Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: Юбілейны Год быў абвешчаны, каб жыць міласэрнасцю
Слова Папы
09.12.2015 16:52

Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра 9 снежня Папа Францішак распавёў аб прычынах абвяшчэння Юбілейнага Года Міласэрнасці, а таксама аб тым, што «найбольш падабаецца Богу».

«Касцёл мае патрэбу ў гэтай надзвычайнай падзеі. (...) У нашу эпоху глыбокіх перамен Касцёл пакліканы рабіць свой асаблівы ўнёсак праз дэманстрацыю знакаў прысутнасці і блізкасці Бога. Юбілей — гэта спрыяльны час для ўсіх нас, таму што, сузіраючы Божую Міласэрнасць, якая пераўзыходзіць любыя чалавечыя абмежаванні і ззяе над цемрай граху, мы можам стаць больш пераканаўчымі і плённымі сведкамі», — сказаў Пантыфік.

Паводле слоў Святога Айца, скіраванне позірку на міласэрнага Бога і братоў, патрабуючых міласэрнасці, — гэта галоўны заклік Евангелля. «Езус Хрыстус — гэта ўцелаўлёная Міласэрнасць, якая робіць бачнай у нашых вачах таямніцу трынітарнай любові Бога», — сказаў Папа. Святкаваць Юбілей Міласэрнасці, дадаў Пантыфік, азначае паставіць самую сутнасць хрысціянскай веры ў цэнтр асабістага жыцця і жыцця супольнасцяў.

Святы Год быў абвешчаны, каб жыць міласэрнасцю, падкрэсліў Папа. «Гэты Год нам дадзены, каб адчуць у нашым жыцці салодкі і лёгкі дотык Божага прабачэння, Яго прысутнасць побач з намі і Яго блізкасць, перш за ўсё, у момант найбольшай патрэбы», — адзначыў Пантыфік.

«Гэты Юбілей з’яўляецца прывілеяваным момантам, каб Касцёл навучыўся выбіраць толькі тое, “што найбольш падабаецца Богу”. А што “найбольш падабаецца Богу”? Прабачаць сваім дзецям, быць міласэрным да іх, каб і яны маглі, у сваю чаргу,  прабачаць братам, ззяючы, як паходні Божай міласэрнасці ў свеце. Гэта найбольш падабаецца Богу», — сказаў  Святы Айцец.

Папа ўзгадаў, як святы Амброзій у адной са сваіх тэалагічных прац задаваўся пытаннем: чаму Бог быў так задаволены пасля стварэння мужчыны і жанчыны? Прычына гэтага, па словах Пантыфіка, у тым, што Ён нарэшце меў кагосьці. «Прабачэнне з’яўляецца радасцю Бога», — сказаў Папа і заклікаў вернікаў адкрыць свае сэрцы на Божую радасць, каб і яны маглі напоўніцца міласэрнасцю.

«Таксама неабходнай справай з’яўляецца абнаўленне касцёльных устаноў і структур. Гэта сродак, які павінен весці да жывой і жыватворчай сустрэчы з Божай міласэрнасцю. Толькі яна можа гарантаваць, каб Касцёл быў тым горадам, пастаўленым на гары, які не можа застацца схаваным. Ззяць будзе толькі міласэрны Касцёл! Калі мы хоць на момант забудземся, што міласэрнасць “найбольш падабаецца Богу”, усе нашы намаганні будуць пустымі, бо станем рабамі сваіх устаноў і структур, наколькі б абноўленымі яны ні былі. Заўсёды будзем іх рабамі», — заўважыў Пантыфік.

Папа падкрэсліў, што міласэрнасць можа дапамагчы будаваць больш чалавечы свет, што асабліва важна ў актуальным кантэксце, калі прабачэнне з’яўляецца «рэдкім госцем у асяродках чалавечага жыцця»: у грамадстве, на працы, у сям’і.

Па словах Пантыфіка, пошук уласных мэтаў, задавальненняў і славы, паяднаны з жаданнем назапашвання багаццяў, у жыцці хрысціян часта набывае форму крывадушнасці і марнасці. Усё гэта супярэчыць міласэрнасці, дадаў Папа і заклікаў вернікаў прызнаваць сваю грахоўнасць , каб умацаваць у сабе перакананасць у Божай міласэрнасці.

Напрыканцы сваёй катэхезы Святы Айцец пажадаў кожнаму верніку сустрэцца з міласэрнасцю Бога, каб стаць сведкам таго, што Яму «найбольш падабаецца».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.