Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў Вялікую пятніцу Мукі Пана |
Мінская архікатэдра, 2 красавіка 2010 г. Збылося! Глыбокапаважаныя браты і сёстры! 1. У апісанні Мукі Пана нашага Езуса Хрыста, якую мы толькі што пачулі, апошнім словам, якое Ён сказаў, было слова «збылося». На грэчаскай мове — тэтэлестай, што азначае: усё аплочана. Некалькі гадоў таму падчас раскопак у Святой Зямлі археолагі знайшлі некрануты падатковы офіс, дзе захаваліся запісы аб аплочаных падатках. Там знаходзіліся дзве вялікія гары папераў. На адной з іх было напісана: тэтэлестай. Кажучы іншымі словамі — усё аплочана. Людзі, якія былі пазначаны ў гэтых спісках, больш нікому нічога не павінны былі плаціць. Таму словам «збылося» Езус пацвердзіў, што доўг, які мы мелі перад Богам, Ён за нас выплаціў да канца. 2. У часы Езуса грэх лічыўся даўгом, які чалавек быў вінаваты Богу; доўг, які пэўным чынам павінен быў быць выплачаны, каб усё было ў парадку. Нездарма прымаўка кажа: што вінен, аддаць павінен. Таму і Езус выкарыстоўваў такую ж мову. Ён часта гаварыў пра грэх як доўг і пра адпушчэнне грахоў — як пра іх ануляванне. Хрыстус расказаў прыпавесць пра несумленнага эканома, якому гаспадар дараваў вялікую частку яго доўгу і які, у сваю чаргу, не захацеў дараваць значна меншы доўг свайму даўжніку. Гэта Божы метад. Калі Бог нам даруе, то і мы павінны дараваць іншым. Нездарма Езус навучыў нас малітве «Ойча наш...», дзе мы просім дараваць правіны нашы, як і мы даруем іншым. Езус, каб нагадваць пра духоўныя адносіны паміж чалавекам і Богам, паміж чалавекам і бліжнімі, ужываў добра ўсім зразумелую камерцыйную мову. Менавіта таму на крыжы Ён сказаў: «Збылося! — Тэтэлестай». Нашы грахі адкуплены! 3. Як мы адказваем на гэтыя словы Збаўцы? Мы павінны памятаць, што яны не з’яўляюцца нейкім абяцаннем, якіх так многа ў нашым жыцці і якія часта проста не выконваюцца. Нездарма кажуць: абяцанкі — цацанкі. Словы Езуса таксама нічым не абумоўлены. Ён не кажа: твае грахі будуць адпушчаны, калі ты зробіш нешта. Які наш адказ на Яго словы? Што мы робім? Найбольшае з таго, што мы можам зрабіць, — гэта сказаць: «Амэн. Няхай так будзе». Усё, што мы можам зрабіць, — гэта верыць, што гэтыя словы датычаць асабіста кожнага з нас. Наш грахоўны доўг быў заплачаны спаўна і ануляваны, незалежна ад таго, якім вялікім ён быў. Таму ўсё, што мы можам і павінны сказаць: «Дзякуем табе, Езу!» — і быць удзячнымі Яму на працягу ўсяго нашага жыцця, быць добрымі да іншых, маліцца, спавядацца, прымаць святую Камунію, удзельнічаць у святой Імшы, рабіць учынкі міласэрнасці, старацца не грашыць. Калі Езус заплаціў за мяне і за цябе, дарагі брат і сястра, увесь наш грахоўны доўг, то мы павінны чуваць, каб не акумуліраваць яго больш. А калі здарыцца бяда ізноў зграшыць, то як мага хутчэй звяртацца да Божай міласэрнасці ў сакрамэнце споведзі. 4. Калі мы сёння глядзім на крыж, адаруем яго і разважаем аб паміраючым на ім Езусе, усвядомім сабе, якой цаной мы былі збаўлены. Няхай наша падзяка ніколі не становіцца меншай, але будзе бясконцай песняй удзячнасці за дараванае нам такім чынам духоўнае жыццё. 5. Сёлетняе разважанне над Мукай Езуса Хрыста, Яго крыжовай смерцю і адарацыя крыжа адбываюцца ў 5-ю гадавіну смерці Слугі Божага папы Яна Паўла II. Ён, які быў сумленнем нашага часу, вучыў нас таямніцы крыжа Езуса Хрыста, вучыў словамі і прыкладам свайго жыцця. Літургіст папы Яна Паўла II арцыбіскуп Гвідо Марыні распавядаў, што, нягледзячы на тое, што стан здароўя Папы пагаршаўся, ён заўсёды станавіўся на калені перад крыжом падчас яго адарацыі. У апошнюю Вялікую пятніцу свайго зямнога жыцця Ян Павел II быў настолькі слабы, што ўжо не мог прысутнічаць у рымскім Калізеі, дзе па традыцыі адбываецца Крыжовы шлях з удзелам Пантыфіка. Ён знаходзіўся ў сваёй капліцы і з дапамогай тэлебачання прымаў удзел у набажэнстве. Аднак падчас малітвы Вялікі Папа ўвесь час трымаў у руках крыж. Сапраўды, ён быў для яго адзінай надзеяй, як кажа св. апостал Андрэй. 6. Таму сёння падчас адарацыі крыжа ў знак удзячнасці Езусу за адкупленне і пашаны святога крыжа не пабаімся стаць на калені. Калі хто хворы і не ў стане ўкленчыць, то можа ўчыніць гэта духоўна. Няхай гэта будзе сведчаннем таго, што насуперак нарастаючай дыктаруры лібералізму, тэндэнцыі ў некаторых еўрапейскіх краінах забараняць крыжы ў публічных месцах, а таксама сучаснай модзе, паводле якой крыж з’яўляецца толькі аздобай, мы пакладаем сваю надзею менавіта ў ім. 7. Езу, Ты распасцёр Свае рукі так шырока, наколькі мог. Крыж стаў тронам Валадара сусвету. Ты сказаў, што калі будзеш узняты ўверх, то ўзвысіш да сябе ўсіх. Дай нам ласку прыйсці да Цябе і ў зменных секулярных абставінах сучаснага свету пакладаць нашу надзею ў Тваім крыжы. Амэн. |
Адноўлена 26.03.2010 18:08 |