Праз святарства і Эўхарыстыю Хрыстус застаўся з намі. Імша Вячэры Пана ў Мінску |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
06.04.2012 11:55 |
Імша Вячэры Пана, якою распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум, нагадавае пра ўстаноўленыя Хрыстом сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства. Менавіта дзякуючы гэтым сакрамэнтам Езус прысутны і сёння сярод людзей, каб надзяляць іх духоўнымі сіламі на шляху да нябеснага Ерузалема. Аб гэтым 5 красавіка 2012 г. падчас Імшы Вячэры Пана ў мінскай архікатэдры нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з іерархам літургію канцэлебраваў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. «Усведамляючы значэнне Эўхарыстыі як хлеба вечнага жыцця і будаўніка Касцёла, а таксама незаменнае значэнне святарства, падзякуем Богу за ўстанаўленне гэтых сакрамэнтаў. Узнясём у дзень святара нашы малітвы за слугаў алтара і аб пакліканнях да святарства, каб Касцёл у Беларусі сапраўды быў дынамічным сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, які корміць сваіх вернікаў хлебам жыцця вечнага і вядзе іх да нябеснага Ерузалема», — заклікаў удзельнікаў літургіі Мітрапаліт Кандрусевіч. Гэты дзень нясе асаблівую радасць і надзею, Езус сярод нас. Аднак, як адзначыў у гаміліі іерарх, «над гэтым пачуццём радасці згушчаюцца хмары і з’яўляецца цень крыжа»: «Пасля Апошняй Вячэры Езус быў здраджаны сваім вучнем, арыштаваны і кінуты ў вязніцу. Гэта вельмі добра сімвалізуе сённяшняя літургія, калі пасля святой Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў цямніцу. Не пакінем Яго аднаго, пабудзем з Ім, падзякуем Яму за бязмежную любоў». |
Фотарэпартаж |