Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы пасвячэння ў святары і дыяканы

16 чэрвеня 2012 г., мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Святарства — радасць і надзея

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Каталіцкі Касцёл у Беларусі сёння перажывае вялікі і знакавы дзень. Раніцай у пінскай катэдры адбыўся інгрэс новага Пінскага біскупа Антонія Дзям’янкі, які стаў трэцім ардынарыем гэтай дыяцэзіі. Уступленне на пасаду новага Пінскага біскупа завяршыла доўгі працэс нармалізацыі жыцця Касцёла ў нашай краіне, калі ўжо ўсе дыяцэзіі маюць сваіх біскупаў ардынарыяў.

Мы малітоўна жадаем біскупу Антонію Дзям’янку, які больш за сем гадоў працаваў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Божага благаслаўлення і поспехаў у яго служэнні пінскаму Касцёлу.

2. Другой нагодай для радасці і надзеі з’яўляюцца святарскія і дыяканскія пасвячэнні для Мінска-Магілёўскай архідыяцзіі, у якіх мы прымаем удзел.

Як біскуп гэтай архідыяцэзіі, я вельмі рады ўключыць у яе «прэзбітэрат» чатырох новых святароў і ўдзяліць пасвячэнне дваім новым дыяканам. Разам з вамі, дарагія святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі семінарый, дзе праходзілі фармацыю кандыдаты ў прэзбітэрат і дыяканат, іх бацькамі і блізкімі, а таксама з усімі прысутнымі дзякую Міласэрнаму Богу за гэты такі вялікі і такі патрэбны Касцёлу ў Беларусі дар.

Благаслаўлёны папа Ян Павел II назваў святарства дарам і таямніцай. Сёння вы, прымаючыя прэзбітэрат і дыяканат, становіцеся рэальнымі ўдзельнікамі гэтай таямніцы і дарам для Касцёла. Касцёл разлічвае на вас і чакае духоўнага плёну вашага служэння, найперш спатканне чалавека з Хрыстом, як адзіным Збаўцам свету, каб ад Яго атрымаць новае жыццё, сапраўдную духоўную свабоду, поўню радасці і надзеі. Таму ўсе мы сёння пакліканы ўвайсці ў гэтую «таямніцу» святарства і перажываць яго «дар».
 
3. Дыяканскае пасвячэнне прызначана для служэння. Слова «дыякан» паходзіць ад грэчаскага «дыяканія», што азначае служэнне. У функцыі дыякана ўваходзіць абвяшчэнне слова Божага, служэнне ля алтара падчас Эўхарыстыі і служэнне міласэрнасці. Дыякан таксама з’яўляецца ардынарным служыцелем сакрамэнту хросту. Атрымаўшы дазвол касцёльнай улады, ён мае права благаслаўляць сужэнствы. У яго абавязкі ўваходзіць ўдзяленне святой Камуніі вернікам і віятыку паміраючым, благаслаўленне людзей і рэчаў, узначальванне многіх набажэнстваў і пахаванняў.

Асаблівым заданнем дыякана з’яўляецца служэнне міласэрнасці, што ў наш час вострай неабходнасці новай евангелізацыі вельмі важна і актуальна. Праўду Евангелля сёння неабходна несці не толькі абвяшчэннем Божага слова, але і любоўю да бліжняга. Гісторыя хрысціянства сведчыць, што менавіта праз яе многія людзі пазналі Хрыста.

Як бачна, функцыі дыякана вельмі важныя і шырокія. Спадзяюся, што служэнне новых дыяканаў стане радасцю для Касцёла і людзей, дасць ім новую надзею, а таксама будзе далейшым шляхам фармацыі да святарства.  

4. Святар Новага Запавету пакліканы да выконвання трайной функцыі — вучыць, асвячаць і ў любові кіраваць даверанай яму часткай Божага народу. Гэтыя функцыі ён выконвае не ад свайго імя і не сваёй чалавечай моцай, але Хрыстовай. Святар становіцца выбраным інструментам у руках Пана. Таму, калі ён абвяшчае і тлумачыць Божае слова, гэта чыніць сам Хрыстус. Калі хрысціць, то сам Хрыстус ачышчае чалавека ад першароднага граху. Калі спавядае, то ніхто іншы, як толькі Хрыстус, адпускае грахі. Калі цэлебруе Эўхарыстыю, то сам Збаўца бяскроўным спосабам ахвяруецца на алтары.

Сучасны чалавек ганарыцца дасягненнямі розуму і сваімі магчымасцямі. Але хто можа выканаць тое, што выконвае святар? Ніхто!

5. Заданне, якое стаіць перад святаром, вельмі адказнае і вялікае — прывесці людзей да Бога, што ў наш час наступаючага секулярызму і лібералізму становіцца ўсё больш цяжкім. Адкуль браць для гэтага адпаведныя сілы? Адказ дае сам Хрыстус.

Евангелле, якое мы пачулі, распавядае пра вызнанне апосталам Пятром веры ў Хрыста як Сына Божага (пар. Лк 9, 20). Гэтае вызнанне якасна адрознівалася ад вызнання іншых людзей.

Як яно нарадзілася? Калі звернем увагу на пачатак гэтага евангельскага аповеду, то лёгка заўважым, што вызнанне веры апостала Пятра ў Езуса як Сына Божага цесна звязана з малітвай. Апосталы заставаліся на малітве з Езусам і бачылі Яго размаўляючым са сваім нябесным Айцом (пар. Лк  9, 18). Такім чынам, на малітве яны ўбачылі ў Езусе Божага Сына, убачылі тое, чаго не бачылі іншыя.

Адсюль выходзіць указанне адносна жыцця і місіі святара. Менавіта на малітве ён пакліканы адкрываць заўсёды новае аблічча Езуса і змест сваёй місіі. Толькі маючы цесныя адносіны з Хрыстом, можна несці Яго іншым. Таму для паспяховага выконвання сваёй місіі неабходна заўсёды заставацца з Ім, каб Ён спадарожнічаў у выконванні святарскіх абавязкаў.

Пасля вызнання Пятром веры ў Хрыста як Сына Божага і абяцанні яму прымату Езус нагадвае пра свае цярпенні, смерць і ўваскрашэнне. Пры гэтым Ён парадаксальна кажа, што хто жадае захаваць сваё жыццё, то павінен яго страціць (пар. Лк 9, 22-24). Гэтыя словы нагадваюць пра тое, што кожны хрысціянін павінен несці свой крыж. Гэта датычыць у першую чаргу святара.

Аб гэтым нагадвае добра і тое, што святарскае пасвячэнне адбываецца падчас святой Імшы, якая ажыццяўляе збаўчую ахвяру Хрыста.

Было б вялікай памылкай глядзець на святарства як на нейкую сацыяльную пазіцыю ў грамадстве. Хто праз святарства жадае рэалізаваць свае амбіцыі і дасягнуць жыццёвага поспеху, той будзе нявольнікам самога сябе і публічнага меркавання. Тады ён павінен будзе казаць людзям тое, што ім падабаецца; павінен будзе дастасавацца да іх пажаданняў і нават змяняць маральныя патрабаванні. Такім чынам ён сам страціць адносіны з праўдай і ў імя паліткарэктнасці ў маральных справах ад яе адмовіцца.

У той жа час святарства — гэта штодзённае ўзрастанне ў любові да Бога і людзей, да якіх святар пасланы. Толькі тады, калі кожны дзень будзем атаясамліваць сябе з Божай воляй і пагружацца ў яе, будзем лепш разумець сэнс ласкі святарства і святарскага служэння. А гэтага чакае ад нас Касцёл і чакаюць людзі.

6. Калі Езус учыніў цуд памнажэння хлеба, за Ім пайшло шмат людзей. Гэта зразумела, бо кожны хоча есці. Бачачы такія паводзіны людзей, Езус паабяцаў ім хлеб жыцця вечнага. Яны адразу пачалі прасіць, каб даў ім яго. Аднак, калі Езус сказаў, што гэтым хлебам ёсць Ягонае Цела, яны адышлі. Тады Ён спытаўся ў апосталаў, ці і яны часам не хочуць адысці. На што Пётр адказаў: «Куды мы пойдзем? Ты маеш словы жыцця вечнага» (пар. Ян 6, 28-68).

Дарагія духоўныя сыны, якіх пасвячаю ў дыяканы і прэзбітэры!

Сучасны чалавек заблукаў у сваім жыцці. Ён усё больш давярае сабе і аддаляецца ад Бога. Гэта дарога ў нікуды, дарога, якая вядзе да дэградацыі чалавека і да самавынішчэння, дарога да цывілізацыі смерці, а не жыцця. А мы ўсе створаны, каб жыць вечна.

Дарагія пасвячаемыя, дарога, якую прадстаўляе нам Евангелле, з’яўляецца дарогай вашай духоўнасці і пастырскай місіі, дарогай, на якой вы зможаце ажыццявіць сваё пакліканне і дасягнуць шчасця.

Няхай на гэтым шляху вам спадарожнічае Марыя, Беззаганнае Сэрца якой сёння Касцёл праслаўляе. Даверце ёй сваё служэнне, каб праз яе быць заўсёды злучанымі з Хрыстом і Яго моцай карміць людзей словам і хлебам жыцця вечнага і дарыць ім новую надзею, нават насуперак надзеі (пар. Рым 4, 18). А Хрыстус Першасвятар, які вас паклікаў, няхай вас благаславіць, каб вы былі радасцю і надзеяй Касцёла і нашага народа. Амэн.       

Адноўлена 16.06.2012 21:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі