Яраслаў Чапля: попыт на духоўную літаратуру будзе заўсёды |
Інтэрв'ю |
08.02.2012 17:17 |
Чаму ў Беларусі існуе праблема з каталіцкімі аўтарамі і ці шмат рэлігійнай літаратуры чытаюць беларусы, карэспандэнт Catholic.by пацікавілася ў намесніка дырэктара «Pro Christo» Яраслава Чаплі. З 8 па 12 лютага выдавецтва прымае ўдзел у XIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. — Спадар Яраслаў, акрэсліце, калі ласка, тэматыку кніг, якія выдае выдавецтва «Pro Christo» — Па-першае, гэта літаратура рэлігійнага плану — для католікаў, для пазнання і ўзмацнення веры, для таго, каб лепш ведаць гісторыю Касцёла. Гэта катэхетычная літаратура і духоўная, якая патрэбна не толькі католікам, але і ўсім хрысціянам. Наша літаратура карыстаецца вялікім попытам у пратэстантаў і праваслаўных, асабліва што датычыць сямейнай праблематыкі, духоўных разважанняў падчас посту, літаратура аб пазнанні самога сябе. Вельмі важныя кнігі — гэта фотаальбомы, два з якіх сёлета атрымалі дыпломы Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012». — Ці шмат кніг было выдадзена за апошні год і якія карыстаюцца найбольшым попытам (так бы мовіць, з’яўляюцца бестсэлерамі)? — Штогод у нас выдаецца ў сярэднім 15 найменаванняў кніг, а таксама часопісы і газеты для дарослых і дзяцей. Найбольшым попытам карыстаюцца пераклады кніг Яцэка Пулікоўскага, Яна Паўла ІІ, малітоўнікі. Хораша распрадаюцца Бібліі, хоць яны ў нас на рускай мове, паколькі не існуе яшчэ кананічнага перакладу на беларускую мову. — Хто вашыя аўтары? — Гістарычна склалася так, што ў часы сталінскіх рэпрэсій як праваслаўная, так і каталіцкая інтэлігенцыя была знішчана. Таму нам цяпер прыходзіцца культываваць, працаваць над тым, каб «узрасціць» аўтараў. Іх проста няма: святары вельмі занятыя, каталіцкая інтэлігенцыя пачала з’яўляцца, але нельга сказаць, што кнігі беларускіх аўтараў пераважаюць у працы выдавецтва. Таму супрацоўнічаем з польскімі, нямецкімі аўтарамі. Беларускія кнігі — гэта катэхетычная і мастацкая літаратура. Праблема ёсць. Але, на жаль, яна існуе і ў іншых краінах былога СССР, такіх, напрыклад, як Украіна. Але сітуацыя не песімістычная. Таму што па часопісах відаць, што з’яўляюцца творчыя асобы, якія пішуць цікавыя артыкулы, а значыць паціху з гэтых артыкулаў людзі могуць пашырыць выражэнне сваіх думак і меркаванняў да фармату кніг. — Ці згодныя Вы з тым, што ў апошні час беларусы ўсё менш чытаюць і наколькі гэта датычыць духоўнай літаратуры? — Тое, што чытаюць менш, — гэта сусветная тэндэнцыя. Але, думаю, што духоўная літаратура пакуль яшчэ не настолькі алічбавана, каб чытаць яе можна было выключна ў Інтэрнэце. Ва ўсялякім выпадку, мы па нашым выдавецтве і запытах у кнігарні «Духоўная кніга» бачым, што цікавасць не знізілася. Пакуль не. Таму што на тым жа фэсце ў Будславе прадаўцам няма калі і прысесці. Цікавяцца, набываюць. Я думаю, што попыт на духоўную літаратуру ёсць і будзе заўсёды, бо пытанні духоўнасці чалавека заўсёды турбуюць. — Падзяліцеся планамі выдавецтва на будучыню. — Самыя бліжэйшыя планы, літаральна два месяцы наперад, гэта выданне кнігі перакладаў вершаў ксяндза і паэта Яна Твардоўскага на польскай (мове арыгінала) і беларускай мове «Выбраныя вершы». Такой кнігі (па грунтоўнасці паэзіі) у нас яшчэ не было. А таксама выданне кнігі каментарыяў да Імшы. Каб усе ведалі, якія ёсць асаблівасці Імшы падчас розных літургічных перыядаў, святаў. — Дзякуй за размову! Поспехаў у працы. Гутарыла Святлана Жылевіч |