Ватыкан заклікае будыстаў да супрацоўніцтва ў абароне жыцця |
Рымская курыя
|
02.05.2013 14:52 |
Да працягу супрацоўніцтва ў абвяшчэнні павагі да чалавечага жыцця заклікае будыстаў Папская рада па міжрэлігійным дыялогу. З нагоды будысцкага свята Весак, якое будзе адзначацца ў розных краінах з 17 па 25 мая, апублікавана пасланне старшыні Папскай рады кардынала Жана-Луі Тарана.
У пасланні адзначаецца, што важнасць дыялога і супрацоўніцтва паміж рэлігіямі падкрэсліў на пачатку свайго Пантыфікату папа Францішак, а Бэнэдыкт XVI у пасланні на Сусветны дзень міру 2013 напісаў, што «шлях да дасягнення агульнага дабра і міру — гэта найперш павага да чалавечага жыцця».
Падкрэсліваецца, што дыялог паміж хрысціянамі і будыстамі павінен абвяшчаць перш за ўсё ўласцівае абедзвюм традыцыям шанаванне жыцця. Сёння ж, калі жыццю пагражаюць розныя формы зла, «гэтая трагічная сітуацыя заахвочвае будыстаў і хрысціян супольнымі сіламі выкрываць пагрозы жыццю і абуджаць сумленне нашых вернікаў, каб (…) быць сапраўднымі будаўнікамі міру».
«Будзем супрацоўнічаць далей у духу адноўленага братэрства!» — такі заклік гучыць у пасланні. (AG)
|