Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Алег Вінярскі: першая задача хрысціянскага кіно — захаваць свой чалавечы і Божы воблік
Інтэрв'ю
10.09.2011 00:10

Пра значэнне хрысціянскіх фільмаў, пра тое, да чаго імкнуцца іх стваральнікі, і аб тым, як рэлігійнае кіно можа змяніць чалавека, распавядае Алег Вінярскі, дыктар Беларускага радыё і тэлебачання, радыёрэжысёр. Алег Вінярскі з’яўляецца пастаянным членам журы Міжнароднага каталіцкага фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», а таксама агучвае замежныя фільмы, прадстаўленыя на конкурс.

— Алег Аляксандравіч, гаворка пойдзе пра хрысціянскія фільмы. Якія мэты ставяць перад сабою іх стваральнікі?

— У мяне, на жаль, досвед не такі багаты, як у тых мастакоў, якія працуюць у кінематографе ўсё жыццё і амаль што ўсё творчае жыццё. Мне толькі ў апошнія сем гадоў давялося ўдзельнічаць у стварэнні многіх стужак такога напрамку, і я вельмі шчаслівы, што пазнаёміўся з Юрыем Мікалаевічам Гарулёвым, які якраз і накіраваў мяне да гэтай дзейнасці.

Да гэтага, працуючы на Беларускім радыё, я прымаў удзел у рэлігійных перадачах, у перадачах хрысціянскага кшталту. Для мяне гэта было шчырае спасціжэнне глыбіні сутнасці жыцця. Пасля гэтых радыёперадач я далучыўся да кіно і менавіта да дакументалістыкі. Я лічу, што перш за ўсё дакументальнае кіно валодае магчымасцю зазірнуць непасрэдна ў паўсядзённае жыццё чалавека і паназіраць за яго духоўнымі працэсамі, за яго духоўнымі пошукамі. Мне здаецца, што на сённяшні дзень беларускія кінематаграфісты шукаюць плён у гэтай глебе і, думаю, яны на правільным шляху. Таму што першым героем гэтых стужак павінен быць чалавек, яго жыццё, яго духоўнае жыццё, яго суіснаванне з сённяшнім днём. І на якія каштоўнасці, жывучы ў гэтым няпростым свеце, у гэтым змроку, поўным суетнасці і непавагі, ён зможа абапірацца, каб працягнуць свой чалавечы шлях. У нас адлюстроўваецца воблік Госпада і мы павінны яго захаваць напрацягу ўсяго жыцця. Вось, мне здаецца, у гэтым першая задача хрысціянскага кіно — захаваць свой чалавечы і Божы воблік, нягледзячы на ўмовы, якія нас акружаюць.

— На Вашу думку, ці не звужае дыяпазон тэм рэлігійны характар фільмаў?

— Канечне, пэўнае кола праблем застаецца па-за межамі рэлігійнага фільму. Але ў рэлігійным фільме можна неяк прадбачыць тое, што будзе з чалавецтвам, тое, што будзе з намі праз нейкі час. Калі мы бачым у кадры манаха ці святара, духоўную асобу, то ён, мне здаецца, бачыць некалькі глыбей, чым мы. Але ёсць мяжа, за якую ён не можа зазірнуць, не можа ўбачыць, што адбываецца з чалавекам, які жыве ў свеце.

Канечне, рэлігійныя фільмы ў якойсьці меры адлюстроўваюць тое, што павінна адбывацца ўнутры кожнага маленькага сусвету, багаслоўскага сусвету. А тое, што будзе вырашаць кінематограф свецкі, гэта ўжо іншае. Хоць мы бачым на прыкладзе многіх стужак такіх майстроў, як Андрэй Таркоўскі, Аляксандр Сакураў тое, што гэтыя людзі паглыбіліся ў духоўныя праблемы і іх можна назваць кінематаграфістамі, якія шукаюць выйсця з няпростага становішча, у якое патрапіў сусвет.

— Як Вы думаеце, чаму для фільмаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, не зусім адкрыты шлях на тэлебачанне, да больш шырокага кола гледачоў?

— Мне здаецца, трэба чакаць, калі зменіцца стаўленне да дакументальнага кіно як да другараднага кінематографа. Мы ўсе крычым, што ў нас добры дакументальны кінематограф, мы чуем і чытаем у газетах, што беларускі кінематограф вельмі значны і мае ўзнагароды таксама з іншых міжнародных фестываляў. Але чаму мы прывозім узнагароды, а нашы гледачы не могуць па-сапраўднаму ацаніць гэтыя стужкі. Вось калі народ зможа сказаць, што ён глядзіць гэтае кіно, тады мы зможам сказаць, што вось гэтае мастацтва ўвайшло ў паўсядзённае жыццё. А пакуль што мы ў пошуках. І пакуль не скончыцца перыяд такога чалавечага хістання, калі чалавек распадаецца, калі распадаецца асоба чалавека, калі яго ўнутраны сусвет не мае нейкага ўнутранага магутнага фундаменту, і калі мы ўсе існуем як нейкія асколкі, да той пары мы будзем прадстаўляць толькі разрозненыя часткі цэлага. А трэба набыць зноў цэласнасць чалавеку. Вось калі ён зноў такі паглыбіцца ў сябе, калі мы адчуем, што ў чалавецтве з’явіліся новыя асобы, якія могуць паказаць прыклад існавання на зямлі, і могуць ісці па гэтым жыцці, і аб іх будуць казаць, калі гэты прыклад будзе ўздзейнічаць на іншага чалавека, на селяніна, на гараджаніна, вось тады, можа, у грамадстве з’явіцца магчымасць сказаць, што мы не дарэмна працавалі ў гэтым напрамку.

Трэба чакаць уздыму пассіянарыяў, таму што таленты нараджаюцца, але трэба самаахвярнасць у чалавечай працы, на кожным месцы. І вось гэтая самаахвярнасць, мне здаецца, выратуе самае галоўнае, самае трапяткое, што ёсць у жыцці. Я маю на ўвазе тое, аб чым нельга сказаць, перадаць словамі, тое, што можа адзначыць кінематограф, тое, што можа адзначыць мастак, які працуе ў жывапісе ці са словам.

— Вы агучваеце замежныя фільмы, дасланыя на конкурс. Можа, гэтая праца неяк паўплывала на Вас, змяніла?

— Безумоўна. Я стаў чалавекам засяроджаным, негаваркім, больш сур’ёзным. Я адчуў, што можна выразіць сябе праз адносіны да ўсяго Божага сусвету. Вось калі агучваецца фільм, калі назіраеш іншыя краіны, іншыя традыцыі, то адчуваеш, што ты таксама далучаешся да сусвету, і табе таксама блізкія тыя людзі, з якімі ты незнаёмы, якіх ты ўбіраеш у сябе і стараешся праз свой сусвет, праз свае адносіны да жыцця як бы дакрануцца і пачалавечы аднесціся да тых простых людзей, якія жывуць у Замбіі, Калумбіі, Чэхіі, Польшчы, Італіі, Швейцарыі, Карэі. Тады я разумею, што мы ўсе аднолькавыя, у нас толькі розныя рэлігійныя погляды. Але мы ўсе аднолькавыя як людзі. І вось гэтая еднасць дае мне магчымасць увабраць у сябе боль і пакуты людзей. Я лічу, што гэта мне дапамагае ў жыцці, таму што без гэтага я б заўсёды заставаўся чалавекам абдзеленым. Гэта не значыць, што я не пайшоў бы ў храм. Юры Мікалаевіч дазволіў мне ўзбагаціць сябе і знайсці тыя рысы ў сабе, якія я заўсёды ўтойваў і стараўся, так сказаць, да лепшых часоў дачакаць. Паказаў мне, што гэта магчыма, дапамог палюбіць дакументальны кінематограф, за што я яму вельмі ўдзячны. Лічу яго сваім духоўным бацькам, у пэўным сэнсе, канечне, і рады, што ў маім жыцці ёсць дакументальны кінематограф, ёсць пэўная справа, якая мне вельмі дарагая.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.