Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Святога Айца Бэнэдыкта XVI падчас Эўхарыстыі з удзелам семінарыстаў на XXVI Сусветны дзень моладзі ў Мадрыдзе

Касцёл Санта Марыя ла Рэал дэ ла Альмудэна, 20 жніўня 2011 г.
 
Ваша Эмінэнцыя, кардынал арцыбіскуп Мадрыда,
Шаноўныя браты ў біскупстве,
Дарагія святары і законнікі, рэктары і выкладчыкі,
Дарагія семінарысты,
Сябры,

вельмі рады, што маю магчымасць цэлебраваць святую Імшу з усімі вамі, хто жадае быць святарамі Хрыста, каб служыць Касцёлу і людзям. Удзячны вам за словы вітання, якімі мяне сустрэлі. Гэты катэдральны касцёл Санта Марыя ла Рэал дэ ла Альмудэна сёння з’яўляецца як быццам вялізным Вячэрнікам, дзе Пан Езус цэлебруе сваю Пасху з тымі, хто прагне здзяйсняць у Яго Імя таямніцу збаўлення. Бачачы вас, яшчэ раз усведамляю, што Хрыстус нястомна кліча маладых вучняў, каб учыніць іх сваімі апосталамі, каб працягвалася місія Касцёла і дар Эўхарыстыі для свету. Як семінарысты вы на шляху да святой мэты: быць тымі, хто працягвае місію, якую Хрыстус атрымаў ад Айца. Пакліканыя Ім, якія пайшлі за Яго голасам і былі прыцягнуты Яго позіркам любові, ідзіце шляхам святога служэння. Скіроўвайце ваш позірк да Яго, які праз сваё ўцелаўленне з’яўляецца найвышэйшым абвяшчальнікам Бога свету, а праз сваё ўваскрасенне з’яўляецца тым, хто верна выконвае сваё абяцанне. Дзякуйце Яму за гэты акт асаблівай любові да кожнага з вас.

Першае чытанне, якое мы пачулі, указвае нам на Хрыста як новага і апошняга святара, які са свайго існавання ўчыніў поўную ахвяру. Антыфон псальма можна цалкам дастасаваць да Яго, калі, уступаючы ў свет, звяртаецца да свайго Айца, кажучы: «Вось прыходжу; Мая радасць у тым, каб спаўняць Тваю волю». Стараўся наследаваць Яго ў слове і ўчынку, праходзячы шляхі або прымаючы грэшнікаў. Яго жыццё было служэннем, а Яго адданне — нястомным заступніцтвам, стоячы ад імя ўсіх перад Айцом як Першародны сярод многіх братоў. Аўтар Паслання да Габрэяў кажа, што такая ахвяра ўдасканаліла на векі тых, хто былі пакліканы да ўдзелу ў Яго сыноўстве.

Эўхарыстыя — гэта рэальнае выражэнне такога безумоўнага дару Езуса для ўсіх, нават тых, хто Яму здраджваў. Гэта ахвяра Яго Цела і Яго Крыві для жыцця людзей і на адпушчэнне грахоў. Кроў, знак жыцця, была нам дадзена праз Бога як саюз, каб мы маглі ўнесці сілу Яго жыцця туды, дзе пануе смерць з-за нашага граху і такім чынам яго знішчыць. Ламанае Цела і пралітая Кроў Хрыста азначаюць ахвяраваную Ім свабоду, якая праз эўхарыстычныя знакі ператварылася ў новую крыніцу адкупленай чалавечай свабоды. У Ім мы знаходзім абяцанне сапраўднага адкуплення і трывалую надзею на будучае шчасце. Ведаем, што праз Хрыста мы — не вандроўнікі да адхлані, да цішыні небыцця або смерці, а пілігрымы да зямлі абяцанай, да Яго, які ёсць нашай мэтай, а таксама нашым пачаткам.

Дарагія сябры, рыхтуйцеся, каб быць апосталамі з Хрыстом і так, як Хрыстус, каб быць сябрамі шляху і слугамі людзей.

Як перажываць гэтыя гады падрыхтоўкі? Гэта павінны быць перш за ўсё гады ўнутранай цішыні, нястомнай малітвы, пільнай вучобы і актыўнага ўключэння ў дзейнасць і душпастырскія структуры Касцёла. Ён з’яўляецца супольнасцю і інстытуцыяй, сям’ёй і місіяй, створанымі Хрыстом праз пасрэдніцтва Духа Святога, а адначасова — нашай справай, якую ствараем мы, з нашай святасцю і нашымі грахамі. Так хацеў Бог, які не пагарджае беднымі і грэшнікамі, каб рабіць іх сваімі сябрамі і прыладамі збаўлення роду чалавечага. Святасць Касцёла — гэта найперш аб’ектыўная святасць асобы самога Хрыста, Яго Евангелля і сакрамэнтаў, святасць гэтай сілы з вышыні, якая яго ажыўляе і пабуджае. Мы мусім быць святымі, каб не ствараць супярэчнасці паміж знакам, якім з’яўляемся, і рэчаіснасцю, якую жадаем азначаць.

Добра ўсвядомце гэтую таямніцу Касцёла, перажываючы гады вашай фармацыі з глыбокай радасцю, у паставе гатоўнасці, з бадзёрасцю і ў радыкальнай вернасці Евангеллю, а таксама ў поўным любові стаўленні да часу і людзей, сярод якіх жывяце. Ніхто не выбірае кантэксту або тых, да каго будзе скіравана яго місія. Кожная эпоха мае свае праблемы, але Бог у кожны час дае адпаведную ласку, каб іх прыняць і пераадолець з любоўю і рэалізмам. Таму святар ва ўсіх умовах, у якіх знаходзіцца, незалежна ад таго, наколькі яму цяжка, павінен прыносіць плёны добрых спраў у кожным вымярэнні, захоўваючы ў сваім сэрцы нястомныя жывыя словы з дня свайго пасвячэння — тыя, у якіх ён заахвочваецца прыпадабняць сваё жыццё да таямніцы крыжа Пана.

Дарагія семінарысты, упадабняцца Хрысту азначае ўсё больш поўна атаясамлівацца з Тым, які для нас стаў слугой, святаром і ахвярай. Упадабняцца Яму — гэта сапраўды заданне, якому кожны святар павінен прысвяціць усё жыццё. Мы ўжо ведаем, што гэтае заданне перавышае нас і мы не можам выканаць яго да канца, аднак, як кажа св. Павел, імкнёмся да мэты, маючы надзею, што яе дасягнем.

Але Хрыстус, Найвышэйшы Святар, з’яўляецца таксама Добрым Пастырам, які сцеражэ сваіх авечак ажно да аддання за іх свайго жыцця. Каб і ў гэтым наследаваць нашага Пана, вашы сэрцы павінны сталець у семінарыі, цалкам знаходзячыся ў распараджэнні Настаўніка. Такое адданне сябе ў распараджэнне, што з’яўляецца дарам Духа Святога, натхняе да рашэння жыць у цэлібаце для Валадарства Нябеснага, у адарванні ад зямных дабротаў, у суровасці жыцця і шчырай паслухмянасці без крывадушнасці.

Прасіце Яго, каб дазволіў вам наследаваць Яго ў любові да самага канца ў дачыненні да ўсіх, не выключаючы далёкіх і грэшнікаў, каб яны з вашай дапамогай навярнуліся і ўсталі на праўдзівы шлях. Прасіце Яго, каб навучыў вас быць асабліва блізкімі хворым і ўбогім з прастатой і велікадушнасцю. Сустракайце гэты выклік без комплексаў або пасрэднасці, але як важны спосаб рэалізацыі чалавечага жыцця ў бескарыслівасці і служэнні, як сведкі Бога, які стаўся чалавекам, пасланнікі незвычайна ўзнёслай годнасці чалавечай асобы і яе безумоўныя абаронцы. Падтрыманыя Яго любоўю, не давайце запалохаць сябе асяроддзю, у якім намагаюцца выключыць Бога і ў якім улада, валоданне або прыемнасць часта становяцца галоўнымі крытэрыямі, якімі кіруецца існаванне. Можа адбыцца так, што вамі стануць пагарджаць, як хочуць чыніць з тымі, хто нагадвае аб найвышэйшых мэтах ці выкрывае бажкоў, якім пакланяюцца сёння многія. Тады станецца так, што жыццё, глыбока ўкаранёнае ў Хрысце, акажацца сапраўднай навіной і будзе моцна прыцягваць тых, хто сапраўды шукае Бога, праўды і справядлівасці.

Заахвочаныя вашымі выхавацелямі, адкрыйце свае душы на святло Пана, каб убачыць, ці гэтая дарога, якая патрабуе адвагі, з’яўляецца вашай, і прымайце святарства толькі тады, калі будзеце глыбока перакананы, што Бог вас кліча, каб былі Яго сябрамі, і будзеце мець непахісную рашучасць, каб ёю ісці, будучы паслухмянымі прадпісанням Касцёла.

З гэтым даверам вучыцеся ў Таго, хто назваў сябе ціхім і пакорным сэрцам, пакідайце дзеля Яго ўсе чалавечыя жаданні, каб не шукаць свайго, але праз сваю паставу быць збудаваннем для вашых братоў, як гэта ўчыніў апякун іспанскага дыяцэзіяльнага духавенства св. Ян з Авілы. Ажыўленыя яго прыкладам, кіруйцеся асабліва да Панны Марыі, Маці Святароў. Яна зможа выхоўваць вашыя душы на ўзор Хрыста, свайго Божага Сына, і заўсёды будзе вас вучыць, як ахоўваць даброты, якія Ён набыў на Кальварыі для збаўлення свету. Амэн.

Адноўлена 22.08.2011 17:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі