Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на ІІ Нядзелю Адвэнту, Год В

4 снежня 2011 г., пінская катэдра

Адзіная аўтастрада, якая мае значэнне

Падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Гэтыя словы спеву перад чытаннем Евангелля вельмі добра адлюстроўваюць галоўную думку Адвэнту як часу падрыхтоўкі да Божага Нараджэння і другога прышэсця Пана. На жаль, для многіх людзей гэты час не з’яўляецца часам любові, якім павінен быць, а часам клопатаў, і нярэдка нервовых. Выкліканы яны перадусім тым, што мы найчасцей бачым у падрытоўцы да святаў толькі вонкавы аспект. Нам трэба паспець паслаць святочныя пажаданні, трэба падумаць, каго запрасіць у госці і куды самім пайсці, трэба купіць падарункі, якіх асабліва чакаюць дзеці, і г.д. Да гэтага далучаецца і рэлігійны аспект. Ісці да касцёла ці не, таму што на свята Божага Нараджэння цяжка знайсці ў ім месца, бо нечакана ўсе туды спяшаюцца.

Такім чынам, клопаты падрыхтоўкі да Божага Нараджэння часта становяцца больш значнымі, чым само свята. Таму сапраўднае разуменне Божага Нараджэння ў іх святле становіцца ўсё больш складаным.

2. Як кантраст гэтаму гучаць словы св. Яна Хрысціцеля, якія мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму. У іх знаходзіцца сапраўдны сэнс падрыхтоўкі да святаў Нараджэння Хрыстовага: трэба ўчыніць усё так, каб быць гатовымі да прышэсця Збаўцы ў нашыя сэрцы.

3. У апошнія дзесяцігоддзі ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі, былі зроблены добрыя дарогі і нават аўтастрады. Яны злучылі паміж сабой гарады і нават цэлыя краіны. У працэсе пабудовы новых дарог некаторыя горкі былі зраўнаваны, даліны засыпаны, канструкцыі знесены і г.д.

Існуе паралель паміж тым, што робіцца бульдозерамі ці іншымі дарожна-будаўнічымі машынамі пры будаванні дарог, і словамі закліку св. Яна Хрысціцеля: кожная даліна павінна быць запоўнена, кожная горка і пагорак зраўнаваны, крывізны дарогі выпраставаны, а няроўнае пакрыццё дарогі павінна стаць гладкім (пар. Лк 3, 5).

Гэтыя словы адвэнтавага прарока св. Яна Хрысціцеля з’яўляюцца праграмай падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Мы павінны зраўняць горы нашых грахоў і запоўніць даліны амаральных падзенняў і занядбанасці. Мы таксама павінны зрабіць гладкімі няроўныя і выбоістыя дарогі нашага жыцця. Словам, мы павінны збудаваць найбольш значную дарогу ў нашым жыцці — аўтастраду для Бога, які прыходзіць у нашы адкрытыя сэрцы.

4. Напэўна, мы не зможам пазбегнуць тых ці іншых цяжкасцяў у падрыхтоўцы да Божага Нараджэння. Мы не можам ігнараваць выпрабаваных стагоддзямі традыцый нашых продкаў, як, напрыклад, рараты, елка, яслі, калядаванні, ламанне аплаткай і г.д.  З іншага боку, мы не можам дазволіць сабе быць захопленымі толькі вонкавымі справамі, абцяжаранымі тысячамі праблем, прыгнечанымі камерцыялізацыяй святаў. Усе гэтыя рэчы вырываюць Бога з нашага жыцця і вядуць да таго, што губляецца сэнс і дух Божага Нараджэння. Таму сапраўды прыйшоў час адкінуць ад сябе гэтыя вонкавыя рэчы і пазнаваць сапраўдны сэнс Божага дару, які мы атрымліваем на Нараджэнне Хрыстовае.

5. Адна жанчына любіла ўспамінаць гісторыю, якая здарылася з ёю і кардынальна змяніла яе жыццё. Будучы малой дзяўчынкай, на Божае Нараджэнне, ідучы каля касцёла, яна ўбачыла святара і прывітала яго словамі: «Шчаслівага Раства». У адказ пачула: «Няхай Хрыстус народзіцца ў табе». Гэтыя словы ў той час ёй падаваліся вельмі дзіўнымі. Тады яна не магла іх зразумець. Аднак потым яна іх зразумела вельмі добра. А менавіта тое, што Адвэнт — гэта час духоўнай падрыхтоўкі і перамены, каб Хрыстус знайшоў месца ў нашых сэрцах.

Якім чынам можам гэта ўчыніць? Найперш трэба прымаць актыўны ўдзел у адвэнтавых набажэнствах, у тым ліку ў раратах, у рэкалекцыях і іншых духоўных практыкаваннях. Неабходна памятаць і аб справах дабрачыннасці, бо Езус прыходзіць да нас у вобразе бедных, патрабуючых і самотных.

Адна гісторыя распавядае пра беднага хлопчыка, які стаяў у чарзе ў кіно, але ў залу не ўваходзіў. Нехта спытаўся: «Чаму ты не ідзеш глядзець кіно, а толькі стаіш сярод людзей? Калі ў цябе няма грошай заплаціць за білет, то я табе яго куплю». Хлопчык адказаў: «Я адзінокі, і мне падабаецца быць сярод людзей».

Чалавек таксама быў адзінокім, і толькі Сын Божы сваім уцелаўленнем прыгарнуў яго да сябе.

Падчас падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння трэба духоўна яднацца з Марыяй, якая з’яўляецца вобразам адвэнтавага чування, каб разам з ёй адказаць Богу нашае «так», гэта азначае прыняць Божую волю і жыць паводле Яго закону.  

6. Таму, дарагі брат і сястра, выкарыстай належным чынамі Адвэнт і падрыхтуй дарогу прыходзячаму Пану! Падрыхтуй сваё сэрца, каб у ім нарадзіўся Хрыстус, бо інакш страціш сэнс гэтага збаўчага моманту. Вялікі Адам Міцкевіч казаў: «Верыш, чалавек, што Бог нарадзіўся ў бэтлеемскіх яслях, але бяда табе, калі Ён не народзіцца ў тваім сэрцы». Амэн.

Адноўлена 02.12.2011 17:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі