Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак распавёў пра знакі Года Божай Міласэрнасці
Слова Папы
16.12.2015 16:52

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 16 снежня Папа Францішак распавёў пра знакі і сімвалы Юбілейнага Года Міласэрнасці. У першую чаргу Святы Айцец узгадаў адкрыццё Святых Дзвярэй у Рыме і Брам Міласэрнасці ва ўсіх дыяцэзіях свету.

«Я жадаў, каб знак Святых Дзвярэй прысутнічаў у кожным мясцовым Касцёле, каб Юбілей Міласэрнасці мог стаць супольным досведам кожнага чалавека. Святы Год, такім чынам, пачаўся ва ўсім Касцёле і будзе святкавацца ва ўсіх дыяцэзіях, як і ў Рыме. Нават першыя Святыя Дзверы былі адчынены ў Афрыцы. Рым — гэта бачны знак паўсюднага адзінства. Няхай гэтае касцёльнае адзінства стане больш моцным, каб Касцёл быў у свеце знакам жывой любові і міласэрнасці Айца», — пажадаў Папа Францішак.

Святы Айцец распавёў, што ўмацаванню касцёльнага адзінства павінна была служыць таксама і дата пачатку Юбілею — 8 снежня. Яна супала з 50-годдзем завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, які прадставіў Касцёл у святле таямніцы адзінства.

«Раскінуты па ўсім свеце і выказаны ў мностве мясцовых Касцёлаў, ён, аднак, з’яўляецца заўсёды і выключна адзіным Касцёлам, якога Езус Хрыстус пажадаў і за які ахвяраваў сябе», — падкрэсліў Папа.

«Гэта таямніца адзінства, якая робіць Касцёл знакам любові Айца, узрастае і сталее ў нашым сэрцы, калі любоў, якую распазнаем ў Крыжы Хрыста і ў якую пагружаемся, дазваляе нам любіць так, як Ён любіць нас. Гаворка ідзе пра Любоў без межаў, якая мае аблічча прабачэння і міласэрнасці. Міласэрнасць і прабачэнне не павінны застацца прыгожымі словамі, але спаўняцца ў штодзённым жыцці.

Любоў і прабачэнне — гэта канкрэтныя і бачныя знакі таго, што вера перамяніла нашы сэрцы. Яны дазваляюць адлюстраваць у нас жыццё самога Бога. Любіць і прабачаць, як любіць і прабачае Бог. Гэта жыццёвая праграма, якая не можа ведаць перапынкаў ці выключэнняў, але павінна падштурхоўваць нас заўсёды ісці далей, ніколі не стамляючыся, з упэўненасцю ў падтрымцы бацькоўскай прысутнасці Бога», — сказаў Пантыфік.

Распавядаючы пра значэнне праходу праз Святыя Дзверы, Біскуп Рыма падкрэсліў, што гэты жэст выказвае давер вернікаў да Бога, які прыйшоў не для таго, каб судзіць, а каб збавіць. Пантыфік нагадаў, што за праход праз Святыя Дзверы не павінны збірацца грошы. «Збаўленне не купляецца», — сказаў Пантыфік.

«Праход праз Святыя Дзверы – гэта знак сапраўднага навяртання нашага сэрца. Калі будзем праходзіць праз Святыя Дзверы, трэба добра памятаць, што мы павінны трымаць расчыненымі таксама і дзверы нашага сэрца. Я стаю перад Святымі Дзвярыма і прашу: “Пане, дапамажы мне расчыніць дзверы майго сэрца!”

Святы Год не прынясе шмат плёнаў, калі дзверы нашага сэрца не дазволяць прайсці Хрысту, які падштурхоўвае нас ісці да іншых, каб несці Яго і Ягоную любоў. Такім чынам, як і адчыненыя Святыя Дзверы, што з’яўляюцца знакам адкрытасці, якую сам Бог нам сведчыць, таксама і нашы дзверы павінны быць заўсёды адчыненымі, каб не адчужаць нікога», — пажадаў Папа Францішак.

Святы Айцец нагадаў, што яшчэ адным важным знакам Юбілею Міласэрнасці з’яўляецца споведзь — непасрэдная сустрэча з міласэрнасцю Пана.

Біскуп Рыма дадаў, што Бог разумее людзей нават тады, калі яны памыляюцца і, больш за тое, менавіта калі прызнаюць свае грахі. Менавіта тады Бог, паводле слоў Пантыфіка, знаходзіцца найбліжэй і заахвочвае нас глядзець наперад.

Папа Францішак адзначыў, што прыняцце Божага прабачэння і міласэрнасці робіць вернікаў здольнымі прабачаць і быць міласэрнымі. «Таму адважней! Перажывем Юбілей, пачынаючы з гэтых знакаў, якія нясуць вялікую сілу любові», — заклікаў Святы Айцец.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.