Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас жалобнай святой Імшы за памерлага кардынала Свёнтка |
23 ліпеня 2011 г., мінская архікатэдра «Зла не пабаюся, бо Ты са мною» (пар. Пс 23 (22), 6) 1. Глыбокапаважаныя ўдзельнікі жалобных урачыстасцяў! Гэтыя словы рэспансарыйнага псальма вельмі добра акрэсліваюць асобу кардынала Казіміра Свёнтка, якога Бог паклікаў да сябе на 97 годзе жыцця, пасля доўгай і вельмі цяжкай хваробы. Яны як быццам перадаюць галоўную яго рысу — не баяцца зла, бо Бог з намі. 2. Сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі развітваецца са сваім верным сынам, сведкам веры і жывым мучанікам. Ён развітваецца з чалавекам-легендай і выдатным пастырам, які стаў яго знакавай фігурай і які ніколі не губляў надзеі, нават насуперак надзеі. Завяршылася багатае падзеямі і трагічнае жыццё першага ў сучаснай гісторыі нашай краіны беларускага кардынала. Нарадзіўшыся ў Эстоніі, ён усё сваё жыццё звязаў з нашай зямлёй і прысвяціў яго абвяшчэнню Евангелля. Гэта быў нялёгкі шлях, на якім ён перажыў шмат цяжкасцяў, ажно да камеры смерці ў Брэсце і дзесяці гадоў у лагерах у Марыінску, Варкуце і Інце. Калі начальнік лагера, пераглядаючы яго справу, спытаў: «Як магло стацца, што чалавек з такой гісторыяй застаўся жывым?», ксёндз Свёнтэк адказаў: «Так хацеў Бог!» 3. У гэтым заключаецца таямніца кардынала Казіміра Свёнтка — у абсалютным даверы Богу. Бо і жыццё на свабодзе не было лёгкім. Трэба было бараніць веру. Трэба было навучаць дзяцей і моладзь праўдам веры, калі гэта было забаронена. Трэба было адбудоўваць касцёлы. Трэба было клапаціцца пра новыя пакліканні. Усё гэта трэба было чыніць у той час, калі сонца атэізму рабіла краіну духоўным Чарнобылем. Але Свёнтэк трываў, як трывалі падобныя яму святары, якія дваіліся і траіліся, каб толькі духоўна дапамагчы людзям. Ён трываў з надзеяй, што ўсё зменіцца на лепшае і краіна ажыве духоўна. І не памыліўся. Сёння не баюся сказаць, што калі б не было святароў фармату Казіміра Свёнтка, то не было б і нас. 4. Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў мінулага стагоддзя — гэта перыяд пачатку адраджэння. Актыўная дзейнасць ксяндза прэлата Казіміра Свёнтка не засталася незаўважанай у Ватыкане. І калі прыйшоў адпаведны час, благаслаўлёны Ян Павел II прызначыў яго першым Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам і адначасова Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. З уласцівай яму энергіяй і надзеяй ён распачаў адбудову Касцёла на Беларусі. Сярод многіх праектаў яго служэння прыярытэтнымі былі — адбудова Мінскай катэдры і адкрыццё семінарыі ў Пінску. І гэта яму ўдалося. Менавіта таму і сённяшняе развітанне з кардыналам Казімірам Свёнткам адбываецца ў адноўленай яго намаганнямі мінскай катэдры, за што мы шчыра дзякуем яму. Без цябе, дарагі кардынал, не было б гэтай катэдры. Асаблівым клопатам кардынала было развіццё пастырскай дзейнасці, чаму вельмі паспрыяў праведзены ім Сінод Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай і Пінскай дыяцэзій. Клапаціўся памерлы кардынал і пра развіццё мас-медыя і навучанне рэлігіі. Ён заснаваў выдавецтва «Pro Christo» і Баранавіцкі катэхетычны каледж. Нямала намаганняў ён прыклаў для ўстанаўлення і развіцця дыялога з грамадствам і будавання ў ім згоды. Шмат было зроблена ў галіне паляпшэння міжхрысціянскіх і міжрэлігійных адносін. Прыкметнай была яго актыўнасць і ў жыцці паўсюднага Касцёла. Як вельмі дарагога госця, яго ўсюды запрашалі і хацелі паслухаць жывога сведку веры. Яго сведчанне было новым абвяшчэннем Евангелля ў секулярызаваным свеце. 5. Сучасны свет запомніў кардынала Свёнтка як выдатнага пастыра, арганізатара і абаронцу свабоды рэлігіі, якая з’яўляецца падмуркам усялякай свабоды, — як навучае папа Бэнэдыкт XVI. Гэтыя яго намаганні былі адзначаны шматлікімі касцёльнымі і міжнароднымі ўзнагародамі, сярод якіх трэба ўзгадаць узнагароду «Fidei testis» — «Сведка веры» і званне Камандора Ордэна Ганаровага Легіёна Францыі. 6. Будучы такім высокапастаўленым іерархам Каталіцкага Касцёла, кардынал Казімір Свёнтэк заставаўся простым чалавекам. У яго можна было вучыцца запальваючаму гумару, радасці святарскага служэння, энтузіязму, прастаце ў афіцыйных сустрэчах. Адным словам, яго чалавечнасць была зачароўваючай, а святарства — прароцкім. 7. Асабліва важным з’яўляецца тое, што ў гэтым служэнні Богу, Касцёлу і людзям кардынал Казімір Свёнтэк заўсёды прытрымліваўся слоў Евангелля, у якіх Хрыстус заклікае да чування. Прытрымліваўся сам і заклікаў да гэтага іншых. Ён ведаў добра, што наша Айчына ў небе, і сам рыхтаваўся да яе. Адзін са святароў Пінскай дыяцэзіі пасля смерці кардынала распавёў аб наступным здарэнні. Некалькі дзён таму яму прысніўся сон, у якім ён пайшоў на чыгуначны вакзал і там убачыў кардынала Казіміра Свёнтка. Спытаў ў яго, што ён тут робіць. Кардынал адказаў: «Чакаю, бо мае дакументы не гатовы». Святар хутка паехаў у бальніцу, умоўна удзяліў яшчэ раз адпушчэнне грахоў. На наступную ноч новы сон. Святар ізноў на вакзале, а кардынала ўжо няма. Праз кароткі час прыйшла вестка, што Бог паклікаў да сябе вернага свайго слугу. Кардынал «ад’ехаў» у Валадарства Божае. 8. Дарагія браты і сёстры! Так можна коратка прадставіць жыццёвы шлях памерлага пастыра Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэтая постаць нас здзіўляе, і мы ёю ганарымся. Аднак прыклад жыцця, сведчання і навучання такой значнай асобы не павінен замкнуцца ў рэліквіярыі ўспамінаў. Асоба святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка павінна вучыць нас любіць Бога і бліжняга, быць моцнымі сваёй верай і хрысціянскім сведчаннем, мець надзею нават насуперак надзеі. У яго мы павінны вучыцца таму, што прыгожа і праўдзіва. Яго прыклад павінен дадаць адвагі слабым, узнесці ўгору параненыя сэрцы і перадаць наступным пакаленням пасланне Вялікага Папы благаслаўлёнага Яна Паўла II: «Не бойцеся! Адчыніце дзверы Хрысту!». «Бо Ён нічога не адбірае, а толькі дае», — як кажа папа Бэнэдыкт XVI. 9. У наш складаны час, Беларусі неабходна жыць гэтымі ідэямі, каб шляхам дыялогу, прабачэння, міласэрнасці і ўзаемнай пашаны, на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць шчаслівую Беларусь, чаму сваё жыццё прысвяціў памерлы кардынал Казімір Свёнтэк. Сваімі малітвамі на тваёй труне пішам пажаданні першых хрысціянаў: «Жыві ў Хрысце, бо жыццё ў Хрысце з’яўляецца жыццём у вечнай славе». А ты з акна дому Нябеснага Айца благаславі нам. Амэн. |
Адноўлена 23.07.2011 17:10 |