Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янкі на заканчэнне рэкалекцый руху «Каштоўная пярліна»

Сініло, парафія Маці Божай Зоркі Евангелізацыі, 16 ліпеня 2010 г.

Браты і сёстры ў Езусе Хрысце! Сёння Касцёл асаблівым чынам аддае пашану Маці Божай у Шкаплерным абразе. Ордэн братоў кармэлітаў у свой час быў шырока распаўсюджаны на тэрыторыі многіх краін, а таксама на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Дзякуем Богу за тое, што і сёння ён мае сваіх прадстаўнікоў як у мужчынскіх, так і ў жаночых кармэлітанскіх супольнасцях.

А трэба ведаць, што законнікі і законніцы гэтай манаскай супольнасці заахвочвалі нашых продкаў да вернасці Богу, Евангеллю, Касцёлу праз нашэнне шкаплера і праз вернае выкананне абавязкаў хрысціяніна ў штодзённым жыцці і праз адданне пашаны Найсвяцейшай Панне. Святы Сымон Шток — генерал Босых Братоў Ордэна Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль — меў аб’яўленні  Маці Божай 16 ліпеня 1251 г. Падчас аб’яўленняў атрымаў шкаплер — адзенне, якое яна прапанавала для прадстаўнікоў ордэна, як знак яе асаблівай апекі над гэтай манаскай супольнасцю.

Члены евангелізацыйнай супольнасці «Каштоўная Пярліна» — прыклад служэння кармэлітанскай супольнасці, а іх асаблівае стаўленне да Маці Божай заахвочвае да руплівай працы ў справе евангелізацыі ў сучасным свеце.

А сучасны свет патрабуе апосталаў у розных асяроддзях, патрабуе мужчын і жанчын таму, што свет стомлены пошукамі сэнсу жыцця ў нашыя часы, стомлены пошукам шчасця, якое знаходзіцца блізка ад яго. Аднак шчасце, аб якім мае ўяўленне і марыць сучасны чалавек, вельмі часта недасягальнае па прычыне падмену вартасцей, пошуку не там, дзе яно сапраўды знаходзіцца.

У сучасным свеце многія адчуваюць безнадзейнасць. Многія навучыліся наракаць на ўсіх і на кожнага. Ад таго, ці будзе заўтра хрысціянскім, грамадства, у якім жывём мы сёння, залежыць, ці здолее чалавек перадолець безнадзейнасць.

Езус Хрыстус з’яўляецца нашай надзеяй. Гісторыя чалавецтва знаходзіць свой пачатак, сэнс, кірунак і здзяйсненне ў Езусе Хрысце.  Ён прысутны і дзейнічае ў сваім Касцёле. Таму наша надзея заключаецца ў даверы (да пэўнай асобы). Хрыстус — як быццам жнец,  які прыходзіць, як у кнізе Апакаліпса, каб усё аднавіць.

Як мы ведаем, Святы Айцец стварыў новую Раду па справах распаўсюджвання новай евангелізацыі пад кіраўніцтвам арцыбіскупа Сальваторэ Фізікелла. Пантыфік даў радзе заданне перадаць Добрую Навіну тым, хто яе згубіў па розных прычынах. Асабліва стары кантынент перажывае спакусу страты надзеі з яго праявамі. Вось некаторыя з іх:

  • страта хрысціянскіх каранёў, якім спадарожнічае практычны агнастыцызм і рэлігійная абыякавасць. Многія людзі не здольныя спалучыць Евангельскія патрабаванні, з тым што нясе штодзённае жыццё ў аспекце грамадскім і культурным. Таму можна сцвярджаць, што бязвер’е з’яўляецца чымсьці натуральным;
  • страх перад будучыняй. Вобраз заўтрашняга дня недастаткова пэўны, адсюль — страх. Чалавек баіцца заўтрашняга дня, бо мае ўнутраную пустату як вынік страты сэнсу жыцця; памяншэнне колькасці нованароджаных, змяншэнне колькасці пакліканняў да святарства, да кансэкраванага жыцця, адмова альбо позняе заключэнне сужэнства;
  • павялічваюцца такія з’явы, як: пачуццё адзіноты, крызісы, эгаізм, этычная абыякавасць, надзвычайны клопат аб сваіх інтарэсах і прывілеях — змяншэнне салідарнасці паміж людзьмі, а людзі пазбаўленыя трывалага грунту. Спробы распаўсюжвання ідэі жыцця без Бога. Чалавек становіцца адзіным цэнтрам рэальнасці ў свеце, займае мейсца Бога, што прыводзіць да высновы, што Бог непатрэбны, закрадваецца рэлятывізм, геданізм. Робяцца спробы растлумачыць еўрапейскую культуру, абмінаючы ўклад хрысціянства. Сродкі масавай камунікацыі ствараюць новую культуру, якая супярэчыць годнасці чалавека, — культуру смерці.


Аднак чалавек сумуе без надзеі, без надзеі не можа жыць. Бо жыццё страціла б свой сэнс, стала б нязносным. Не дапоможа яму ў гэтым уяўны рай на зямлі.

Касцёл прапаноўвае найбольш каштоўны дар, якога даць ніхто іншы не можа. Веру ў Езуса Хрыста, крыніцу надзеі, якая ніколі не падвядзе. Гэта радасць і надзея: Ты, о Пане, уваскрослы і жывы, Ты новая надзея чалавецтва. Хрыстус з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём. Ён з’яўляецца адзінай мудрасцю народаў.

Езус Хрыстус — наша надзея. Ён, адвечнае Слова Бога, аб’яўляе таямніцу Тройцы. Ён — любоў. Ён — цэнтр веры, якая мае ўплыў на жыццё, гісторыю і культуру розных народаў Еўропы. З гэтага вынікае вартасць асобы, яе годнасць, святасць чалавечага жыцця, цэнтральная роля сям’і, сапраўдная свабода і салідарнасць. Такая вера мае ў сабе духоўны патэнцыял, культурны і этычны, які можа дапамагчы зразумець глабальныя праблемы народа. Трэба адкрыцца на  Хрыста, каб Ён мог аднавіць аблічча зямлі. Хрыстус — гэта будучыня чалавека, яго надзея.

Езус Хрыстус прысутны ў Касцёле. Езус і сёння жыве ў сваім Касцёле, а Касцёл у Ім. Там можна Яго спаткаць, «вачыма веры можам убачыць творы Хрыста ў розных знаках, якія нам пакінуў». Ён прысутны — у Святым Пісанні, пад постацямі хлеба і віна,  у запаведзі Любові.

Езус сам скіроўвае да кожнага з  нас сваё Пасланне. Заклікае нас навярнуцца, заклікае да таго, каб смела прымаць новыя сучасныя выклікі і прымаць удзел ў велічнай справе новай Евангелізацыі, каб такім чынам быць вяшчуном надзеі.

Служэнне Евангеллю надзеі адбываецца праз любоў да бліжняга, які патрабуе не так матэрыяльных рэчаў, як маральных, духоўных. Гэта абавязак кожнага хрысціяніна. Кожны нясе за яе адказнасць, таксама і свецкія асобы. Праз іх пасрэдніцтва Касцёл прысутны ў розных сацыяльных сферах. Свецкія могуць несці каштоўнасці Божага Валадарства, якія з’яўляюцца гарантам надзеі, што ніколі не падвядзе і не прамінае так, як сезонная мода на адзенне, абутак і іншыя рэчы, якія патрэбны чалавеку на пэўны час. Кожная асоба,  духоўная, кансэкраваная і свецкая, мае сваё заданне ў новай Евангелізацыі. Неацэненая, на жаль, таксама роля жанчын у службе Евангелля надзеі, а іх матчынае служэнне заслугоўвае асаблівай увагі.

Для таго, каб несці Добрую Навіну, трэба самому знайсці час на разважанне, як аб гэтым нагадвае Біблія: «кожнае раніцы Ён будзіць вуха Маё, каб Я чуў, быццам вучань. Пан Бог адкрыў Мне вуха, і Я не ўсупрацівіўся, не адступіў назад» (пар Іс 50,4б–5). Трэба знайсці час на цішыню і на малітву, поўную надзеі, «бо так кажа Пан Бог, Святары Ізраіля: застаючыся на месцы і ў спакоі, вы ўратаваліся б; у цішыні і спадзяванні і моцнасць вашая; але вы не хацелі» (пар Іс 30, 15).

Аб прароцкай місіі так гаварыў Слуга Божы Ян Павел II: «Быць адказным за Праўду Божую значыць палюбіць яе і так яе зразумець, каб як самім, так і другім такую праўду можна было несці ва ўсёй моцы, у яе ўзвышанасці, у яе глыбіні і адначасова ў прастаце». Імкненне і любоў да разумення Добрай Навіны павінны ісці з сабой у пары. Найбольш святла, якое раз’ясняла Добрую Навіну, прыбліжаючы Божую рэчаіснасць, заўседы мелі тыя, хто да праўды збліжаўся з пашанай і любоўю. Як Ізраэль, так і Касцёл пакліканы, каб свету абвяшчаць веліч таго, Хто паклікаў нас з цемры да сапраўднага жыцця. Кожны вернік пакліканы, каб скласці дары, мілыя Богу, праз Езуса Хрыста. Вяшчунам Добрай Навіны патрэбная мудрасць і прароцкая адвага, каб яны іншым маглі паказаць дарогу да надзеі, «Госпада Хрыста асвячайце ў сэрцах вашых і будзьце заўсёды гатовыя абараняцца перад кожным, хто патрабуе ад вас адказу аб той надзеі, якая прабывае ў вас» (гл. 1 Пёт 3, 15). Надзею, якую маюць вернікі ў Хрысце, патрабуе свет. Патрабуе таксама прыкладу жыцця сапраўдных прарокаў.

Маўчане на тэму Бога вядзе да таго, — як пісаў Слуга Божы Ян Павел II, — што чалавек пачынае лічыцца абсалютным цэнтрам рэчаіснасці і займае насуперак прыродзе месца Бога. Адначасова забывае аб тым, што гэта Бог стварыў чалавека.

Божае слова не толькі заключае інфармацыю ў сабе, не толькі навучае альбо узрушвае — яно нясе ў сабе ласку збаўлення, моц, якая перамяняе чалавека з нутры, ад сярэдзіны. Крыніцай такой моцы з’яўляецца Дух Святы.

Служыць Евангеллю надзеі — гэта таксама крочыць дарогай любові і міласэрнасці. Сведчанне любові мае ўнутраную моц Евангелізацыі, дапамагае сучаснаму чалавеку пераканацца ў любові Бога. Жыццё ў любові становіцца Добрай Навіной для кожнага чалавека, бо паказвае любоў Бога, якая нікога не абмінае — гэта значыць з’яўляецца крыніцай яго надзеі.

Нашым хрысціянскім абавязкам з’яўляецца вяртаць надзею патрабуючым, тым, хто яе страціў, хто яе шукае. Любоў да бедных з’яўляецца неабходнай умовай хрысціянскага быцця і службы Евангеллю. Любіць бліжняга азначае даваць сведчанне, што кожнага з іх  любіць Бог незалежна ад эканамічнай, культурнай, грамадскай сітуацыі, у якой яны  знаходзяцца.

Належыць з моцай абвяшчаць праўду аб сужэнстве і сям’і, бо заўважаем, што ўсе часцей парушаецца непарыўнасць сужэнства, а ў некаторых еўрапейскіх краінах робяцца спробы легалізаваць аднаполыя шлюбы. Таму з усёй моцай абвяшчаем тое, што Евангелле кажа аб сужэнстве і сям’і як аб супольнасці жыцця і любові. Касцёл праз членаў евангелізацыйных груп павінен асвятляць словам Божым цемру шматлікім разбітым сужэнствам, дапамагаючы ім сведчаннем аб тым, што Бог міласэрны.

Належыць служыць Евангеллю жыцця. Змяншэнне колькасці людзей, павелічэнне ў свеце людзей старэйшага ўзросту і памяншэнне нараджальнасці будзіць непакой, бо з’яўляецца знакам культуры смерці. Павелічэнне колькасці абортаў, даследванні на чалавечых эмбрыёнах, легалізацыя эўтаназіі ў некаторых краінах Еўропы і недазволенае выкарыстанне прэнатальных дыягнастычных тэхнік з’яўляюцца повадам небяспечнага маральнага бязладдзя. Таму служэнне Евангеллю жыцця праз паўсюдную мабілізацыю сумлення і супольныя намаганні неабходнае, каб увесці ў дзеянне вялікую стратэгію абароны жыцця.

Браты і сёстры ў Езусе Хрысце, няхай руплівасці ў працы па пашырэнню Божага валадарства дадае вам Маці Божая Зорка Евангелізацыі, пашану якой сёння асаблівым чынам узносім, разважаючы аб прысутнасці і апецы ў кармэлітанскай манаскай супольнасці на працягу шматгадовай яе гісторыі. Амэн.

Адноўлена 16.07.2010 17:13
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі