Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Манахіня Сафія: фільмы павінны працаваць
Інтэрв'ю
09.09.2011 19:54

Пра ролю хрысціянскіх фестываляў і кіно, аб кінапраектах, якія рэалізуюцца ў межах сярэдняй школы Калужскай вобласці, і пра тое, як фільмы могуць «працаваць» распавядае манахіня Сафія (Ішчэнка), педагог па адукацыі, прэзідэнт Міжнароднага Срэценскага праваслаўнага кінафестывалю «Встреча».

— Матушка Сафія, Вы з’яўляецеся прэзідэнтам праваслаўнага кінафестывалю «Встреча». Якія задачы фестывалю і хто ў ім прымае ўдзел?

— Так, я з’яўляюся прэзідэнтам Міжнароднага Срэценскага праваслаўнага кінафестывалю «Встреча», які ўжо сёмы год праходзіць у Обнінску Калужскай вобласці. Сем гадоў таму па благаслаўленні Мітрапаліта Калужскага і Бароўскага Клімента, пры падтрымцы губернатара вобласці, Міністэрства культуры РФ, Саюза кінематаграфістаў РФ быў створаны праваслаўны фестываль, мэтай якога з’яўляецца паказ праваслаўнага вобразу жыцця ў сучасных умовах. Аўтарам ідэі была я, але, безумоўна, у мяне былі адзінадумцы — рэжысёр Сяргей Варыцкі, мой сябар, і пратаіерэй Сяргей Вішнякоў, дырэктар Духоўна-асветніцкага цэнтра «Вера, надзея, любоў». Калі з ідэяй стварэння праваслаўнага кінафестывалю мы прыйшлі да Мітрапаліта, ён вельмі ўзрадаваўся.

Cпачатку мы хацелі зрабіць яго выключна расійскім, каб казаць аб праблемах у Расіі, аб праблемах Царквы ў Расіі, праблемах веруючых у Расіі. Аднак ужо на другі фестываль нам даслалі вялікую колькасць фільмаў: спачатку з краін СНД, а потым і з далёкага замежжа. І ўжо з другога года ён сам па сабе стаў міжнародным. Мы нават не ставілі такую задачу.

Ужо ў першы год да нас даслалі 432 фільмы. Праца па адбору была неверагодна складанай. Такая колькасць фільмаў дала нам зразумець, наколькі патрэбныя сёння фестывалі. Таму што фільмы духоўна-маральнага зместу, нефарматныя, якія не паказваюць на тэлеэкранах, маюць сваё месца ў культуры любой краіны, і Расіі ў тым ліку. Яны маюць права на жыццё. Народу яны патрэбны.

На першым фестывалі гран-пры атрымаў дакументальны фільм працягласцю ў 13 хвілін рэжысёра Марыны Дабравольскай «Міраносіцы». Былі вялікія, сур’ёзныя гульнявыя стужкі, а перамог гэты фільм. Гэта фільм пра двух бабуль з Тульскай вобласці, якія самі, нікога не просячы, аднаўляюць святыню, што была разбурана на іх вачах, калі яны былі дзецьмі.

Справа ў тым, што я па адукацыі педагог-псіхолаг. У мяне 42 гады педагагічнага стажу. Я ніколі ніякіх адносін да кіно не мела. Я была звычайным гледачом. У мяне няма ні сувязяў, ні знаёмстваў. А тут фестываль! Гэта Божы Провід. Сёння гэта трэба свету, людзям і Гасподзь ва ўсім дапамагае. Бог даў мне ідэю, я ад яе не адмовілася і стала рэалізоўваць.

— У межах фестывалю тут, у Глыбокім, Вы даеце таксама мясцовым настаўнікам майстар-клас...

— За шэсць гадоў фестывалю мы назапасілі больш за паўтары тысячы фільмаў, якія больш нідзе не паказваюцца, ляжаць у архіве. Гэта грэх, сабраўшы такі скарб, нікому яго не паказваць. Безумоўна, мы робім рэгулярныя выезды ў прыходы, нас запрашаюць з паказамі. Аднак ізноў такі, паўтары-дзве тысячы гледачоў прыйшлі паглядзелі і ўсё.

Як перадагог, я разумела, што ўсё гэта інструмент, зброя супраць пошласці, тэрарыстычных настрояў. А паглядзеўшы гэтыя фільмы, хочацца любіць, суперажываць, чыніць добрыя справы. Я разумею, што гэта зброя ў сённяшнім свеце. Самі ведаеце, тэлебачанне, СМІ — гэта пятая сіла. І я звярнулася ў Міністэрства адукацыі Калужскай вобласці з прапановай сістэмна паказваць гэтыя фільмы ў школах. Я сустрэла ўзаемаразуменне. Рэктар Інстытута мадэрнізацыі Калужскай вобласці Таццяна Арцёмава (пазней яна стала членам журы нашага фестывалю) даручыла двум сваім супрацоўнікам, кандыдатам філалагічных навук, напісаць метадычны дапаможнік да гэтых фільмаў. Я ім прапанавала 30 фільмаў, яны адабралі 28 і падзялілі іх на дзве часткі: для пачатковага звяна і для старэйшага звяна. Для малодшага звяна — гэта ілюстрацыі для ўрокаў літаратуры і гісторыі, для старэйшага звяна была прапанавана форма дыскусійнага клуба. Дыскусіі могуць праводзіцца і на бацькоўскіх сходах, бо ёсць і такія тэмы, якія трэба абмяркоўваць з бацькамі. Бо ў значнай ступені праблема нашых дзяцей — гэта праблема бацькоў.

— Як выглядаюць гэтыя дапаможнікі?

— У дапаможніках прыводзіцца тэма фільма, тэма ўрока, пытанні да паказу фільма (а гэта значыць, дзяцей рыхтуюць да ўважлівага прагляду), прагляд (да метадычнага дапаможніка дадаюцца 28 фільмаў) і пытанні пасля прагляду. Ёсць таксама слоўнік, магчыма, невядомых ці незразумелых тэрмінаў, звязаных з багаслоўем. Такім чынам, мы даем гэтым фільмам другое жыццё.

— Можа, плануюцца нейкія новыя праекты?

— Цяпер мы плануем праект для бацькоў. На самой справе, фільм — гэта толькі тэма для блізкай размовы. Дапаможнік для бацькоў прынцыпова іншы, чым дапаможнік для педагогаў. Дапаможнік для педагогаў мы наблізілі да фармату іх метадычных распрацовак. А тут мы зрабілі ў выглядзе пісьма сябру.

І яшчэ адзін варыянт дапаможніка — для дзіцячых калоній. Гэта самая складаная работа. Яна працягваецца ўжо паўгода. Мы ніяк не можам яе завяршыць. Па-першае, у гэтых дзяцей ёсць псіхалагічныя асаблівасці, якія мы павінны ўлічваць, каб размежаваць, што ім можна паказаць, а што не. Тое, што можна паказаць звычайнаму падлетку, у гэтых дзяцей можа выклікаць адваротную рэакцыю. Тут неабходна быць вельмі асцярожным у падборы. Па-другое, скаладанасць заключаецца ў тым, што ўжо на працягу дзесяцігоддзяў не робяцца фільмы для дзейцей-падлеткаў. Мы праглядвалі шмат фільмаў савецкага перыяду. Аднак яны настолькі ідэалагізаваныя, што не падыдуць для сучаснага падлетка, хоць, безумоўна, утрымліваюць ноту маральнасці. Вось такая праблема: няма кіно! Наша задача — дапамагчы. Мне як манахіне, як хрысціянцы трэба дапамагчы людзям, якія спатыкнуліся, дапамагчы ім знайсці верны шлях, шлях святасці, любові, дабра, шлях да Бога. Таму што без Бога любы зямны шлях няправільны.

Для гэтых дзетак трэба шукаць вельмі прыгожыя фільмы, вельмі тонкія, непавучальныя, ускосна, але адназначна паказваць верны шлях.

Наперадзе перад намі заданне зрабіць падборку для арміі, для ўстановаў аховы здароўя, супрацьабартыўныя праграмы, напрыклад. Сёлета, дарэчы, наш фестываль праехаў па ваенных госпіталях Масквы. А там ляжаць і пасля Албаніі, і пасля Чачні, і тыя, хто працуе на мяжы. Для іх неабходна падборка фільмаў, якія ўсяляюць надзею.

— Вамі здзяйсняецца вялікая і сапраўды патрэбная праца. Няхай Бог дапамагае! На заканчэнне, некалькі словаў пра фестываль «Magnificat», у якім Вы прымаеце ўдзел ужо не ў першы раз.

— У гэтым фестывалі мне падабаецца тое, што ён міжканфесійны. Цяпер, калі свет раздзіраюць звады палітычныя, рэлігійныя, маральныя, вось такія фестывалі трэба абавязкова праводзіць. Міжканфесійны хрысціянскі фестываль — у гэтым і заключаецца яго вялікая каштоўнасць. На ім мірна суседнічаюць праваслаўныя, католікі, пратэстанты, глядзяць, як яны жывуць, якія ў іх каштоўнасці, знаходзяць штосьці супольнае, знаходзяць адрозненні. І гэта нармальна. І ў той жа час яны застаюцца любячымі, спагадлівымі адно да аднаго. У гэтым вялікая каштоўнасць.
Што датычыць сённяшнага фестывалю, то фільмы сталі дастаткова больш высокага ўзроўню, г.зн. фестываль расце. За цудоўную арганізацыю, за стварэнне атмасферы любові і клопату нізкі паклон Юрыю Гарулёву і Людміле Гарулевай.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Крутая

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.