Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Егіпет перад прыездам папы Францішка: на Сінаі каля праваслаўнага манастыра адбылася стральба
20.04.2017 09:29

18 красавіка, за дзесяць дзён да візіту папы Францішка ў Егіпет, на паўвостраве Сінай каля паліцэйскага пункту недалёка ад праваслаўнага манастыра святой Кацярыны адбылася стральба, у выніку якой быў забіты адзін паліцэйскі і паранены чатыры іншыя. 

Дырэктар службы бяспекі Паўднёвага Сінаю генерал-маёр Ахмед Таіль заявіў егіпецкаму выданню «Аль-Масры аль-Яум», што стральба каля манастыра была выпадковай і на месцы здарэння ідзе следства.

Нагадаем, што ў Пальмовую нядзелю, 9 красавіка, адбыліся два тэрарыстычныя напады на копцкія святыні — у Александрыі і ў Танце, у выніку якіх загінулі 45 чалавек і амаль 100 былі паранены.

28–29 красавіка папа Францішак здзейсніць апостальскае падарожжа ў Егіпет. Падчас візіту Пантыфік сустрэнецца, між іншым, і з мусульманскімі лідарамі.

Здарэннем на Сінаі занепакоены Прэзідэнт краіны Абдэль Фатта аль-Сісі, які намагаецца вярнуць у краіну спакой і мір, а таксама ў межах барацьбы з ісламскім экстрэмізмам стараецца бараніць хрысціянскую меншасць.

Заснаваны ў VI стагоддзі ля падножжа гары Сінай манастыр св. Кацярыны з’яўляецца адным з самых старажытных і самых важных месцаў хрысціянскага культу не толькі ў Егіпце, але і ва ўсім свеце. У праваслаўі ён мае статус асобнай аўтаномнай Царквы, якая падпарадкоўваецца Патрыярху Іерусалімскаму.

Паводле КАІ (VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.