Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Крыжовы шлях у Рымскім калізеі
Слова Папы
03.04.2010 00:57

2 красавіка 2010 г., у Вялікую пятніцу, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI узначаліў набажэнства Крыжовага шляху ў Рымскім калізеі. Вашай увазе прапануем разважанні і малітвы, прачытаныя падчас гэтага набажэнства.

УЗНАЧАЛЕНЫ СВЯТЫМ АЙЦОМ БЭНЭДЫКТАМ  XVI
Вялікая пятніца 2010

РАЗВАЖАННІ І МАЛІТВЫ
Яго Эмінэнцыі Кардынала Камілло Руіні
Заслужанага Генеральнага вікарыя Рымскай дыяцэзіі

 

УСТУП

СПЕЎ

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

МЕДЫТАЦЫЯ

Калі Апостал Філіп папрасіў: «Пане, пакажы нам Айца», Езус адказаў: «Столькі часу я з вамі, і ты не ведаеш Мяне...? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца» (Ян 14, 8–9). У гэты вечар, суправаджаючы ў нашых сэрцах Езуса, які ідзе пад цяжарам крыжа, не будзем забываць гэтыя Яго словы. Нават калі нясе крыж, нават калі памірае на крыжы, Езус з’яўляецца Сынам, які ўтварае адзінства з Богам Айцом. Гледзячы на Яго твар, знявечаны ўдарамі, стомай, унутранымі пакутамі, мы бачым аблічча Айца. Больш таго, менавіта ў гэты момант Божая хвала, Божае святло — надзвычай яскравае для вачэй чалавека! — становіцца заўважальным на твары Езуса. У гэтай беднай істоце, якую Пілат паказаў юдэям з надзеяй абудзіць у іх міласэрнасць, праз словы «Вось чалавек» (Ян 19, 5) адкрываецца сапраўдная веліч Бога, тая таямнічая веліч, якую ніводны чалавек не мог сабе ўявіць.

Аднак ва ўкрыжаваным Езусе выяўляецца таксама іншая веліч: наша веліч, веліч, якая належыць кожнаму чалавеку і вынікае з факту валодання абліччам і сэрцам чалавека. Святы Антоній Падуанскі піша: «Хрыстус, які з’яўляецца тваім жыццём, вісіць перад табою ўкрыжаваны. Паглядзі на крыж, як у люстэрка… Гледзячы на Яго, можаш усвядоміць сабе, якая вялікая твая годнасць… твая вартасць… Ні ў якім іншым месцы чалавек не можа ўбачыць, чаго ён варты, як толькі гледзячы ў люстэрка крыжа» (Sermones Dominicales et Festivi III, ст. 213–214). Так, Езус, Сын Божы, памёр за цябе, за мяне, за кожнага з нас, і такім чынам даў нам канкрэтны доказ таго, наколькі вялікімі і каштоўнымі мы з’яўляемся ў вачах Бога, у адзіных вачах, якія пераўзыходзяць усё бачнае  і бачаць сутнасць рэчаў у поўнай меры.

Прымаючы ўдзел у Крыжовым шляху, мы просім Бога даць і нам Яго бачанне праўды і любові, каб, з’яднаўшысчя з Ім, мы сталі вольнымі і чынілі дабро.

Святы Айцец:
У Імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Амэн.

Святы Айцец:
Молімся.
(Хвіліна цішыні).

Пане, Божа Ойча ўсемагутны,
Ты ўсё ведаеш;
Ты бачыш велізарную патрэбу Цябе, утоеную ў нашых сэрцах.
Дай кожнаму з нас пакору, каб распазнаць гэтую патрэбу,
Вызвалі наш розум ад патрабаванняў,
Памылковых і часта несур’ёзных,
Каб запанавала таямніца, якая агортвае нас з усіх бакоў.
Вызвалі нас ад саманадзейнасці,
Наіўнай і неабгрунтаванай,
Што можам самі будаваць уласнае шчасце
І вызначасць сэнс нашага жыцця.
Зрабі глыбокім і шчырым наш унутраны позірк,
Так, каб без крывадушнасці маглі распазнаць зло,
Якое знаходзіцца ўнутры нас.
Дай нам таксама
У святле крыжа і ўваскрасення Твайго адзінага Сына
Упэўненасць, што, з’яднаныя з Табой і падтрыманныя Табой,
Зможам таксама і мы перамагчы зло дабром.
Пане Езу,
Дапамажы нам, шчыра прагнучы гэтага, ісці за Тваім крыжом.

Амэн.

(Хвіліна цішыні).

СТАЦЫЯ ПЕРШАЯ
Езус асуджаны на смерць

 

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Яна. 19, 6–7. 12. 16

Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: «Укрыжуй, укрыжуй!» Сказаў ім Пілат: «Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны». Юдэі адказалі яму: «Мы маем Закон, і паводле Закону Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Сынам Божым». Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: «Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара! Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара». Тады ён выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне. І ўзялі Езуса.

МЕДЫТАЦЫЯ

Чаму Езус, які «хадзіў, робячы дабро», быў асуджаны на смерць? (пар. Дз 10, 38) Гэтае пытанне будзе суправаджаць нас на працягу Крыжовага шляху, як і ідзе з намі на працягу ўсяго жыцця.  

Адказ на гэтае пытанне знаходзім у Евангеллі: смерці Езуса патрабавалі лідэры габрэяў, бо зразумелі, што Езус лічыў сябе Сынам Бога. У Евангеллі таксама знаходзім прычыну, якую габрэі выкарысталі для таго, каб атрымаць ад Пілата прысуд для Хрыста: Езус прэтэндаваў быць каралём гэтага свету, каралём юдэяў.

Аднак за гэтымі адказамі адкрываецца бездань, на якую звяртае нашу ўвагу Евангелле і ўсё Святое Пісанне: Езус памёр за нашы грахі. І што найбольш важна, памёр за нас, таму што Бог узлюбіў нас да такой ступені, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб мы маглі мець жыццё (пар. Ян 3, 16-17).

Варта шчыра паглядзець углыб сябе: на зло і на грэх, якія ёсць у нас. Варта паглядзець на сябе ў праўдзе, не спрабуючы ігнараваць тое, што не адпавядае Божым запаведзям. Яшчэ больш мы павінны скіроўваць позірк на Бога, багатага ў сваёй міласэрнасці, які назваў нас сваімі сябрамі (пар. Ян 15, 15). Такім чынам, Крыжовы шлях і ўся дарога жыцця  становяцца шляхам пакаяння, болю і навяртання, але таксама шляхам падзякі, веры і радасці.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Маці ў смутку стаяла
каля Крыжа ў слязах,
на якім яе Сын канаў.

СТАЦЫЯ ДРУГАЯ
Езус бярэ крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Мацвея 27, 27–31

А жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. І распрануўшы Яго, надзелі на Яго пурпуровы плашч. І сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: «Вітай, кароль Юдэйскі!» І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі насмяяліся [з Яго], знялі з Яго плашч і апранулі ў Ягоную вопратку, і павялі на ўкрыжаванне.

З Евангелля паводле св. Яна 19, 17

І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам Чэрапа, што па-габрэйску Галгота.

МЕДЫТАЦЫЯ

За асуджэннем наступае прыніжэнне. Тое, што жаўнеры чыняць з Езусам, здаецца бесчалавечным. І гэта сапраўды так: мы бачым жахлівую жорсткасць жаўнераў, якая праяўляецца праз насмешкі і пагарду, бачым абыякавасць да фізічных пакут, якія чалавек, асуджаны на жудасную смерць на крыжы, зведвае незаслужана. Аднак, у той жа час, паводзіны жаўнераў, на жаль, з’яўляюцца занадта чалавечымі. Тысячы старонак гісторыі чалавецтва і штодзённыя навіны пацвярджаюць, што дзеянні такога роду не з’яўляюцца чужымі чалавеку. Апостал Павел выразна акрэсліў гэты парадокс: «Я ведаю,… што ўва мне, … у целе маім не жыве добрае. …Бо добрае, якое хачу, не раблю, а благое, якое не хачу, раблю» (пар. Рым 7, 18–19).

І гэта менавіта так і ёсць: у нашай свядомасці ззяе святло дабра, святло, якое ў шматлікіх выпадках становіцца відавочным, і якому, на шчасце, мы дазваляем кіраваць намі ў нашых рашэннях. Але часта здараецца адваротнае: гэтае святло зацямняецца крыўдамі, ганебнымі жаданнямі, скажэннем сэрца. І тады мы становімся жорсткімі, здольнымі на  дрэнныя ўчынкі, нават на ўчынкі неверагодныя.

Пане Езу, я — адзін з тых, якія здзекаваліся і забівалі Цябе. Сапраўды, Ты сказаў: «Усё, што вы ўчынілі аднаму з братоў маіх меншых, тое мне ўчынілі» (Мц 25, 40–45). Пане Езу, прабач мне.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Яе душу, што стагнала
ў цярпеннях і пакутах,
прабіў меч.

СТАЦЫЯ ТРЭЦЯЯ
Езус падае першы раз.


Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З кнігі прарока Ісаі 53, 4–6

Ён узяў на сябе цярпенні нашыя  і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне свету нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе. Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны.

МЕДЫТАЦЫЯ

Евангелле не кажа нам пра падзенні Езуса пад крыжом, але, згодна са старажытнай традыцыяй, гэта цалкам верагодна. Мы не павінны забываць, што, перш чым на Езуса ўсклалі крыж, Ён па загаду Пілата быў бічаваны. Пасля ўсяго таго, што Езус зведаў, пачынаючы ад ночы ў садзе Аліўным, Ён практычна не меў сіл.

Перш чым спыніцца над больш глыбокімі і ўнутранымі аспектамі Мукі Хрыста, задумаемся, які моцны фізічны боль Ён перанёс! Боль велізарны і жудасны, да апошняга ўздыху на крыжы, боль, ад якога не можа не быць страшна.

Фізічныя пакуты, дзякуючы сучасным тэхнічным дасягненням, разнастайным метадам, анестэзіі і іншым відам абязбольвання, прасцей перамагчы ці хаця б паменшыць. Хоць з-за шматлікіх прычын — ці прыродных, ці з-за чалавечага фактару — у свеце па-ранейшаму застаецца велізарная колькасць фізічных пакут.

Тым не менш, Езус не адмовіўся ад фізічнага болю, і такім чынам увайшоў у салідарнасць з усёй чалавечай сям’ёй, асабліва з той яе вялікай часткай, жыццё якой і сёння адзначаецца фізічным болем. Узгадваючы, як Езус падаў пад крыжам, з пакорай папросім у Яго аб мужнасці, каб быць салідарнымі з пакутуючымі не толькі на словах, папросім, каб пашырыў занадта вузкія прасторы нашых сэрцаў.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Якой жа засмучанай і журботнай
Была яна, благаслаўлёная
Маці Адзінароднага!


СТАЦЫЯ ЧАЦВЁРТАЯ
Езус сустракае сваю Маці

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Яна 19, 25–27

Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў Маці: «Жанчына, вось сын Твой». Потым сказаў вучню: «Вось Маці твая». І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

МЕДЫТАЦЫЯ

У Евангеллі не гаворыцца прама пра сустрэчу Езуса са сваёй Маці падчас Крыжовага шляху. Аднак узгадваецца аб прысутнасці Марыі пад крыжам Сына. З крыжа Езус звяртаецца да Яе і свайго ўзлюбленага вучня евангеліста Яна. Словы Езуса маюць непасрэдны сэнс: Ён даручае Марыю Яну, каб той клапаціўся пра яе. Аднак жа словы Яго маюць і больш глыбокі сэнс: пад крыжам Марыя была паклікана сказаць сваё «так» другі раз, як сказала ўжо падчас Звеставання, дзякуючы чаму стала Маці Езуса, і адчыніла такім чынам брамы нашаму збаўленню.

Праз гэта другое «так» Марыя становіцца Маці ўсіх нас, кожнага мужчыны і кожнай жанчыны, за якіх Езус праліў сваю кроў. Гэтае мацярынства з’яўляецца жывым знакам любові і міласэрнасці Бога да нас. І таму сувязь любові і даверу, якая яднае хрысціянскі народ з Марыяй з’яўляецца такой глыбокай і трывалай; таму міжволі мы звяртаемся да Яе, асабліва ў найбольш цяжкія абставіны нашага жыцця.

Марыя, аднак, заплаціла высокую цану за гэта сваё універсальнае мацярынства. Як прарочыў ёй Сімяон у ерузалемскай святыні: «Меч праб’е душу тваю...» (пар. Лк 2, 35).

Марыя, Маці Езуса і наша Маці, дапамажы нам адчуваць у нашых сэрцах гэтым вечарам і заўсёды гэтую поўную любові пакуту, якая з’яднала цябе з крыжам твайго Сына.  

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Як жа бедавала і цярпела
пабожная Маці, калі бачыла
Мукі праслаўленага Сына.

СТАЦЫЯ ПЯТАЯ
Сымон Кірынэец дапамагае Езусу несці Крыж

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Лукі. 23, 26

Калі павялі Яго, схапілі нейкага Сымона Кірынэйца, які вяртаўся з поля, і ўсклалі на яго крыж, каб нёс за Езусам.

МЕДЫТАЦЫЯ

Езус, напэўна, сапраўды знясілены, бо жаўнеры схапілі першага няшчаснага чалавека, якога сустрэлі, і загадалі яму несці крыж. Так і ў штодзённым жыцці: крыж у яго шматлікіх формах — хваробы ці няшчаснага выпадку, страты дарагога чалавека ці працы  — часта нечакана падае на нас. І мы ў гэтым бачым толькі няўдачу або, у горшых выпадках — трагедыю.  

Езус, аднак, сказаў сваім вучням: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, возьме крыж свой і ідзе за Мною» (Мф 16, 24). Гэта не проста словы. Больш таго, у рэальным жыцці гэта самыя цяжкія словы Евангелля. Уся наша сутнасць, усё ўнутры нас паўстае супраць гэтых словаў.  

Езус, тым не менш, працягвае казаць: «Хто хоча жыццё сваё зберагчы, згубіць яго; але хто згубіць уласнае жыццё дзеля Мяне, зберажэ яго» (Мф 16, 25). Спынімся на словах «дзеля Мяне». У іх змешчана усё: патрабаванне Езуса, усведамленне сябе самога і просьба, звернутая да нас. Езус стаіць у цэнтры ўсяго, Ён — Сын Божы, які ёсць адзінствам з Богам Айцом (Ян 10, 30), Ён — наш адзіны Збаўца (Дз 4, 12).

На самой справе, тое, што напачатку здавалася нам толькі няшчасцем ці няўдачай, нярэдка пазней аказваецца «адчыненай брамай» у нашым жыцці і прыносіць нам нашмат большае дабро. Аднак гэта не з’яўляецца заканамернасцю: колькі разоў у гэтым свеце няшчасці застаюцца проста балючымі стратамі. І тут у Езуса ізноў ёсць што нам сказаць. А дакладней, з Ён прамаўляе да нас праз здарэнне: пасля смерці крыжовай, ён уваскрос з памерлых, і з’яўляецца Уваскрослым, як першародны сярод шматлікіх братоў (пар. Рым 8, 29, 1Кар 15, 20). Такім чынам, крыж Езус не можа быць аддзелены ад Яго ўваскрасення. Толькі верачы ва ўваскрасенне мы можам асэнсавана прайсці Крыжовы шлях.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Хто б з людзей не заплакаў,
убачыўшы Маці Хрыста
ў такіх муках?

СТАЦЫЯ ШОСТАЯ
Вераніка выцірае твар Езусу

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З кнігі прарока Ісаі 53, 2–3

Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў ён ні хараства, ні прыгажосці; каб мы паглядзелі на яго, не меў ён выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў немачы, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.

МЕДЫТАЦЫЯ

Калі Вераніка выцірала Езусу хусткай твар, гэта было непрывабнае, знявечанае аблічча. Аднак, гэты твар не мог пакінуць абыякавым, гэты твар моцна ўражваў. Ён мог выклікаць насмешку і пагарду, але таксама спачуванне і нават любоў, жаданне прыйсці на дапамогу. Вераніка з’яўляецца сімвалам гэтых добрых пачуццяў.

Хоць і знявечаны твар Хрыста, тым не менш ён застаецца тварам Сына Божага. Гэта твар, знявечаны намі, велізарнай чалавечай злосцю. Але гэта таксама твар, знявечаны дзеля нас, які выражае любоў і дар Езуса, які з’яўляецца люстэркам бясконцай міласэрнасці Бога Айца.

Акрамя гэтага, у смутным твары Езуса мы бачым таксама велізарнае мноства чалавечых пакут. І такім чынам жэст спачування Веранікі становіцца для нас выклікам, тэрміновым заахвочваннем, просьбай — мяккай, але настойлівай — не адварочвацца ад пакутуючых, але скіраваць на іх свой позірк, на тых, хто блізка або далёка. І не проста паглядзець на іх, заўважыць, але і дапамагчы. Сённяшняшняе набажэнства Крыжовага шляху не будзе дарэмным, калі яго перажыванне прывядзе нас да канкрэтных жэстаў любові і дзейснай салідарнасці.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Хто ж не паспачувае
Маці Хрыста, гледзячы
на пакуты, якія яна цярпела разам з Сынам?

СТАЦЫЯ СЁМАЯ
Езус падае другі раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З кнігі Псальмаў 41, 6–10

Ворагі мае гавораць кепска пра мяне:
Калі ж ён памрэ і згіне ягонае імя?
А калі хтосьці прыходзіць наведаць мяне,
гаворыць няшчыра, сэрца ягонае напоўнена злом,
і калі выходзіць вонкі, то зласловіць.

Разам супраць мяне шэпчуцца ўсе, хто мяне ненавідзіць,
задумваюць зло супраць мяне:
Нейкае зло разлілося па ім
і, калі пакладзецца, то ўжо не ўстане.
Нават сябра мой, якому я верыў,
які еў хлеб мой, узняў на мяне пяту.

МЕДЫТАЦЫЯ

Ізноў Езус падае пад крыжам. Несумненна, Ён быў моцна знясілены, але быў таксама смяротна паранены — у самае сэрца. Ён адчуваў цяжар адмовы ад Яго тымі, хто з самага пачатку ўпарта супрацьстаялі Яго місіі. У рэшце рэшт, Ён адчуваў цяжар адмовы ад Яго з боку тых, хто здаваўся поўны захаплення і нават энтузіязму ў адносінах да Яго. Таму, гледзячы на святы горад, які ён так любіў, Езус усклікнуў: «Ерузалем, Ерузалем,… колькі раз я хацеў сабраць тваіх дзяцей, як птушка збірае птушанят сваіх пад крылы, а вы не захацелі!» (Мц 23, 37). Езус адчуваў жахлівы цяжар здрады Юды, адмовы вучняў ад Яго ў момант найвышэйшага выпрабавання, цяжар ад адрачэння Пятра, якое ён учыніў тройчы.

Добра ведаем, што абцяжарвала Езуса таксама незлічоная колькасць нашых грахоў, правінаў, якія на працягу стагоддзяў суправаджалі ўсю гісторыю чалавецтва.

Таму, просім Бога, з пакорай, але таксама з даверам: Айцец багаты ў міласэрнасці, дапамажы нам не рабіць яшчэ больш цяжкім крыж Езуса. Сапраўды, як напісаў Ян Павел ІІ, пятая гадавіна смерці якога прыпадае на сённяшні дзень: «Мера, ускладзеная на зло, творцам і ахвярай якога з’яўляецца чалавек, з’яўляецца ў канчатковым выніку Божай міласэрнасцю» (Памяць і самасвядомасць, с. 70).

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

За грахі свайго роду
бачыла яна Езуса ў муках
і незаслужана бічаванага.

СТАЦЫЯ ВОСЬМАЯ
Езус суцяшае ерузалемскіх жанчын

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Лукі  23, 27 – 29. 31

Ішло за Ім вялікае мноства людзей і жанчын, якія плакалі і галасілі па Ім. А Езус абярнуўся да іх і сказаў: «Дочкі ерузалемскія, не плачце па Мне, а плачце па сабе і па дзецях вашых, бо вось надыходзяць дні, калі скажуць: “Шчаслівыя бясплодныя і ўлонні, якія не радзілі, і грудзі, якія не кармілі!” Бо калі гэта робяць з зялёным дрэвам, то што будзе з сухім?».

МЕДЫТАЦЫЯ

Езус спачувае ерузалемскім жанчынам і ўсім нам. Езус, нават несучы крыж, застаецца чалавекам, тым, які шкадуе натоўп (пар. Мк 8, 2), які моцна плача над магілай Лазара (пар. Ян 11, 35), які абвясціў благаслаўлёнымі тых, якія плачуць, бо суцешаныя будуць (пар. Мц 5, 4).

Менавіта такім чынам Езус паказвае, што толькі Ён сапраўды ведае сэрца Бога Айца і што можа паказаць яго і нам: «Ніхто не ведае Айца, акрамя Сына, і каму Сын хоча адкрыць» (пар. Мц 11, 27).

З даўніх часоў чалавецтва, часта з трывогай, задумвалася над пытаннем, як жа на самой справе Бог ставіцца да нас: з правідэнцыяльным клопатам ці наадварот — з абыякавасцю ці нават з гневам і нянавісцю? На пытанне такога роду нельга даць адказ, зыходзячы толькі з рэсурсаў нашага розуму, вопыту ці з нашага сэрца.

Таму Езус — Яго жыццё і Яго слова, Яго крыж і Яго ўваскрасенне — з’яўляецца найважнейшай падзеяй у гісторыі ўсяго чалавечага, святлом, якое асвятляе наш лёс.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

О, Маці, крыніца любові!
Дай мне адчуць моц пакутаў
і смуткаваць разам з Табой.

СТАЦЫЯ ДЗЕВЯТАЯ
Езус падае трэці раз

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З другога паслання св. апостала Паўла да Карынцянаў 5, 19–21

Бог у Хрысце паяднаў з сабою свет, не зважаючы на грахі людзей, і даў нам слова паяднання. Таму ад імя Хрыста мы з’яўляемся пасланцамі як бы самога Бога, які заклікае праз нас. Ад імя Хрыста просім – паяднайцеся з Богам. Бо таго, хто не ведаў граху, Ён учыніў грахом замест нас, каб мы ў Ім сталіся справядлівасцю Божай.

МЕДЫТАЦЫЯ

Уся глыбіня і прычына шматлікіх падзенняў Езуса крыецца не толькі ў фізічных пакутах і чалавечых здрадах, але ў волі Айца. Гэтая таямнічая воля, па-чалавечы неспасцігальная, але бясконца добрая і велікадушная, згодна з якой Езус стаўся «грахом для нас»: на яго былі ўскладзены ўсе правіны чалавецтва і адбыўся таямнічы абмен, які робіць нас, грэшных, «справядлівасцю Бога».

Спрабуючы прыпадобніцца да Езуса, які ідзе і падае пад цяжарам крыжа, мы павінны мець пачуццё пакаяння і горычы. Але яшчэ мацнейшай павінна быць удзячнасць, якая напаўняе нашы душы.  

Так, Пане, Ты адкупіў нас і вызваліў праз свой крыж, ты зрабіў нас праведнымі перад Богам. Больш таго, Ты так глыбока злучыў нас з сабою, каб у Табе і мы сталіся дзецьмі Божымі, сталі Тваімі блізкімі і сябрамі. Дзякуем, Пане, і просім: учыні, каб удзячнасць Табе стала дамінуючай рысай нашага жыцця.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Прымусь маё сэрца палаць
любою да Хрыста
і быць у згодзе з сабой.

СТАЦЫЯ ДЗЕСЯТАЯ
З Езуса зрываюць адзенне

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Яна 19, 23–24

Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; [узялі] і туніку. Туніка была не шытая, уся ад верху тканая. Таму сказалі адзін аднаму: «Не будзем разрываць яе, але кінем лёсы, каму дастанецца». Каб збылося сказанае ў Пісанні:
«Падзялілі між сабою маю вопратку
і аб вопратцы маёй кінулі лёсы».

Жаўнеры так і зрабілі.

МЕДЫТАЦЫЯ

Езус без адзення. Дайшлі да заключнага акту гэтай драмы, распачатай арыштам у садзе Аліўным, праз які Езуса пазбаўляюць годнасці чалавека яшчэ раней, чым пазбаўляюць годнасці Сына Божага.

Так Езус быў раздзеты на вачах у жыхароў Ерузалема і на вачах усяго чалавецтва. У шырокім сэнсе, так і павінна было стацца, бо Ён быў цалкам пазбаўлены сябе самога, каб аддаць сябе ў ахвяру за нас. Таму жэст зрывання з яго адзення з’яўляецца таксама выкананнем словаў Святога Пісання.  

Сузіраючы на крыжы Езуса без адзення, мы адчуваем у сабе настойлівую неабходнасць: паглядзець углыб сябе, без прыкрыцця; стаць духоўна голым перад самім сабой, але перш за ўсё, перад Богам, і таксама перад нашымі братамі і сестрамі ў чалавецве. Распрануцца з прагнення здавацца лепшымі, чым мы ёсць, і імкнуцца быць шчырымі і празрыстымі.

Менавіта крывадушнасць найбольш абурала Езуса. Колькі разоў Ён казаў сваім вучням: не рабіць, «як чынілі крывадушнікі» (пар. Мц 6, 2.5.16). Або казаў тым, якія абвяшчалі пра свае добрыя справы: «Гора вам, крывадушнікі» (пар. Мц 23, 13.15.23.25.27.29).

Пане Езу, які вісіш без адзення на крыжы, дапамажы, каб я таксама мог стаць без адзення перад Табой.  

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Святая Маці,
умацуй у маім сэрцы
мукі Ўкрыжаванага.

СТАЦЫЯ АДЗІНАЦЦАТАЯ
Езус прыбіты да крыжа

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Марка 15, 25–27

Была ж трэцяя гадзіна, калі ўкрыжавалі Яго. І быў надпіс з віной Ягонай: «Кароль Юдэйскі». Разам з Ім укрыжавалі двух злачынцаў, аднаго з правага, другога з левага боку ад Яго.

МЕДЫТАЦЫЯ

Езус прыбіты да крыжа. Жахлівае катаванне. Пакуль Ён вісіць на крыжы, сярод мноства прысутных ёсць тыя, якія насміхаюцца і нават правакуюць: «Выратаваў іншых і не можа выратаваць сябе самога!… Ён даверыўся Богу; няхай Ён Яго ўратуе, зараз, калі хоча Яму дабра. Сапраўды ж сказаў: „Я — Сын Божы“» (пар. Мц 27, 42–43). Такім чынам, высмейваецца не толькі асоба Езуса, але Яго місія збаўлення, тая місія, якую Езус здзейсніў менавіта на крыжы.

Але глыбока ўнутры сябе Езус адчувае непараўнальна большую пакуту, якая прымушае Яго крыкнуць: «Божа мой, Божа, чаму мяне пакінуў?» (пар. Мк 15, 34). Вядома, гаворка ідзе пра рэфрэн Псальма, які завяршаецца сцвярджэннем поўнага даверу Богу. У той жа час, гэта словы, якія неабходна прыняць з усёй сур’ёзнасцю, бо ў іх выражаецца найбольшае выпрабаванне, якому Езус быў падвергнуты.

Як часта падчас выпрабаванняў ма думаем пра тое, што засталіся адны, што Бог забыў пра нас, пакінуў. Ці нават маем спакусу прыйсці да высновы, што Бог не існуе.

Сын Божы, які выпіў свой горкі келіх да канца, а затым уваскрос з памерлых, наадварот, кажа нам, усім сабою, сваім жыццём і сваёю смерцю, што мы павінны давяраць Богу. Яму варта верыць.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн


СТАЦЫЯ ДВАНАЦЦАТАЯ
Езус памірае на крыжы

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Яна 19, 28–30

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: «Прагну». Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на ісоп губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: «Здзейснілася!» І схіліўшы галаву, аддаў духа.

МЕДЫТАЦЫЯ

Калі смерць прыходзіць пасля цяжкай хваробы, то прынята казаць з пэўнай палёгкай: «Адпакутаваў!». У пэўным сэнсе, гэтыя словы адносяцца і да Езуса. Аднак з’яўляюцца словамі вельмі абмежаванымі і павярхоўнымі перад абліччам смерці кожнага чалавека, а тым больш перад абліччам смерці таго, хто з’яўляецца Сынам Божым.  

Калі Езус памірае, разрываецца папалам заслона ў храме Ерузалема, і адбываюцца іншыя знакі, якія прымушаюць усклікнуць рымскага цэнтурыёна, што стаяў на варце пад крыжам: «Сапраўды, Ён быў Сынам Божым!» (пар. Мв 27, 51–54).

Сапраўды, нішто не з’яўляецца такім няясным і загадкавым, як смерць Сына Божага, які разам з Айцом з’яўляецца крыніца і паўнатой жыцця. Але, у той жа час, нішто не з’яўляецца такім яскравым, таму што тут ззяе хвала Божая, хвала ўсемагутнай і міласэрнай Любові.  

Перад абліччам смерці Езуса наш адказ — гэта ціхая адарацыя. Так мы даручаем сябе Яму, так аддаем сябе Яму ў рукі, просячы Яго, каб нішто, ні ў нашым жыцці, ні ў нашай смерці, ніколі не маго аддзяліць нас ад Яго (пар. Рым 8, 38–39).

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн


СТАЦЫЯ ТРЫНАЦЦАТАЯ
Езуса здымаюць з Крыжа і аддюць Маці

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Яна 2, 1–5

А на трэці дзень было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. І калі скончылася віно, Маці Езуса кажа Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго кажа слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».

МЕДЫТАЦЫЯ

Завяршыліся дні Хрыста. Езуса знялі з крыжа. Рукі Маці заўсёды гатовы прыняць Яго. Зведаўшы да канца адзіноту смерці, Езус адразу ж знаходзіць у сваім нежывым целе найбольш моцную і найбольш салодкую з чалавечых сувязяў — цеплыню любові сваёй Маці. Найвялікшыя мастакі, як напрыклад, Мікеланджэла з яго скульптурай «Пьета», змаглі інтуітыўна адчуць і выказаць глыбіню і непарушную трываласць гэтай сувязі.

Узгадваючы, што каля падножжа крыжа, Марыя стала маці таксама кожнага з нас, просім яе змясціць у нашыя сэрцы пачуцці, якія ядналі яе з Езусам, каб быць сапраўднымі хрысціянамі. Для таго, каб мы маглі па-сапраўднаму наследаваць Хрыста, неабходна быць звязанымі з Ім усім тым, што маем: розумам, воляй, сэрцам, нашымі нязначнымі і вялікімі выбарамі, якія робім штодзённа.

Толькі так Бог зможа стаць у цэнтры нашага жыцця, не абмяжоўваючыся выключна суцяшэннем, якое павінна быць заўсёды, але не павінна ўплываць на нашыя інтарэсы і дзеянні.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Дазволь мне плакаць з табою,
спачуваць укрыжаванаму
пакуль жывы буду.

СТАЦЫЯ ЧАТЫРНАЦЦАТАЯ
Езус пакладзены ў грабніцу

Кланяемся Табе, Пане Езу Хрыстэ!
Бо праз Крыж і Муку сваю свет адкупіў Ты!

З Евангелля паводле св. Мацвея 27, 57–60

Калі звечарэла, прыйшоў багаты чалавек з Арыматэі, па імені Юзаф, які таксама быў вучнем Езуса. Ён, прыйшоўшы да Пілата, папрасіў цела Езуса. Тады Пілат загадаў аддаць цела. Узяўшы цела, Юзаф захінуў Яго ў чыстае палатно і паклаў у сваёй новай магіле, якую высек у скале. Пасля прываліў вялікі камень да ўваходу ў магілу і адышоў.

МЕДЫТАЦЫЯ

Калі камнем быў завалены ўваход у грабніцу, сапраўды павінна была нарадзіцца думка, што ўсё скончана. Аднак, ці мог Стварыцель жыцця стаць нявольнікам смерці? Таму грабніца Езуса, з той пары і да сённяшніх дзён, стала не толькі аб’ектам узрушальнай пабожнасці, але месцам глыбокага падзелу розумаў і сэрц: тут разыходзяцца шляхі веруючых ў Хрыста і тых, хто не верыць у Яго, хоць і лічыць чалавекам надзвычайным.  

Хутка грабніца стала пустой. І не змаглі знайсці ніякага пераканаўчага тлумачэння, як  гэта сталася, за выключэннем таго, якое далі Марыя Магдалена, Пётр і іншыя Апосталы — сведкі ўваскрослага з мертвых Хрыста.

Затрымаемся ў малітве перад грабніцай Езуса, просячы ў Бога такія вочы веры, якія дазволяць нам далучыцца да сведкаў Яго ўваскрасення. Такім чынам крыжовы шлях стане і для нас крыніцай жыцця.

Усе:
Ойча наш, каторы ёсць у небе,
Свяціся Імя Тваё, прыйдзе валадарства Тваё,
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння
І адпусці нам правіны нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым,
І няўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн

Калі цела памрэ,
адары душу маю
райскай славай. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.