Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча падчас рэзурэкцыйнай святой Імшы

Мінская архікатэдра, 4 красавіка 2010 г.

1. Разлятаецца сёння радасны велікодны спеў званоў з вежаў усіх хрысціянскіх святынь. Па вуліцах гарадоў і вёсак праходзяць велікодныя працэсіі. Увесь хрысціянскі свет праслаўляе Уваскрослага Езуса.

У гэтым святочным гомане ці задумваемся мы над тым, што ж гэта за радасны дзень падарыў нам Пан? Бо Езус, як аказалася, жыве. Ён Уваскрос і аб’явіўся людзям: Пятру, які ад Яго ажно тры разы адрокся, Тамашу, які сумняваўся ў Яго ўваскрасенні, Марыі, якая плакала па Ім. Езус адведаў сваіх вучняў, еў з імі і размаўляў.

2. Першае гістарычнае свята Пасхі ў Ерузалеме было асаблівым днём. Яно распачалося з нявер’я, страху і збянтэжанасці, а завяршылася здзіўленнем, удзячнасцю і праслаўленнем уваскрослага Езуса. Найбольш нечаканым для вучняў было тое, што, нягледзячы на цуды, якія ўчыніў Хрыстус, а таксама на прадказанне ўкрыжавання і ўваскрасення на трэці дзень, ніхто з іх не спадзяваўся ўбачыць Яго жывым пасля крыжовай смерці і пахавання. Пра гэта сведчыць і той факт, што ніхто з вучняў не чакаў Яго каля грабніцы.

Калі Езус памёр, памерла і іх надзея, упэўненасць і вера. Апосталы, баючыся, што габрэі будуць пераследаваць іх, схаваліся ў Вячэрніку. Цікавым з’яўляецца і тое, што ў велікодны ранак пра ўваскрасенне Хрыста першымі даведаліся не Пётр, на якім Езус заснаваў свой Касцёл, і не іншыя Апосталы, а простыя жанчыны-міраносіцы, якія таксама ішлі да грабніцы не для таго, каб убачыць уваскрослага Езуса, але каб завяршыць абрад пахавання — намасціць Яго Цела алеем.

Ніхто з іх не спадзяваўся на ўваскрасенне Езуса, хоць усе і ведалі пра гэта. Аднак — праслаўленне Богу! — так сталася. Так сталася, бо сам Бог гэта ўчыніў. Езус не толькі сам уваскрос, але і ўваскрасіў веру Апосталаў, унёс жыццё ў іх памерлыя імкненні і аднавіў надзею, якую яны страцілі. І мы сёння знаходзімся тут, святкуем гэтае свята святаў, дзякуючы праўдзе пра Змёртвыхпаўстанне.

Калі б гэтага не сталася, то апосталы ніколі б не мелі адвагі абвяшчаць Евангелле. Таму сёння з новай моцай гучаць словы св. апостала Паўла, словы таго, хто, пераследуючы Касцёл, меў ласку вачыма душы ўбачыць уваскрослага Хрыста. Апостал язычнікаў кажа: Езус Хрыстус памёр за нашы грахі паводле пісанняў, быў пахаваны і ўваскрос на трэці дзень, таксама паводле пісанняў.

3. Дарагія браты і сёстры! Праўда ўваскрасення Хрыста — гэта самая важная праўда нашай веры. Яна з’яўляецца яе цэнтрам, падмуркам і таксама мэтай, да якой імкнецца нашае жыццё.

Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца найбольш важнай падзеяй для кожнага чалавека, не толькі таму, што гэта шчаслівы канец зямной гісторыі Езуса, гэтакі happy end, гаворачы сучаснай мовай, але і таму, што гэта пачатак нашай новай гісторыі, у якой наша вера трыумфуе над смерцю.

Таму як хрысціяне мы павінны верыць у праўду ўваскрасення Хрыста і ўчыніць яе часткай нашага жыцця. Езус ўваскрос не дзеля таго, каб Апосталы памяталі пра гэта, але каб сваёю моцаю ўваскрасіць нас.

Дзякуючы таямніцы ўваскрасення мы пакліканы верыць у моц і любоў Бога, які нясе ласку ў свет граху, жыццё ў цывілізацыю смерці і надзею нават насуперак надзеі. Такая вера дапаможа нам уваскрасаць з духоўнай смерці да жыцця ў ласцы, Бог благаславіць нашае жыццё, а мы станем благаслаўленнем іншым.

4. Пэўная гісторыя распавядае пра тое, як адзін чалавек выпадкова замкнуў сябе ў халадзільнай камеры. Разумеючы, што яму адтуль не выбрацца, ён пагадзіўся са сваім лёсам. Калі пачаў замярзаць, дастаў з кішэні аловак і пачаў пісаць на сцяне халадзільніка гісторыю пра смерць, якая набліжалася. «Мне ўсё халадней і халадней… Я паволі замярзаю… Напалову сплю… — гэта мае апошнія словы».

Калі халадзільнік адкрылі, чалавек ужо быў нежывы. Аднак усе былі вельмі здзіўлены: як ён мог памерці, калі тэмпература была каля 15 градусаў цяпла? Аказалася, што халадзільная камера сапсавалася, а ўнутры халадзільніка было дастаткова свежага паветра. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што чалавек памёр толькі таму, што паверыў у тое, што павінен памерці.

Гэта гісторыя вучыць нас: калі мы верым, што нешта з’яўляецца праўдай, то яно сапраўды ўздзейнічае на нас. Гэта можа быць благаслаўленнем, бо адкрывае чалавека на Божае дзеянне, а можа таксама прычыняць боль, бо закрывае нас на Бога і не дазваляе Яму ўчыніць з намі тое, што Ён хоча.

5. Іншая гісторыя распавядае пра тое, як адзін чалавек знайшоў яйка арла. Яно было яшчэ цёплае. Чалавек палажыў яго разам ў гняздо ў сваім куратніку з іншымі яйкамі. Праз некаторы час з гэтага яйка вылупілася арляня і паціху расло ў куратніку. Яно навучылася шукаць у зямлі чарвякоў, зярняткі, кудахтала, распасцірала свае крылы і лётала па некалькі метраў. Адным словам, чыніла ўсё тое, што чыняць куры.

Прайшоў час. Арол пастарэў. Аднойчы ён убачыў высока ў небе вялікую прыгожую птушку. Яна выглядала вельмі велічна. Арол спытаўся ў курэй: што гэта за птушка? Яны яму адказалі: гэта арол, ён належыць небу і жыве высока ў гарах, мы ж, куры, належым зямлі.

Стары арол ведаў, што гэта была праўда. Ён жыў і завяршыў сваё жыццё так, як курыца можа завяршыць яго ў супе ці на патэльні, бо верыў у тое, што ён — курыца.

6. Калі б апосталы не ўбачылі Хрыста ўваскрослага і не паверылі ў Яго перамогу над смерцю, то засталіся б простымі людзьмі і не панеслі б Евангелле ва ўсе канцы зямлі. Дзякуючы праўдзе ўваскрасення, яны выйшлі з атмасферы баязлівасці пераследу і нават мучаніцкай смерці, каб быць людзьмі, якія ахвяравалі сваё жыццё, каб толькі дапамагчы іншым знайсці праўдзівую веру і надзею.

Такім чынам, уваскрослы Пан можа вярнуць да жыцця тое, што памерла, можа дапамагчы перамагчы зло дабром, можа перамяніць нянавісць у любоў, расчараванне ў надзею.

Мы ўсе добра ведаем, які цяжкі перыяд пераследу веры павінен быў вытрываць наш народ у часы ваюючага атэізму. Аднойчы адзін з лідэраў таго часу на сходзе цэлую гадзіну даказваў прысутным, што Бога няма. Выступоўцу здалося, што ўсе з ім згадзіліся, і ён выклікаў да трыбуны ахвотніка, які б мог выказацца супраць Бога. Падышоў чалавек ва ўзросце, уважліва паглядзеў на залу і ўскрыкнуў: «Хрыстус уваскрос!». Усе як адзін адказалі: «Сапраўды ўваскрос!». Нікчэмнымі аказаліся довады славутага атэіста.

7. Так, сапраўды, вера ва ўваскрослага Езуса чыніла і чыніць цуды. Яна дапамагла вытрываць у цяжкія часы пераследу і дапамагае сёння, у час дабравольнага адыходу ад веры. Трэба толькі адкрыцца на яе. Трэба паставіць Езуса ў цэнтр нашага жыцця. На жаль, вельмі часта Ён знаходзіцца на перыферыі. Сучасны свет забываецца пра Яго і не цікавіцца, а часам нават дзейнічае супраць Яго навучання.

Таму сучасны свет патрабуе не толькі эканамічнага, але перш за ўсё духоўнага ўваскрашэння. Прымаць жа ў ім актыўны ўдзел — гэта заданне для кожнага хрысціяніна. Для гэтага нам трэба чыніць так, як учыніў св. апостал Пётр: сваім жыццём абвяшчаць Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага, які ёсць дарога, праўда і жыццё. Менавіта таямніца Пасхі вяртае страчаную надзею і дапамагае паверыць, што мы створаны быць духоўнымі арламі, айчына якіх — неба, куды вядзе нас уваскрослы Езус. Амэн.

Адноўлена 02.04.2010 12:20
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі