Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзіяна Гурцкая: «У маім жыцці я ўдзячная Богу за ўсё»
14.10.2016 17:50
У Расіі працягваецца падрыхтоўка да правядзення сёмага дабрачыннага фестывалю «Белая трость», які праходзіць пры падтрымцы фонду «Па закліку сэрца».
Фонд быў заснаваны Дзіянай Гурцкой — эстраднай спявачкай, заслужанай артысткай Расіі і старшынёй Камісіі па падтрымцы сям’і, дзяцей і мацярынства Грамадскай палаты Расіі.
Пра ідэю фестывалю і веру ў Бога спявачка расказала ў інтэрв’ю.
— Я скончыла школу для невідушчых дзяцей у Тбілісі. У ёй я вучылася 11 гадоў, з гэтага перыяду ў маім жыцці многае пачалося. Было цяжка, балюча, але гэта быў вялізны крок, перш за ўсё з боку маіх бацькоў. І мой, таму што я гэта ўсё вытрымала.
З дзяцінства я спявала, у школе мяне заўважылі — былі розныя конкурсы, у якіх я прымала ўдзел. Я імкнулася на сцэну, я вельмі хацела спяваць... Калі мне было гадоў 10-11, я ўпершыню выступіла ў вялікай зале філармоніі ў Тбілісі. З гэтага ўсё і пачалося.
Калі ўжо прайшлі гады, калі я стала заслужанай артысткай Расіі, я стала разумець, што ёсць дзеці надзвычай таленавітыя, якія іграюць на фартэпіяна, спяваюць, складаюць вершы, расказваюць іх... Дзеці, якія імкнуцца на сцэну, як калісьці я. І ім трэба дапамагчы.
На наш фестываль для невідушчых і слабавідушчых прыязджаюць дзеці з розных краін і рэгіёнаў. У дуэце з нашымі дзеткамі спяваюць многія артысты. Наш фестываль — гэта адзін з крокаў па пераадоленні стэрэатыпаў пра рэзервацыю такіх дзяцей.
— Адзін з крокаў па сацыялізацыі невідушчых дзяцей?
— Так. Калі вы паглядзіце на наш фестываль, то нідзе не ўбачыце слоў «ён не такі, як усе». Усе дзеці спяваюць і скачуць разам, усе дзеці таньчаць разам.
Мы ездзім па розных школах-інтэрнатах, па дзіцячых дамах, мы глядзім... Не, не выбіраем, канешне. Я магу, напрыклад, у гэтым годзе ўбачыць дваіх дзяцей, якім скажу: вось ты пойдзеш на фестываль у гэтым годзе, а ты, маленькі, — на наступны год. Але я ўжо сёння буду ведаць, што ў мяне ёсць дзіця, якое прыме ўдзел у фестывалі налета. І гэта шчасце.
Гэта шлях да шчасця, калі дзіця ўсміхаецца, калі бацькі ўсміхаюцца, калі бацькі з надзеяй глядзяць на цябе, — што можа быць лепш у гэтым жыцці?
Гэта і ёсць наша задача — радаваць людзей, ламаць стэрэатып, які раней быў — што калі ты невідушчы, ты павінен жыць у рэзервацыі, быць ва ўласным свеце і не выходзіць з яго. Адзін з галоўных вынікаў конкурса — даць дзецям магчымасць выразіць сябе, сказаць пра сябе, што я таленавіты. Кожны творчы чалавек выражае сябе ў той сферы, дзе ён сябе адчувае правільна, добра і якую ён любіць. У гэтым увесь сэнс. Гэта і ёсць жыццё.
— Руская Праваслаўная Царква ўзнагародзіла вас ордэнам святой вялікамучаніцы Варвары. Як у вас складваюцца адносіны з Царквой?
— Гэта настолькі глыбокі стан душы, увогуле стаўленне да Бога, я не ведаю, ці маем мы права гаварыць пра гэта так гучна — што мы вось такія, што вось гэта робім, вунь там молімся...
Ведаеце, Бога трэба любіць, у Бога трэба верыць, а гаварыць пра гэта цяжка, я не ведаю, як пра гэта сказаць. Я бачыла стаўленне да Бога ў маёй сям’і, стаўленне да Бога маёй мамы — у мяне былі веруючыя мама і бабуля.
Я ніколі не выходжу з дому без таго, каб не ўчыніць знак крыжа — мяне да гэтага прывучыў мой дзядзя. Кожны чалавек павінен усведамляць сваю чысціню, сваё разуменне пэўных рэчаў, сваё стаўленне да Бога.
У маім жыцці я ўдзячная Богу за ўсё. За тое, што мяне акружаюць такія цудоўныя людзі, сям’я, за тое, што мяне дома чакае маё цудоўнае дзіця, якое я бязмерна люблю, за маю публіку, за кожны пражыты дзень. А Царква дапамагае мне сваім існаваннем. Тым, што я магу зайсці ў храм, памаліцца, расказаць пра неспакой або радасць — гэта ўжо вялікая дапамога. Бог і так нам дапамагае ва ўсім. Што б мы маглі зрабіць без Бога? Нічога.Паводле ria.ru, (IL)