Апостальская Сталіца: турызм спрыяе збліжэнню культур |
Рымская курыя |
07.07.2011 16:58 |
Такі заклік прагучаў у пасланні ватыканскага ведамства з нагоды Сусветнага для турызму, які 27 верасня будзе праходзіць пад дэвізам «Турызм і збліжэнне культур». Турызм жа дзейнічае дзеля пераадолення бар’ераў, што падзяляюць культуры, дзеля падтрымкі талерантнасці, узаемнай павагі і разумення. «У нашым свеце, часта падзеленым, гэтыя вартасці з’яўляюцца асновай больш спакойнай будучыні», — паведамляецца ў дакуменце, падпісаным старшынёй рады арцыбіскупам Антоніо Марыяй Вэльё. Пры гэтым важна, каб людзі не толькі прымалі існаванне іншай культуры, але і жадалі прыняць яе як узбагачэнне. Першай умовай правільнага карыстання магчымасцямі, якія стварае турызм, з’яўляецца ўменне слухаць, жаданне адкрыць пасланне, якое крыецца ў кожным забытку і праяўленні культуры, кіруючыся пры гэтым павагай і пазбягаючы павярхоўнай ацэнкі. Важнымі з’яўляюцца таксама «ўменне прымаць» і «ўменне падарожнічаць». Галоўнай мэтай душпастырства турызму стане выхаванне і падрыхтоўка хрысціянаў, каб сустрэча культур у выніку падарожжа не была страчанай нагодай, а служыла асабістаму ўзбагачэнню, якое, у сваю чаргу, можа дапамагчы пазнаць іншых і самога сябе. Апостальская Сталіца прапаноўвае распрацаваць турыстычныя трасы, у якіх будзе прадугледжана наведванне месцаў рэлігійна-культурнай спадчыны. Важнаю таксама з’яўляецца духоўная фармацыя гідаў з перспектывай стварэння арганізацый каталіцкіх кіраўнікоў турыстычных груп. |