Не сядзець, не плаваць: новыя правілы паводзін ля фантана Трэві для турыстаў у Рыме |
08.06.2017 12:14 |
Згодна з пастановай уладаў Рыма побач з фантанам Трэві будуць змененыя правілы паводзін для турыстаў. У прыватнасці ім забароняць хадзіць па берагах фантана, залазіць на адрэстаўраваныя элементы, сядзець ля фантана і купацца ў ім. Цяпер перад фантанам можна будзе затрымацца толькі на хвіліну, каб укінуць манетку, што з’яўляецца традыцыяй у турыстаў, якія наведваюць Вечны горад. Пільнаваць турыстаў будуць валанцёры па прыкладу сцюардаў на стадыёнах. Валанцёры будуць рэгуляваць наплыў людзей і іх перамяшчэнне перад фантанам, забараняючы сядзець перад ім. Адзначаецца, што пры неабходнасці валанцёры будуць выклікаць паліцыю. Як перадае deon.pl са спасылкай на газету Corriere della Sera, усе гэтыя меры накіраваныя на тое, каб пазбегнуць розных выпадкаў, якія адбываюцца пры фантане — у першую чаргу купання ў ім і шматлікіх сэлфі. За мінулыя тыдні мясцовая паліцыя некалькі разоў выцягвала з вады італьянскіх і замежных турыстаў, якія плавалі ў фантане. Парушальнікі былі пакараныя на 450 еўра, але і гэтыя сумы не стрымліваюць няўрымслівых «плыўцоў».
Фантан Трэві штодзень наведваюць дзясяткі тысяч турыстаў. Аб’ект лічыцца адной са славутасцяў горада — толькі летась у ім назбіралі манет больш чым на 1, 5 млн долараў. Аднак у сувязі з павелічэннем выпадкаў хуліганства ля фантана было прынята рашэнне ўзяць аб’ект пад ахову.
Фантан Трэві — буйнейшы фантан Рыма. Ён быў пабудаваны ў 1732-62 гг.у стылі барока. |