Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Духоўная кніга на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
08.02.2012 15:06

8 лютага 2012 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё XIX Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша. Каталіцкую прэсу на ёй прадстаўляе выдавецтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі «Pro Christo». Напярэдадні выдавецтва было адзначана дыпломамі 51-га Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі-2012».

Сёлета выстава мае асаблівае значэнне, паколькі 2012 год у Беларусі аб’яўлены Годам кнігі. Выдавецтвы са звыш 20 краінаў свету прадстаўляюць літаратуру розных жанраў і тэматык, аднак галоўнай мэтай выставы застаецца прадстаўленне беларускай мовы, літаратуры і культуры ўцэлым. Хрысціянскую літаратуру на выставе прадстаўляе выдавецтва «Pro Christo», а таксама выдавецтвы Беларускага Экзархату і Маскоўскага Патрыярхату.

Біблія, як нагадаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, — гэта таксама кніга. «Гэта традыцыя нашай веры, — адзначыў іерарх. — Памятаючы пра тое, што Каталіцкі Касцёл рыхтуецца да Года веры, варта ведаць, што менавіта ў кнігах Бібліі мы знойдзем праўды веры, маральныя нормы. Разам з тым кожны хрысціянін павінен быць высокаадукаваным, культурным чалавекам, таму без навуковай і мастацкай літаратуры яму таксама не абысціся. Хочацца, каб нашыя вернікі больш цікавіліся літаратурай».  

На думку намесніка дырэктара «Pro Christo» Яраслава Чаплі, хрысціянскай літаратуры на выставе ўсё ж такі недастаткова. Вядома, што акрамя прадстаўленых выдавецтваў, хрысціянскую літаратуру ў Беларусі выдаюць таксама пратэстанты, існуе каталіцкае выдавецтва Гродзенскай дыяцэзіі.

«Спее думка аб тым, каб на наступны год ці максімум праз год заняць большую плошчу, знайсці фінансаванне і запрасіць каталіцкія выдавецтвы Расіі, Украіны і, канечне, Беларусі, каб паказаць усё, што мы можам і на што здольныя. Каб людзі ўбачылі карысць, якую яны могуць мець у духоўным плане ад каталіцкіх выдавецтваў», — адзначыў спадар Яраслаў Чапля.

Кніжнная выстава-кірмаш працягнецца да 12 лютага. Сёлета пры стэндзе выдавецтва «Pro Christo» (А8) можна будзе атрымаць кансультацыю па сямейных пытаннях, якую з 9 па 11 лютага з 12 да 17 гадзін будуць праводзіць Ірына Шмак, кансультант па пытаннях сям’і і сужэнства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама псіхолаг Надзея Баяшова. Як паказвае вопыт, асаблівым попытам у чытачоў карыстаюцца кнігі па сямейнай праблематыцы, таму сёлета выдавецтва прапануе кожнаму наведвальніку выставы не толькі набыць адпаведную літаратуру, але і бясплатна атрымаць кансультацыю спецыялістаў.

Выстава-кірмаш праходзіць у павільёне НВЦ «БелЭкспа» (вул. Я. Купалы, 27). Уваход — свабодны.  

Святлана Жылевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.