваў яму асабіста. Кіраўнік Прэс-службы адзначыў, што кардынал Берголіа меў вельмі добрыя зносіны з іўдзейскай супольнасцю ў Аргенціне. (AG)
|