Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас парафіяльнай ўрачыстасці св. Юды Тадэвуша ў Лучаі з нагоды 20-годдзя вяртання касцёла вернікам
30 кастрычніка 2010 г.

Вярнуць надзею
    
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння парафія Святога Юды Тадэвуша ў Лучаі ў сваё парафіяльнае свята адзначае юбілей 20-годдзя вяртання касцёла вернікам. Мы сабраліся тут, каб праз заступніцтва святога апекуна парафіі дзякаваць Богу за дар гэтай святыні, яе аднаўленне і дзейнасць.

У гэты ўрачысты дзень мы ўзгадваем св. Юду Тадэвуша, які з’яўляецца апекуном у справах вельмі цяжкіх або нават безнадзейных. Хоць хрысціянін заўсёды павінен жыць надзеяй, але і яму патрэбна Божая дапамога.   

2. Вось толькі некалькі прыкладаў дапамогі св. Юды Тадэвуша. У далёкай Шры-Ланцы манцёр моцна пакалечыў спіну і не мог хадзіць. Аднак калі ён пачуў пра цудоўны абраз св. Юды Тадэвуша — апекуна ў безнадзейных сітуацыях — у яго з’явілася надзея, і ён папрасіў, каб яго аднеслі у святыню. І сапраўды, вельмі хутка ён выздаравеў і мог далей працаваць.

У 1964 г. капелан марскіх пехацінцаў ЗША быў пасланы ў В’етнам разам з 4 тысячамі вайскоўцаў. У вельмі небяспечнай сітуацыі, калі ў любы момант магла наступіць смерць, ён быў поўны сумненняў, у тым ліку ў дачыненні веры. На працягу двух месяцаў перажываў унутраную цемру і духоўную пустату. Аднак пры гэтым увесь час маліўся да Бога праз заступніцтва св. Юды Тадэвуша і шчасліва выйшаў з цёмнай ночы сваёй душы. Напрыканцы мінулага стагоддзя яго добра ведаў увесь каталіцкі свет як кардынала Джона О’Конара — арцыбіскупа Нью-Ёрка.

На працягу многіх дзесяцігоддзяў касцёл у Лучаі заставаўся канфіскаваным і практычна развальваўся. Аднак вернікі ў тыя цяжкія гады добра ведалі, наколькі магутны апякун гэтай святыні — св. Юда Тадэвуш. Яны не пераставалі маліцца да Бога праз яго заступніцтва, пакладаючы сваю надзею на яго, нават насуперак надзеі. І не памыліліся.

Я добра памятаю, што, калі 20 гадоў таму касцёл быў перададзены вернікам, ён выглядаў, быццам пасля бамбардзіроўкі. Адразу ўзнікала пытанне: хто яго адрэстаўруе? Але я бачыў рашучых вернікаў, для якіх касцёл быў святым месцам і якія хацелі бачыць яго былую прыгажосць. Бог пасылаў сюды і таленавітых пастыраў, якія клапаціліся як пра выгляд касцёла, так і пра сапраўдны жывы Касцёл людскіх душаў.

Сёння ад усяго сэрца хачу выказаць усім ім удзячнасць — тут прысутным і тым, хто не змог прыехаць або ўжо перайшоў у іншы свет. Вельмі добра, што сённяшні пробашч запрасіў усіх былых пробашчаў на гэтую ўрачыстасць, бо трэба памятаць аб тых, хто ўдзельнічаў у аднаўленні як касцёла, так і духоўнага жыцця. Дзякуючы іх старанням, як і старанням вернікаў і ахвярадаўцаў, Бог учыніў сапраўдны цуд уваскрашэння гэтага касцёла.

Дзякую таксама дзяржаўным уладам, якія 20 гадоў таму зразумелі патрэбы вернікаў і пайшлі насустрач.

Адрэстаўраваны прыгожы лучайскі касцёл св. Юды Тадэвуша стаў цэнтрам духоўнай культуры. Гэта і помнік архітэктуры, і месца адпачынку, і, што найважней, месца спаткання чалавека з Богам, месца, дзе чалавек ізноў знаходзіць страчаную надзею.  

3. Паводле Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, надзея — гэта цнота, дзякуючы якой мы чакаем ад Бога вечнага жыцця і дароў ласкі, каб яго заслужыць. У штодзённым жыцці надзея — гэта цнота і сіла, якая ўтрымлівае чалавецтва на плаву, адводзячы няшчасці, лечачы хваробы, суцяшаючы ў безвыходных сітуацыях і паказваючы шлях да вырашэння праблем. Надзея — гэта жыццё ва ўпэўненасці, што Божая моц напоўніць свет і пранікне ў яго так глыбока, што споўніцца Божая воля.

4. Такім сімвалам надзеі для нас з’яўляецца св. Юда Тадэвуш — апякун у цяжкіх і нават безнадзейных справах. Кажучы пра яго, мы найперш узгадваем святога, які на самой справе з’яўляецца апошнім выратавальным кругам. Гэта азначае, што калі св. Юда Тадэвуш становіцца часткай нашага малітоўнага жыцця, то мы ўзмацняемся ў імкненні перамагчы цяжкасці і ў нас адраджаецца надзея.

5. Хто ж гэты святы, чаму ён такі папулярны і да якой адказнасці мы, як яго прыхільнікі, пакліканы?

Звесткі пра св. Юду Тадэвуша найперш знаходзяцца ў Евангеллі. Гэта адзін з дванаццаці пакліканых Езусам апосталаў. Ён таксама аўтар кароткага паслання, якое ўваходзіць у Новы Запавет. У пасланні апостал заклікае хрысціян заставацца вернымі свайму пакліканню і жыць паводле маральнага закону. Аб яго папулярнасці кажуць многія гісторыі.

Вельмі цікавым з’яўляецца аповед гісторыка IV стагоддзя Эўзебія. Калі цар Месапатаміі захварэў на цяжкую і невылечную ў тыя часы хваробу, то, даведаўшыся пра Езуса, які лячыў людзей, скіраваў да Яго ліст з просьбай аб дапамозе. Езус паабяцаў паслаць аднаго са сваіх вучняў. Пасля смерці і уваскрашэння Езуса Хрыста св. Юда Тадэвуш быў пасланы да цара і вылечыў яго моцаю Збаўцы. Узрадаваны валадар загадаў, каб жыхары яго царства слухалі Евангелле, якое абвяшчаў Юда Тадэвуш. Такім чынам Добрая Навіна была прынесена ў гэтую краіну.

Дзякуючы гэтаму і іншым цудам, св. Юда Тадэвуш стаў сімвалам надзеі, якая так патрэбна сучаснаму чалавеку.

6. Пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў мы атрымалі свабоду веравызнання. Аднак штодзённы досвед паказвае, што на самой справе мы не ведаем, як ёю карыстацца. На жаль, свабода часта разумеецца як магчымасць чыніць усё, што хочацца. Гэта свабода без адказнасці, якая вядзе да анархіі.

Нягледзячы на новыя магчымасці для духоўнага развіцця, сучасны чалавек іх не выкарыстоўвае і часта жыве так, быццам Бога няма. Што яго найбольш цікавіць? Багацце! Чалавек імкнецца любым коштам мець як мага больш. І таму так шмат выпадкаў карупцыі і іншых злачынстваў. Сучасны чалавек не задумваецца над тым, што багацце не гарантуе яму ні добрага здароўя, ні шчасця ў гэтым жыцці і ў вечнасці. Сусветны эканамічны крызіс паказаў, што будаванне жыцця толькі на матэрыяльных каштоўнасцях без духоўных на самой справе з’яўляецца будаваннем на пяску.

Сёння часта можна пачуць, што, калі змяняецца свет, то этычныя нормы таксама павінны змяняцца. Таму паўсюднымі становяцца разводы і аборты. Усё больш і больш практыкуецца штучнае апладненне. Сям’я — як галоўная клетка кожнай супольнасці — знаходзіцца ў крызісе, што вядзе да дэмаграфічнай праблемы. На нашых вачах Еўропа старэе. Усё больш і больш становіцца ў ёй людзей нееўрапейскага паходжання, што змяняе традыцыйны склад насельніцтва і прыводзіць да новай сацыяльнай напружанасці, аб чым сведчаць, напрыклад, нядаўнія падзеі ў Францыі.

А як паводзіць сябе моладзь? Якой мовай яна карыстаецца? Ці засталося яшчэ ў яе штосьці святое? Амаральнасць і разбэшчанасць пануюць у яе жыцці, і хоць, напэўна, ёсць і прыклады добрага, цнатлівага жыцця, але тэндэнцыя адыходу ад яго працягваецца.

У сучасным свеце нярэдка можна пачуць наступныя меркаванні. Я, маўляў, веруючы, але толькі ў касцёле падчас набажэнства. За парогам касцёла жыву так, як жывуць іншыя. Калі ўмовы маёй працы патрабуюць ад мяне не захоўваць Божага закону, то я яго не захоўваю. Гэта датычыцца найперш урачоў, якія робяць аборты, або парламентарыяў, якія прымаюць законы, не згодныя з правам Божым. Справа настолькі важная, што нават такая ліберальная інстытуцыя, якой з’яўляецца Еўрасаюз, зусім нядаўна прыняла пастанову, што кожны чалавек мае права паступаць паводле свайго сумлення і рэлігійных перакананняў.

7. Пануючы ў сучасным свеце практычны матэрыялізм і лібералізм нагадвае нам пра духоўную хваробу гэтага свету. Ён усё больш падобны да духоўнай пустыні без маральных каштоўнасцяў, да стылю жыцця старажытных рымлян. Яны жадалі хлеба і гульняў. Дзе цяпер магутная Рымская імперыя? Яна засталася толькі ў помніках архітэктуры і на паліцах біблятэк. А той, хто жыў паводле Божага права, калі ўжо і завяршыў сваё зямное жыццё, у той жа час знайшоў вечнае і знаходзіцца ў вечнай радасці, сузіраючы Бога тварам у твар.

Секулярны стыль жыцця вядзе да духоўнай пустаты, страты надзеі, роспачы і пачуцця страты бяспекі. Бачна, што гэтых хваробаў сучаснасці і духоўнай пустаты не запоўняць ні эканамічная магутнасць, ні прыемнасці жыцця.

8. Дзе і якім чынам мы можам знайсці лекі ад гэтай хваробы сучаснасці? Толькі Бог з’яўляецца нашай адзінай надзеяй. Да Яго мы звяртаемся як непасрэдна, так і праз нашых заступнікаў. Адным з іх, і вельмі магутным, з’яўляецца св. Юда Тадэвуш.

Сёння мы сабраліся ў парафіяльным касцёле ў Лучаі, каб дзякаваць Богу за 20 гадоў адраджэння гэтай святыні. Аднак не дастаткова жыць толькі гісторыяй. Трэба глядзець наперад. Сённяшні юбілей з’яўляецца не толькі дарам, але і задачай.

Сярод нас шмат людзей, якія страцілі надзею. Ім патрэбна святло Хрыста і Яго ласка, каб маглі яе зноў знайсці. Дасягнуць гэтага можна ў касцёле, як месцы сустрэчы чалавека з Богам, а таксама дзякуючы нашаму хрысціянскаму сведчанню.

Кожны з нас павінен быць апосталам, быць соллю зямлі і святлом свету, каб сучасны свет не сапсаваўся маральна, каб была захавана вера і каб людзі жылі ў святле закона Божага.

Гэта нялёгкая задача ў наш час адыходу ад веры і адрачэння ад хрысціянскіх каранёў. Аднак мы не самотныя, з намі Бог. А калі Ён з намі, то хто супраць нас? З намі і наш апякун св. Юда Тадэвуш — заступнік парафіі, дапамога ў цяжкіх справах і знак надзеі.

9. Звычайна св. Юда Тадэвуш прадстаўляецца з выявай Езуса на грудзях. Няхай тады дзякуючы яго заступніцтву кожны чалавек, які будзе тут маліцца, узбагаціцца ласкай нашага Пана Езуса Хрыста, у якім наша надзея.
 
У новы шлях, касцёл у Лучаі! У новае, ужо трэцяе дзесяцігоддзе пасля яго вяртання каталіцкай супольнасці! У новы час, каб пад апекаю св. Юды Тадэвуша мы ўсе перайшлі парог надзеі і дасягнулі вечнага шчасця. Амэн.   

Адноўлена 29.10.2010 17:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі