На інаўгурацыю Папы прыбудуць дэлегацыі прыблізна 180 дзяржаў |
Святы Айцец
|
16.03.2013 17:02 |
Плануецца, што на цырымонію інаўгурацыі новаабранага папы Францішка прыбудуць у Апостальскую Сталіцу дэлегацыі прыблізна 180 дзяржаў. Літургія з гэтай нагоды распачнецца на плошчы Св. Пятра 19 сакавіка, ва ўрачыстасць св. Юзафа, у 9.30 па італьянскім часе.
15 сакавіка на сустрэчы з журналістамі кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі адзначыў, што Ватыкан не запрашае спецыяльна на інаўгурацыю Папы, а толькі інфармуе ўсіх аб гэтай падзеі. У той жа час Святы Пасад будзе рады вітаць усе дэлегацыі, у тым ліку дзяржаў, якія не падтрымліваюць дыпламатычных адносінаў з Апостальскай Сталіцай.
Сам новаабраны Пантыфік заахвоціў аргенцінцаў аддаць грошы бедным замест таго, каб ехаць у Рым на яго інаўгурацыю. «Замест таго, каб ехаць 19 сакавіка ў Рым на святкаванне пачатку Пантыфікату свайго суайчынніка, варта было б ахвяраваць гэтыя грошы найбольш патрабуючым», — гаворыцца ў пасланні Апостальскага Нунцыя ў Аргенціне арцыбіскупа Эміля Пауля Тшэрыга да вернікаў краіны. (AG)
|