Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Элізабэта Кастанья пра стварэнне фільма «Таямніцы Меджугор’я»
Інтэрв'ю
09.09.2011 11:31

Ці магчыма зняць фільм пра цуды? Элізабэта Кастанья (Італія), аўтар сцэнарыя і рэжысёр фільма «Таямніцы Меджугор’я», рэалізавала гэта ўжо ў другі раз. У 2010 годзе Кастанья прадставіла на фестывалі «Magnificat» фільм пра Фаціму, а на наступны год плануе прывезці фільм пра Маці Божую з Чывітавеккьі. Такім чынам, гэтыя тры стужкі стануць трыпціхам духоўнага пошуку Элізабэты Кастаньі.

— Элізабэта, думаю, не памылюся, калі скажу, што праца над стварэннем фільма пра Меджугор’е была не столькі творчым працэсам, колькі ўнутраным пошукам.

— Так, у пэўным сэнсе гэта праўда. Я паехала ў Меджугор’е па запрашэнні, на фестываль. Паехала туды з цікаўнасці. Мне хацелася паглядзець, што адбылося ў гэтым горадзе. Найбольш мяне ўразіў той цуд, які стаўся з сонцам. Мне сказалі, што было б цікава развіць гэтую тэму і прапанавалі зрабіць дакументальны фільм. Ствараючы гэты фільм, я паставіла сябе ў нейтральную пазіцыю, каб зразумець, што гэта ўсё ж такі было. Гэта быў добры вопыт для мяне. Я нават сама змянілася.

— Як выглядаў пошук інфармацыі для фільма?

— Было складана шукаць інфармацыю. Я сустрэла шмат недаверу. Было відаць, што людзі жылі пры пэўным рэжыме і акрамя гэтага там ішла вайна. Маімі аператарамі былі мусульмане з Сараева. На іх глядзелі з вялікім недаверам. Але ў рэшце рэшт усё наладзілася.

Мы змаглі ўсё зрабіць таксама дзякуючы Провіду. Нават былі наладжаны добрыя кантакты, адбыліся добрыя сустрэчы паміж католікамі і мусульманамі Меджугор’я.

— Акрамя людзей, якія жывуць у Меджугор’і, што яшчэ стала крыніцай інфармацыі?

— Перад тым, як ехаць у Меджугор’е, я чытала розныя кнігі. Таксама я з вялікім даверам ставілася да тых, хто займаецца арганізацыяй пілігрымак у гэтае месца.

— Вы ведаеце, што стаўленне Касцёла да цудаў у Меджугор’і неадназначнае. І ўсё ж такі Вы прымаецеся за працу...

—  Я старалася не займаць ніякага боку. Між іншым, сустрэла вельмі добрыя адносіны з боку духавенства. Я брала інтэрв’ю ў аднаго кардынала, і калі ён паглядзеў завершаную працу, то нават заплакаў. Адчувала добрую рэакцыю і з боку іншых святароў, якія глядзелі гэты фільм. Работа атрымалася цалкам нейтральная.

Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

 

фДаведка

24 чэрвеня 1981 г. чатыром дзецям з Меджугор’я з’явілася, па іх словах, Маці Божая. На наступны дзень Панну Марыю ўбачылі яшчэ двое іх сяброў. З гэтай пары, паводле сведчанняў, Маці Божая з’яўляецца ім ўжо на працягу больш чым 25 гадоў, кіруе імі ў малітоўным жыцці і перадае праз іх кароткія пасланні ўсяму свету.

У 1991 г. епіскапат былой Югаславіі прызнаў, што дадзеныя аб’яўленні не маюць звышнатуральнага характару. У 1996 г. Апостальская Сталіца сцвердзіла, што да санктуарыя ў Босніі і Герцагавіне не варта арганізоўваць афіцыйныя пілігрымкі.

Святым Айцецом Бэнэдыктам XVI з мэтай выявіць праўду пра аб’яўленні Маці Божай у Меджугор’і (Боснія і Герцагавіна) у 2010 г. было пастаноўлена стварыць пры Кангрэгацыі Веравучэння спецыяльную камісію, якая будзе займацца даследаваннем справы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.