Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзве каталіцкія манахіні-місіянеркі намінаваны на Нобелеўскую прэмію
06.10.2016 14:44

На Нобелеўскую прэмію свету ў гэтым годзе была пададзена рэкордная лічба кандыдатур — 376, папярэдні рэкорд дасягаў 278 чалавек і арганізацый. Сёлета ў ліку найбольш вядомых кандыдатаў — Папа Францішак, Дональд Трамп і Эдвард Сноўдэн...

Яшчэ ў спісе прысутнічаюць імёны дзвюх аўстрыйскіх манахінь Марыяны Сцёгер і Маргарэт Пісар, намінацыю якіх у камітэт прэміі ўнесла дырэкцыя карэйскага шпіталя, дзе на працягу 40 гадоў ахвярна служылі сёстры.

Сёння абедзвюм манахіням ужо за 80, і большую частку жыцця яны прысвяцілі працы з пракажонымі. Адна з сясцёр вярнулася ў Аўстрыю, а другая прыехала ў шпіталь Сарокдо на выспе Сарок, каб прыняць удзел у 100-годдзі заснавання гэтай установы.

У Карэі, таксама як і ў Японіі і Кітаі, хвароба праказы цягне за сабой грамадскае асуджэнне і думку аб Божай кары. Падчас вайны з Японіяй якраз на выспе Сарок размяшчаўся адзін з лагераў, дзе былі зняволены і людзі, хворыя на праказу.

У 1962 г., калі с. Марыяна прыбыла ў Карэю, яна была шакавана сітуацыяй, з якой сутыкнулася: «Хворыя павінны былі звяртацца да нас на Вы, у паставе пакоры і самапрыніжэння. Збіццё пацыентаў уваходзіла ў дзённы распарадак дня, як і прымусовыя аборты і стэрылізацыя. Каб змяніць гэту сітуацыю, патрабаваліся дзесяцігоддзі».  

Першым крокам да зменаў быў прыклад: у той час, калі мясцовыя ўрачы і медсёстры выкарыстоўвалі маскі, рукавіцы і абарончыя камбінезоны, абедзве манахіні, якім не было і 30 гадоў, працавалі без сродкаў аховы — нават тады, калі ім на твар пырскала кроў з інфіцыраваных ранаў.

Чытайце таксама:

Вызваленне з-пад японскай акупацыі адбылося пасля завяршэння Другой сусветнай вайны і капітуляцыі Токіа. Але для пацыентаў лепразорыя змянілася няшмат. Як пацвердзіў суд у Сеуле ў 2015 годзе, які праходзіў з нагоды пакарання пацыентаў клінікі, злоўжыванні «былі сістэматычнымі і доўжыліся да сярэдзіны 90-х».

Галоўнай місіяй сясцёр у гэты час было вяртанне былым пацыентам клінікі годнасці і ўпэўненасці ў сабе: «Стараліся адведваць іх ранкам, калі не было нікога, і размаўлялі з імі. Вельмі часта мы разам вячэралі позна ўвечары». У Аўстрыі сёстры арганізавалі збор лекаў і грошай на будаўніцтва дома для здаровых дзяцей такіх пацыентаў.

Намінацыя на атрыманне Нобелеўскай прэміі вельмі сімвалічная. Згодна з Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя, праказа — хранічная хвароба, але паддаецца лячэнню. У Карэі, паводле афіцыйнай статыстыкі, на сёння жыве каля 14 тысяч хворых на праказу, але мясцовы Касцёл заўважае, што гэта лічба можа быць заніжанай: не ўсе хворыя рэгіструюцца, бо не хочуць трапіць у адмысловы санаторый, таму спрабуюць схавацца дома і не паказваюцца на людзях.

Згодна са статыстыкай, у канцы 2012 года лічба хворых на праказу складала 189 тысяч чалавек са 115 краін свету.

Паводле deon.pl (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.