Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на рэзурэкцыю |
24 красавіка 2011 г., мінская архікатэдра Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос! Дарагія браты і сёстры! 1. У гэты радасны пасхальны ранак, калі б’юць званы і па вуліцах нашых гарадоў ідуць эўхарыстычныя працэсіі, ад усяго сэрца віншую вас са збаўчым святам Пасхі Хрыстовай гэтымі словамі вельмі добра нам вядомага пасхальнага прывітання. У ім праўда сённяшняга свята, што Хрыстус уваскрос і не трэба шукаць жывога сярод памерлых. Напэўна, многія з нас, асабліва хто вывучае гісторыю, памятаюць або чыталі пра Мікалая Іванавіча Бухарына, які ў 30-гады мінулага ХХ ст. быў адным з лідараў Камуністычнай партыі і галоўным рэдактарам газеты «Праўда». І вось у 1930 г. ён паехаў у Кіеў, каб там правесці лекцыю на атэістычную тэму. Ён выкарыстаў усе магчымыя аргументы, нават цяжкую артылерыю, калі так можна выказацца, каб у пух і прах разграміць хрысціянства. Яму здавалася, што людзі прынялі яго доказы аб абсурднасці веры ў Бога. Пасля гэтага Бухарын, задаволены, звярнуўся да людзей: «Можа, вы маеце нейкае пытанне?» У поўнай цішыні адзін чалавек падняўся, узышоў на сцэну, позіркам злева направа абвёў прысутных у зале людзей і ўсклікнуў: «Хрыстус уваскрос!» Уся велізарная зала ў адно адказала: «Сапраўды ўваскрос!» 2. Галоўнае пасланне Вялікадня — гэта праўда аб уваскрасенні Хрыста. Мы ўсе, хто прыйшоў на пасхальную рэзурэкцыйную працэсію і на гэтую св. Імшу прыйшлі сюды з цвёрдай верай у тое, што Хрыстус быў укрыжаваны, пахаваны і ўваскрос. Адкуль жа мы ведаем пра гэта? Калі мы верым у розныя гістарычныя факты, якія адбыліся значна раней да Хрыста, як, напрыклад, існаванне і навучанне грэчаскага філосафа Сакрата, які жыў у V ст. да нашай эры, то чаму не можам верыць у Хрыста і Яго гісторыю? Ніхто з вялікіх гісторыкаў сёння не сумняецца ў аўтэнтычнасці Евангелля. А гэта не што іншае як гісторыя Хрыста і нашага збаўлення, гісторыя ўваскрасення. Хрысціянская традыцыя таксама нагадвае пра ўваскрасенне Хрыста з памерлых. Наступным, вельмі важным, аргументам з’яўляецца тое, што заснаваная Хрыстом рэлігія — хрысціянства — вытрымала пробу часам, пробу розных пераследаў і выпрабаванняў. Так было ў першыя стагоддзі хрысціянства, так было і зусім нядаўна, у мінулым стагоддзі на нашых землях. Аднак гісторыя яшчэ раз паказала, што не хто іншы, як Хрыстус, з’яўляецца Валадаром сусвету. Выпаленая сонцам атэізму зямля ізноў ажывае, каб стаць аазісам духоўнага жыцця. Ізноў яе арашае дождж Божай ласкі, які спадае, дзякуючы паслузе Касцёла. І, нарэшце, кожны з нас не аднойчы, напэўна, зведаў дзеянне ўваскрослага Хрыста ў сваім жыцці, калі здавалася, што ўсё страчана і няма надзеі, вера яе вяртала і чалавек станавіўся на ногі. Разбітыя сем’і ядналіся. П’яніцы станавіліся цвярозымі, наркаманы — вылечваліся, тыя, хто вёў амаральны стыль жыцця, вярталіся да здаровага і маральнага. Такой надзеяй нават скрозь слёзы жывём і мы сёння, бо сёлетняя Пасха азмрочана выбухам у мінскім метро. Колькі людзей тады не даехала да сваіх дамоў! Колькіх не дачакаліся дзеці і бацькі! Колькі параненых! А яны маглі б быць сёння тут і разам з намі раздзяляць радасць свята Уваскрасення Хрыста. Галоўнае пасланне Пасхі заключаецца ў адным слове з пяці літар: «ЖЫЦЦЁ». 3. У сваім духоўным жыцці мы часта знаходзімся як быццам у нейкай шчыльна замкнёнай скрыні, як быццам у «турэмнай вежы». Праўда Пасхі заклікае нас да таго, каб мы выйшлі з яе. Хто можа абмежаваць нашу ўнутраную свабоду? Ніхто, акрамя нас саміх. Хоць на самой справе мы часта супраціўляемся гэтаму. Мы не выкарыстоўваем шансаў, якія дае нам Божы Провід, каб жыць паводле Яго права. Як праз сіта перасейваем жыццёвыя сітуацыі, каб толькі зрабіць кар’еру і нярэдка коштам адыходу ад маральных нормаў. Рэчы малазначныя лічым вельмі важнымі. Чым больш мы заклапочаны зямнымі і часовымі справамі, тым больш яны становяцца тормазам у нашым духоўным жыцці. Мы як быццам самі сабе ўстаўляем палкі ў колы. Такім чынам, чым больш мы занепакоены тым, як уладкаваць наша зямное жыццё паводле нашых запатрабаванняў і імкненняў, тым больш мы заключаем сябе ў духоўную вязніцу. У той жа час мы ўсе пакліканы да свабоды ў Хрысце і павінны да яе імкнуцца. А да яе вядзе нас паўстанне з нашых грахоў і слабасцяў. Якая розніца паміж разорай і ровам? Гэта глыбіня. Таксама ад глыбіні нашага духоўнага жыцця залежыць наша хрысціянства — сапраўднае ці павярхоўнае, хрысціянства жывое ці памерлае. 4. Пасха выводзіць нас з гэтай ізаляцыі і духоўнай цямніцы. Пасха — гэта час адкрыцца на магчымасці хрысціянства. У лясным пажары заўсёды ёсць месца, дзе пажар не дойдзе. Гэта тое месца, дзе пажар ужо адбыўся. Кальварыя і пусты гроб Езуса — гэта тое месца, дзе Божы суд над грахом спаліў яго, гэта месца, дзе мы былі адкуплены і дзе мы атрымалі новую надзею на жыццё вечнае. Дарагія браты і сёстры! Адкрыемся на гэтую праўду, каб з духоўнага рабства перайсці да свабоды дзяцей Божых. Амэн. |
Адноўлена 22.04.2011 12:54 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.