Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Імшы ў ноч падчас будслаўскіх урачыстасцяў

Усё мінае, толькі Бог застаецца

«Вялiкае ўчынiў мне Усемагутны, а імя Яго святое. І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне» (Лк 1, 49-50).

 

Дарагiя браты i сёстры

1. Гэтыя словы велiчнага гімна Марыi «Magnificat» мы пачулi ў сённяшнiм Евангеллi. Марыя дзякуе Богу за выбар быць Мацi Збаўцы. Разам з Ёй сёння ў прысутнасцi спецыяльнага папскага пасланніка, арцыбiскупа Вены Яго Эмiнэнцыi кардынала Крыстафа Шонбарна, мы дзякуем Богу за сярэбраны юбiлей адраджэння структур Каталiцкага Касцёла ў Беларусi.
      
У цяжкiя часы ганенняў на веру наш народ даверыўся Марыi, i сёння наша Апякунка — Божая Мацi Будслаўская — у працэсii прывяла да алтара, каб на iм скласцi эўхарыстычную ахвяру падзякi за свабоду веравызнання i дар адраджэння веры, перапрасiць за не да канца выкарыстаныя магчымасцi, якiя нам дае Божы Провiд, i таксама прасiць благаслаўлення на будучыню.
 
2. Прынятае нашымi продкамi больш за дзесяць стагоддзяў таму хрысцiянства ўвяло нашу краiну ў супольнасць еўрапейскіх народаў. Ужо тады мiласэрны Бог адкрыў перад намi Ерузалемскi Вячэрнiк, каб штодзённа ўмацоўваць сваiм Духам. Прысутнасць на нашых землях ад самага пачатку ўсходняга i заходняга хрысцiянства яшчэ раз пацвярджае ўскладзеную на нашу Бацькаўшчыну ролю маста, якi аб’ядноўвае Усход i Захад.
       
Уваход у сферу хрысцiянскай цывiлiзацыi стаўся паваротным пунктам нашай гiсторыi. Евангелле прынесла новае рэвалюцыйнае бачанне роўнасцi адносiн памiж людзьмi. Няма нi габрэя, нi грэка, але ўсе Хрыста, — як кажа св. апостал Павел. Яно заклiкае да мiру i прабачэння, ставiць чалавечую асобу вышэй за рэчы, уладу ўспрымае як служэнне i вучыць, што перад маральным законам усе аднолькавыя.
       
Хрысцiянства ўвяло ў жыццё нашага народа ўнiкальную канцэпцыю sacrum et profanum — cакральнага i свецкага, таго, што боскае, i таго, што кесарава. Увяло iдэю iх аўтаномii i адначасова ўзаемадзеяння аднаго з адным з мэтай служыць чалавеку.

Сёння мы дзякуем Богу за дар хрысціянскай веры. Больш за тысячу гадоў у часы спрыяльных для яе росквіту i часы ганенняў яна апладняла нашу зямлю i працягвае гэта рабіць, на фундаменце Евангелля творачы новы Божы народ. Дзякуючы хрысціянству Беларусь не з’яўляецца краінай, дзе паляцца вогнішчы нянавісці i адбываюцца рэлігійныя войны.

3. Як і паўсюль, таксама i на нашай зямлі хрысціянства мела i працягвае мець два вымярэнні — духоўнае i грамадскае. Духоўнае, бо прынесла на нашы землі новую рэлігію. Грамадскае, бо дапамагло i дапамагае на хрысціянскіх каштоўнасцях будаваць наша жыццё. Гэтыя два элементы перапляліся так моцна, што іх нельга раздзяліць. Дзякуючы духоўнаму элементу нашы продкі не адракліся сваёй веры, хрысціянскай тоеснасці i баранілі свае духоўныя карані. У гісторыі нашага народа былі часы, калi здавалася, што Касцёл больш не будзе існаваць, але вера была той сілай, якая дапамагла вытрываць, сведкамі чаго з’яўляюцца нядаўнія часы ганенняў. У тыя цяжкія часы нашы продкі выбралі веру i баранілі Касцёл з надзеяй, што прыйдзе час свабоды.

Таму, перафразуючы словы св. Яна Паўла II, можна сказаць, што нельга зразумець нашай гісторыі без Хрыста. У часы ганенняў людзі баранілі касцёлы, маліліся таемна, як першыя хрысціяне, як быццам у катакомбах, каб толькі захаваць скарб хрысціянскай веры. Тады наш народ выбраў вернасць Касцёлу, аўтэнтычную любоў да хрысціянскай Бацькаўшчыны i надзею на свабоду, што, нягледзячы на афіцыйную iдэалогiю атэізму, фармавала яго дух. I калi прыйшоў час свабоды, схаваная пад зямлёй рака веры вырвалася наверх.

Схіляючы галовы перад тымi, хто баранiў веру i яе адраджаў, мы, iх нашчадкі, павінны заставацца вернымі сваёй хрысціянскай спадчыне, бо яна — наш выпрабаваны стагоддзямі падмурак для шчаслівай будучыні.

4. Калi сёння з удзячнасцю ўспамінаем часы прыняцця хрысцiянства нашымi продкамi, устанаўленне iерархiчных структур Каталiцкага Касцёла на нашай зямлi i iх адраджэнне 25 гадоў таму, то чынiм гэта таксама i для таго, каб супольнай удзячнасцю ахапіць усю нашу хрысцiянскую гiсторыю, усiх людзей, якiя прыкладам свайго жыцця, хрысцiянскiм сведчаннем, нярэдка цярпеннямi i нават мучанiцтвам пацвердзiлi прыналежнасць да Бога i Касцёла. Гэта сталася магчымым дзякуючы духоўнай сiле, якая перамагае ўсялякае зло i грэх.

Гiсторыя хрысцiянства i Касцёла на нашай зямлi — гэта добры ўрок на будучыню, што з Божай дапамогай мы можам дасягнуць вялiкiх рэчаў, калi толькi будзем жыць згодна з хрысцiянскiмi каштоўнасцямi.

5. Хрысцiянская цывiлiзацыя нашага народа не з’яўляецца чымсьцi скамянелым, яна патрабуе развiцця, патрабуе не толькi традыцыi i ўкрытых у зямлi каранёў гэтага шматвяковага дрэва нашай веры, але таксама новых маладых зялёных галінак і лiсцяў, якiя нагадваюць аб тым, што дрэва веры не памерла, але жыве.

Гэта складаны працэс, у якiм мы ўсе паклiканы браць удзел. Таму мы павiнны чэрпаць з нашай багатай i адначасова трагiчнай гiсторыi сведчанне нашых бацькоў, дзядоў i прадзедаў i абагачаць яго новымi пастырскiмi метадамi ў адпаведнасцi з выклiкамi часу.

6. Мы з’яўлямся сведкамi нiшчэння хрысцiянскай цывiлiзацыi i спробаў замены яе новымi секулярнымi канцэпцыямi. Адбываецца дэфармацыя духоўных каштоўнасцяў, у вынiку чаго евангельскiя замяняюцца сурагатнымi. На фоне матэрыяльнага дастатку адбываецца духоўны крызiс. Гэта выклiкi нашага часу, на якiя неабходна адказваць, не адкладаючы на заўтра, бо яно распачынаецца сёння. Для гэтага неабходна даверыцца сiле нашай хрысцiянскай тоеснасцi. З хрысцiянства мы павiнны чэрпаць натхненне.

У сувязі з гэтым нам неабходна адказаць на наступныя пытаннi. Цi садзейнічаем мы таму, каб у нас i ў нашым народзе панаваў хрысцiянскi дух? Цi не трэба нам з большай адвагай сягнуць да ласкi хрысцiянства, каб адтуль чэрпаць сiлы прыналежнасцi да Бога, перамагчы iснуючыя сярод нас падзелы i шукаць еднасцi, якой усе так патрабуем? Можа, у нашым грамадскiм жыццi вычарпаўся чалавечы патэнцыял i прыйшоў час сягнуць да Божага?

Тамiльская прыказка кажа, што якiм бы галодным ні быў тыгр, ён нiколi не будзе есці травы. Гэта азначае, што нават у найбольш складанай сiтуацыi чалавек не павiнен страцiць сваёй годнасцi.  

7. Разважаннi над адраджэннем структур Каталiцкага Касцёла ў Беларусi адносяцца не толькi да мiнулай гiсторыi, але i да нашай сучаснасці і будучынi. Задумваючыся аб ёй у сацыяльным, палiтычным, эканамiчным, культурным i інш. вымярэннях, мы найперш павiнны думаць аб духоўным, аб тым, цi пазначана наша жыццё хрысцiянскiмi каштоўнасцямі.

Адно з найбольш важных пытанняў сённяшняга дня датычыцца ажыўлення веры сучаснага чалавека, асаблiва моладзi. Мы павiнны даць рашучы адказ на пытанне: цi не варта мець пад нагамі цвёрды духоўны падмурак, каб не згубіцца ў секулярызме i свеце размытых i рэлятыўных каштоўнасцяў?

Трэба памятаць аб тым, што хрысцiянства з’яўляецца патрабуючым. Гэта пастаянная барацьба праўды з фальшам, дабра са злом, прыгажосцi з брыдотай, этыкi з грахом, свабоды са зневальненнем, каштоўнасцяў з антыкаштоўнасцямi, сэнсу з бессэнсоўнасцю, жыцця са смерцю, iснавання з небыццём.

Каб у гэтай барацьбе перамагчы, недастаткова толькi верыць у Бога. Трэба яшчэ заставацца верным Яму. Гэта азначае, што не можа быць супярэчнасцi памiж тым, у што мы верым, i тым, як жывём. Сведчанне веры прамаўляе значна мацней, чым сама вера, бо вера без учынкаў мёртвая, — як вучыць св. апостал Якуб (пар. Як 2, 26).

Прыкладам гэтай вернасцi сталi нашы бацькi i дзяды. Прыкладам можа служыць жыццё i сведчанне святой памяцi жывога мучанiка кардынала Казiмiра Свёнтка, многiх мучанiкаў i сведкаў веры нашай зямлi — бiскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў i свецкiх вернiкаў. У цяжкiя часы ганенняў на Касцёл яны былi маякамi веры ў бушуючым моры пераследу на шляху да свабоды.

Таксама i сёння нам патрэбна вернасць Хрысту i Евангеллю. Сучасны свет перажывае небывалы парадокс. У глабалiзаваным свеце шмат прыгожых будоўляў, але ўсё менш хатняга сямейнага цяпла; шмат амбiтных праектаў, але мала часу, каб жыць тым, што дасягнута; шмат спосабаў i сродкаў весцi прыемнае жыццё, але ўсё больш пустых сэрцаў; шмат прыемнасцяў, але мала любовi; шмат свабоды, але мала аўтаномii. З ростам колькасці самотных людзей адначасова павялічваецца колькасць тых, якiя замыкаюцца ў эгаізме, меланхолii, дэструктыўным насіллі i няволi прыемнасцяў а таксама бажкоў багацця, — як кажа Папа Францiшак (пар. http://w2.vatican.va/content/francesco/ pl/homilies/2015/documents/papa-francesco_20151004_omelia-apertura-sinodo-vescovi.html).

Таму хрысціяне не могуць дазволіць сабе займацца толькі сваімі справамі i не зважаць на сучасны крызіс або спадзявацца, што сама хрысціянская спадчына i далей будзе натхняць i фармаваць нашу будучыню. Таму кожны з нас паклiканы, каб, iдучы сваiм жыццёвым шляхам, садзейнічаць будаванню Божага Валадарства праз унясенне хрысціянскіх каштоўнасцяў у жыццё, — як вучыць Папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/speeches/2010/september/documents/hf_ben-xvi_spe_20100918_veglia-card-newman.html).

8. Вернасць хрысцiянскiм караням не азначае механiчнага капiявання прыкладаў з мiнулага. Яна павiнна быць творчай, гатовай адплысцi на глыбiню, адкрытай на новыя выклiкi, чулай да знакаў часу. Праяўляецца яна таксама i ў клопаце аб развiццi роднай культуры, у якой ужо дзесяць стагоддзяў прысутнiчае хрысцiянскi элемент. Вернасць караням азначае і ўменне будаваць сувязь памiж гiстарычныiмі каштоўнасцямi, якiя былi выпрабаваны часам, i выклiкамi сучаснасцi, памiж верай i культурай, Евангеллем i жыццём, — як кажа св. Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/pl/speeches/1997/june/documents/hf_jp-ii_spe_19970610_congedo-polonia.html).

Гэтую творчую вернасць чалавек сам без Божай дапамогi не можа перадаць iншым. Марыя прыняла Божую волю, засталася ёй вернай, перадала людзям свайго часу i перадае нам. Як Мацi мiласэрнасцi, Яна заўсёды клапоцiцца пра нас i нiколi не пакідае адных з нашымi праблемамi.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як Езус заўважыў, што ў небе знаходзяцца крыху падазроныя асобы. Ён сурова спытаў у Пятра, чаму той слаба пiльнуе брамы неба. «Не, у мяне ўсё ў парадку», — адказаў Пётр. «А як гэтыя людзi сюды трапляюць?» — спытаў Езус. «Праз бакавыя дзверы», — адказаў Пётр. «А хто iх пільнуе?» — спытаў Бог. «Твая Міласэрная Мацi», — сказаў апостал.

9. Так, дарагiя браты i сёстры! Марыя, як Мацi Мiласэрнасцi, заўсёды з намi, каб даць нам надзею, нават насуперак надзеi.

Марыя, Мацi Божая Будслаўская, Ты ўжо больш за чатырыста гадоў баронiш нас i вядзеш да Твайго Сына, у Юбiлейны Год Божай Мiласэрнасцi i ў юбiлей 25-годдзя адраджэння структур Каталiцкага Касцёла ў Беларусi Табе давяраем наш лёс. Выпрасi ў свайго Сына ласку заўсёды заставацца вернымi нашаму хрысцiянскаму паклiканню, быць яго сведкамi i баранiць духоўныя каштоўнасцi, якiмi Бог нас адорвае ў адроджаным Касцёле. Не дазволь, каб у гэтым змаганнi мы страцiлi адвагу, бо ў свеце ўсё праходзiць, застаецца толькi Бог, у мiласэрнасцi якога наша надзея. Амэн.

Адноўлена 04.07.2016 14:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі