Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на асвячэнне алтара і парафіяльны адпуст у Варончы
24 ліпеня 2010 г., касцёл св. Ганны

Ваша варанчанская парафія сёння мае некалькі нагодаў да святкавання. Сярод іх — парафіяльны адпуст ва ўспамін апякункі парафіі — св. Ганны. Адпуст збіраў шматлікіх вернікаў заўсёды. Нават у часы атэістычнага дзяржаўнага пераследу, калі касцёл быў разбураны. Сёння ў касцёле прысутнічае ваш арцыпастыр біскуп Гродзенскі Аляксандр, а таксама найвышэйшы кіраўнік Ордэна Паўлінаў. Айцы гэтага ордэна на працягу многіх гадоў вядуць душпастырства ў вашай парафіі. Сёння будзе асвечана алтарная настава (галоўны алтар), зробленая намаганнямі вашага пробашча і парафіян. Група вернікаў атрымае сакрамэнт канфірмацыі. Паразважаем аб некаторых важных падзеях гэтай урачыстасці.

Адбываецца асвячэнне новага алтара. Са шчырай верай вы ахвяруеце яго Пану. Вы збудавалі новы алтар, як Ной пасля патопу, як Абрагам на гары Морыя, які не адмаўляецца аддаць Богу нават свайго сына Ісаака, як Майсей, які вядзе народ па пустыні, як Саламон, які стварыў храм і ахвярнік. Алтар кажа аб сустрэчы Бога з чалавекам на гэтым месцы. Хто бачыў алтары, пабудаваныя на гары, той можа ўзгадаць аб дабрыні Бога. Пасля будавалі храмы Пану, а ў самым святым месцы ставілі ахвярнік, на якім складалі прынесеныя ахвяры хлеба і ладану. Езус таксама ўдзельнічаў у літургічных святах, наведваў храмы кожны год.

Там быў алтар, прысвечаны Богу Айцу.

Там было месца святое, таму Хрыстус выганяў гандляроў, якія зрабілі гэтае месца месцам гандлю. Алтар паказвае прысутнасць Бога і з’яўляецца Яго сімвалам. Хто хоча зняважыць народ, той апаганьвае храм, руйнуе алтары. Апаганьваючы храмы і алтары, знішчаюць месца сустрэчы з Богам.

Хто знаходзіцца ў стане вайны з самім Богам, той нішчыць алтары. Падобнае адбывалася ў нядаўнім мінулым, часах камуністычных ...

Колькі  алтароў было разбурана тут, на Навагрудчыне! Мала таго — не дазволена было будаваць новыя алтары, таму што алтар кажа аб прысутнасці Бога. Слугаў алтара заключалі ў турмы, забівалі альбо высылалі ў Сібір. Недалёка адсюль знаходзіцца месца пакаранняў, канцэнтрацыйны лагер смерці, арганізаваны гітлераўцамі, які забраў таксама жыцці многіх святароў з навакольных парафій — кс. Антонія Мацкевіча з Міра, кс. Яна Язерскага з Гарадзішча, кс. Каўрэцкага з Паланэчкі, кс. Леона Буйно з Мядзведзіч, кс. Баляслава Брычкоўскага з Крывошына, кс. Вацлава Нэймака са Стоўбцаў. На месцах храмаў у пасляваенныя гады будавалі палацы культуры, а на месцы алтара ставілі фігуру Леніна.

Нашы продкі пры алтары вучыліся складаць ахвяру Богу, іншым людзям і Айчыне. Пры алтары вырасталі святыя. У гэтай святыні пры алтары маліліся і Адам Міцкевіч, і філаматы, і філарэты, і Марыля з Верашчак (бабуля св. Рафала Каліноўскага), Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, сёстры мучаніцы з Навагрудка. Пры гэтым алтары выраслі Слуга Божы Бернар Рафаэль Прошовіц, які жыў у XVI ст., і бласлаўлёны святар Юзаф Паўлоўскі, мучанік з Дахаў.

Сёння схіляем галовы перад алтаром, які сімвалізуе Хрыста. Святар, падышоўшы да алтара, цалуе яго, аддаючы такім чынам павагу Хрысту.

Такі алтар у цэнтры вучняў паставіў Езус Хрыстус у чацвер падчас Апошняй Вячэры. З таго часу алтар стаў Эўхарыстычным сталом. У той момант Езус заключыў дагавор з хлебам. Ён сам стаў свайго роду хлебам і віном.
 
Віктар Зін у сваёй кнізе «Прыгажосць» разважае пра першы запавет чалавека з хлебам. Можа, гэта было так... Першы чалавек блукаў галодны па палях.  Дакранаючыся рукамі да сухой травы, знаходзіў зерне. Клаў зярняты ў рот і адчуваў жаданае наталенне. З тых часоў чалавек не можа абысціся без хлеба.

Ёсць яшчэ адзін запавет з хлебам. Гэта было падчас Апошняй Вячэры. Вучні прынеслі хлеб і віно для 12 апосталаў і Езуса. Яны падрыхтавалі пасхальнае ягня, у адпаведнасці з яўрэйскім абрадам святкавання. Апосталы перадалі нам падзею, якая будзе паўтарацца да канца свету. Езус сеў каля стала, узяўшы хлеб, паблагаславіў яго. У гэтым няма нічога новага — Езус часта благаслаўляў хлеб, асабліва перад яго цудоўным памнажэннем. Затым над хлебам прамовіў словы: «...гэта ёсць Цела Маё» (Мф. 26, 26). «Гэта чыніце ў маю памяць» (Лк 22,19). Тады даў хлеб вучням, каб елі.

З тых часоў чалавек, які верыць у Хрыста, не можа абысціся без гэтага хлеба. З тых часоў алтар і хлеб Эўхарыстычны сталі адзіным. Стол Эўхарыстыі стаў цэнтрам кожнага храма Божага. Каля гэтага стала гаспадаром заўсёды з’яўляецца Езус. Ён збірае ўсіх пры стале, як у часы апосталаў, як падчас Апошняй Вячэры. Ён запрашае ўсіх да стала. Каля стала не будзе бракаваць месца.

На стале Ён паклаў хлеб, які з’яўляецца Яго Целам.
 
На стале ніколі не скончыцца хлеб.

Якой цаной вы можаце прыступіць да стала? Цаной чыстага сэрца. Чыстым сэрца можа стаць з дапамогай Божай міласэрнасці. Бацька чакае сына, які пакінуў Яго. З чыстым сэрцам можна ўвайсці і працягнуць руку па хлеб Езуса. Можам прывесці сваіх родных, і яны таксама могуць працягнуць руку па хлеб Хрыста.

А якая карысць будзе з гэтага хлеба? Калі вы прыйдзеце ў свае дамы, калі сядзеце за адным сталом, вы будзеце сябрамі разам са сваімі бацькамі, дзецьмі, бабулямі і дзядулямі. Пры гэтым, успомніўшы хлеб Езуса, вы не будзеце сварыцца або крыўдзіць адно аднаго.

Пры гэтым стале гавораць на адной мове.

Пры гэтым стале мы разумеем адно аднаго.

Дзіўны стол алтара ...

Да гэтага стала прыходзіць маладыя людзі, каб распачаць сумеснае жыццё. З гэтага стала святар бярэ хлеб і нясе да хворага, як віятык у апошнюю дарогу яго жыцця. Калі жыццё пакідае чалавека, прынясуць яго да алтара — каб развітаўся з алтаром, на якім склаў ахвяру жыцця.

Дарагія мае! Сёння вы ахвяруеце Богу новы алтар, узведзены ў адбудаваным храме. Вы ахвяравалі на гэты алтар свае сродкі і свае малітвы. Ведайце, што алтар Езуса не мае цаны. Гэта крыж, на якім Ён зведаў смерць і выратаваў чалавецтва. Ён хацеў, каб на кожным алтары паўтаралася Вялікая Пятніца.

Ідучы да алтара, бярыце з сабой дзяцей. Пры алтары не згубіцеся ў віры сучаснага жыцця.

Група вернікаў сёння атрымае сакрамэнт канфірмацыі. Гэты сакрамэнт мы называем Сакрамэнтам Агню — таму што Дух Святы сышоў на Марыю і Апосталаў у Вячэрніку у выглядзе полымя. Сёння вернікі атрымаюць дары Духа Святога: Мудрасці, Розуму, Рады, Мужнасці, Умеласці, Пабожнасці і Дар Боязі Божай. Дары патрэбныя для выканання чалавечых заданняў у свеце і ў Касцёле. А сярод гэтых заданняў — паглыбляць веру, працаваць для Хрыста, для Касцёла, не баяцца прыняць цярпенні дзеля Хрыста і Касцёла. Канфірмацыя пакідае на чалавеку асаблівы знак, які будзе спадарожнічаць верніку усюды, як у зямным жыцці, так і ў вечнасці. Сёння гэтыя выбраныя атрымліваюць касцёльны атэстат сталасці, становяцца рыцарамі Хрыста, каб быць асабліва адказнымі за Касцёл. Жадаем ім, каб як рыцары Хрыста яны ўзорна выканалі заданне Касцёла. Святая Ганна, маліся за нас! Амэн.

Адноўлена 23.07.2010 16:49
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі