Уладзіслаў Валаховіч: не магу не абараняць зачатае жыццё |
Інтэрв'ю |
25.03.2012 00:34 |
25 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле — урачыстасць Звеставання Пана. У гэты дзень адзначаецца таксама Дзень святасці жыцця, які з’яўляецца своеасаблівым напамінам пра годнасць чалавека ад моманту яго зачацця да натуральнай смерці. Аб праблеме абортаў, якая дагэтуль застаецца вельмі вострай у сучаснай Беларусі, мы спыталіся ва Уладзіслава Валаховіча, магістра тэалогіі, дырэктара дабрачыннага Фонду абароны жыцця і сям’і «Адкрытыя сэрцы». — Раскажыце, калі ласка, з чаго ці з каго распачалася гісторыя фонду «Адкрытыя сэрцы»? — У маі 2007 году мы з жонкай амаль што выпадкова трапілі ў Варшаву на Сусветны кангрэс сем’яў. Там мы даведаліся аб тым, што за апошнія 30 гадоў у свеце зроблена больш за мільярд абортаў. Гэтая лічба мела для нас эфект выбуху бомбы, бо мы зразумелі, што, будучы хрысціянамі, не можам маўчаць, калі навокал такое адбываецца. У маскоўскім каталіцкім Цэнтры сям’і мы прайшлі падрыхтоўку да таго, каб быць дарадчыкамі сямейнага жыцця. Гэтаму таксама паспрыяла тое, што мая жонка Алена вучылася ў Любліне (Польшча) у Інстытуце навук аб сям’і. А ўжо з восені 2007 года я пачаў выступаць з лекцыямі на тэмы абароны жыцця. Паступова з’явіліся іншыя людзі, неабыякавыя да гэтага пытання. У канцы 2008 года мы зразумелі, што не можам абмежавацца аднымі толькі лекцыямі і семінарамі на тэму абароны жыцця, што трэба ісці з малітвай непасрэдна ў тыя месцы, дзе адбываюцца аборты — у так званыя абартарыі. Так распачалася штодзённая малітва і кансультаванне перад абортам у Віцебску і Магілёве. Летам 2009 года мы разам з аднадумцамі з Віцебска заснавалі фонд «Адкрытыя сэрцы», каб дзейнасць у абарону жыцця зрабіць больш эфектыўнай. — Якія накірункі дзейнасці фонду? У якіх гарадах ён існуе і колькі валанцёраў налічвае? — Наш фонд зарэгістраваны ў Магілеве, але акрамя Магілёва валанцёры ёсць у іншых гарадах Беларусі. У першую чаргу — гэта Віцебск, таксама Брэст, Гомель, Баранавічы, Паставы, Орша, Полацк, Барысаў — больш за 50 чалавек. У Віцебску і Магілёве мы штодзённа молімся ў абартарыях і жаночых кансультацыях, таксама кансультуем жанчын, якія хочуць зрабіць аборт. Мы распачалі падобную працу ў Баранавічах і цяпер там яе працягвае псіхолаг Віталь Булыга. У гэтых гарадах рэгулярна праводзім адмысловую малітву ў абарону жыцця ў каталіцкіх парафіях. Важным накірункам нашай дзейнасці з’яўляюцца лекцыі ў навучальных установах Магілёва, Віцебска і Брэста, якія праводзяць 11 нашых лектараў. Дзякуючы таму, што мы зарэгістраваны як грамадская арганізацыя, маем магчымасць працаваць непасрэдна са студэнтамі ў рамках факультатываў ці куратарскіх гадзін. Выступаем з лекцыямі ў каталіцкіх і праваслаўных парафіях. За апошні год лекцыі на тэму абароны жыцця і сямейных каштоўнасцей праслухалі больш за 6000 чалавек, у першую чаргу моладзь. Некаторыя нашы валанцёры з’яўляюцца дарадчыкамі сямейнага жыцця і рыхтуюць пары ў каталіцкіх парафіях да сакрамэнту сужэнства. — Хто становіцца валанцёрамі фонду? Гэта людзі з медыцынскай адукацыяй ці звычайныя добраахвотнікі? — Сярод нашых валанцёраў ёсць тры ўрачы-гінеколагі, але медыцынская адукацыя не з’яўляецца абавязковай у гэтай працы. У большасці валанцёры — гэта людзі, неабыякавыя да справы абароны жыцця і сям’і. Лектары, вядома ж, павінны мець вышэйшую адукацыю. — Напэўна, самай складанай з’яўляецца дзейнасць у абартарыях. Як распачаліся малітвы і гутаркі ў жаночых кансультацыях? З якімі складанасцямі сутыкнуліся? — Сістэматычная праца і малітва ў абартырыях распачалася ў канцы 2008 года пасля таго, як нас навучылі гэта рабіць абаронцы жыцця з Аўстрыі і ЗША — валанцёры найбуйнейшай у свеце пралайф-арганізацыі «Human Life International». У Аўстрыі, дзякуючы іх дзейнасці, ад аборту ўратавана больш за 140 тысяч дзяцей. Там гэтая дзейнасць нагадвае вайну, бо аборт каштуе шмат і абартарыі зацікаўлены мець як мага больш кліентак. Абаронцы жыцця, якія моляцца перад абартарыямі, такім чынам з’яўляюцца канкурэнтамі для ўрачоў, таму адбываецца фактычна супрацьстаянне. У нас мы не сустрэлі варожасці з боку медперсаналу абартарыя ці жаночай кансультацыі. Была насцярожанасць, але варожасці няма. Нашыя ўрачы не хочуць рабіць аборты, але павінны, бо гэта іх праца. Шмат разоў мы адчувалі падтрымку з боку медыкаў у сітуацыі, калі жанчына вагалася рабіць аборт ці не. — Хто тыя жанчыны, якія вырашаюць зрабіць аборт? — Самае страшнае, што на аборт часцей за ўсе ідзе жанчына, у якой нібыта ўсё нармальна. Ёсць муж, кватэра, машына, грошы, ёсць ужо дзіця, часам, двое. Звычайна ў мінулым у яе былі ўжо аборты. Сярэдні ўзрост «абортніцы» — 29 гадоў, хоць я асабіста сустракаў жанчын, якім за 50. Недахоп грошай, напэўна, не з’яўляецца галоўнай праблемай. У асноўным на аборт ідуць з-за ўласнага эгаізму, а таксама з-за таго, што асяроддзе жанчыны — муж, маці, родныя — лічаць, што аднаго ці двух дзяцей ужо дастаткова і не падтрымліваюць яе ў жаданні нарадзіць дзіця. — Наколькі рэальна пераканаць жанчыну не рабіць аборт? Як для гэтага варта з ёй гутарыць? — Амаль што нерэальна. Звычайна жанчына прыходзіць ў абартарый абсалютна перакананая, што гэта адзінае выйсце з яе сітуацыі, яна ужо ўсё вырашыла і падлічыла. Але гутарыць з ёй трэба так, каб яна адчула, што Бог любіць яе і яе дзіця. Заўсёды, калі жанчына вырашае захаваць дзіця, мы разумеем, што гэта цуд, Божая ласка. — Назавіце асноўныя аргументы для таго, каб захаваць кожнае зачатае жыццё (нават з паталогіямі ці ў сям’і алкаголікаў). — Гэта заўсёды вельмі індывідуальна. Для адной жанчыны хопіць паказаць мадэльку дзіцяці на 10 тыдні ад зачацця ці проста паплакаць разам з ёй (што так добра атрымліваецца ў нашых жанчын-валанцёраў). У іншай сітуацыі трэба размаўляць з мужам, паказаць фільм пра аборт. Але ўвогуле сам факт, што жанчына згаджаецца на размову, дае шанс уратаваць яе дзіця. — Дзякуючы дзейнасці Вашага фонду ад аборту былі ўратаваны 77 дзяцей. Ці сочыце вы за іх далейшым жыццём? — Некаторым мамам патрэбна дапамога, і мы з імі падтрымліваем кантакт на працягу года ці двух. Некаторыя мамы проста падзякуюць і знікаюць, бо ім сорамна. Але, напэўна, ні адна з іх не пашкадавала, што выбрала жыццё для свайго дзіцяці. — Фонд мае свой тэлефон даверу. Ці часта здараецца дапамагчы жанчынам такім чынам? — Для беларусаў ёсць нейкі бар’ер адносна тэлефона даверу. Звоняць нам толькі 5–10 разоў на працягу месяца. Але некалькі дзетак уратавана менавіта дзякуючы тэлефону даверу. — Ці часта даводзіцца размаўляць з мужчынамі на тэму абортаў і пераконваць іх? Чаму яны адчуваюць меншую адказнасць за зачатае жыццё і ці можна гэта неяк змяніць? — Мужчыны, калі ёсць магчымасць з імі паразмаўляць, больш сур’ёзна ставяцца да праблемы абортаў. Але, на жаль, крызіс бацькоўства ці ўвогуле крызіс «мужчынскасці» прывёў да таго, што часам нараджаюцца без бацькі, калі жанчына не мае мужа. Карані гэтай з’явы вельмі глыбокія, як я часам кажу, мы жывём у краіне, дзе перамог фемінізм, а не камунізм. Жанчыны з’яўляюцца галоўнай сілай у нашым грамадстве, гэта бачна нават у касцёле. Мужчыны ж займаюць нейкую пасіўную ролю, чаму спрыяюць алкаголь і іншыя залежнасці. Таму цяжка спадзявацца, што мужчыны будуць за нешта адказныя, бо гэта хвароба ўсяго грамадства. — Як, на Вашу думку, можна змяніць свядомасць большасці сучасных беларусаў (не практыкуючых хрысціянаў, атэістаў), якія лічаць, што эмбрыён — гэта яшчэ не чалавек, а аборт — не забойства? — Змяніць можна, калі пра гэта пачынаць казаць у школе, у сродках масавай інфармацыі і г.д. Апошнія гады мы бачым шмат пазітыўных зменаў у гэтым накірунку. Тое, што мы бачым у абартарыі, сведчыць аб тым, што практычна ўсе жанчыны ведаюць, што эмбрыён — гэта чалавек. Але яны свядома ідуць на забойства, бо яны трапілі ў такія абставіны. — Ці змянілася б сітуацыя ў Беларусі з колькасцю абортаў, калі б яны былі забаронены? — Напэўна, сітуацыя б палепшылася, але адначасова трэба казаць усю праўду пра кантрацэпцыю, каб не атрымалася, як у Польшчы, дзе пасля забароны абортаў пачалася масавая прапаганда кантрацэпцыі, што спрыяе толькі знішчэнню маральнасці і здароўя сужонкаў. — Чаму Вы вырашылі прысвяціць сябе абароне жыцця? — Гэта нешта накшталт паклікання. Я не магу гэтага не рабіць. Біблія і вучэнне Касцёла заклікае нас да таго, каб ратаваць жыццё самых слабых і безабаронных, і я зразумеў гэта як заклік, скіраваны непасрэдна да мяне. — Якім чынам можна далучыцца да Вашага фонду і якога роду дапамога Вам патрэбна? — Як кажуць мудрацы, у Бога ёсць толькі адна праблема — кадры. Таму ў першую чаргу патрэбныя людзі з адкрытым сэрцам, якія захочуць будаваць цывілізацыю любові і жыцця. Запрашаем, гэта вельмі цікава — распаўсюджваць у свеце Евангелле жыцця. Усе нашы кантакты — на нашым сайце prolife-belarus.org. — Вялікі дзякуй! Святлана Жылевіч |