Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэктар семінарыі ў Пьячэнца: святарства — гэта адчуванне таго, што ты для іншага
Інтэрв'ю
23.08.2012 15:26

Пытанне паклікання да святарства ніколі не страчвае сваёй актуальнасці — у парадку дня яно ўжо больш за два тысячагоддзі. Рэктар Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пьячэнца (Італія) кс. Казімеж Стэльмах распавядае пра фармацыю ў сучасных умовах, а таксама пра супрацоўніцтва з Касцёлам у Беларусі.

— Ксёндз Казімір, некаторыя святары з Беларусі праходзілі фармацыю ў семінарыі ў Пьячэнца, дзе Вы з’яўляецеся рэктарам. Раскажыце, калі ласка, як распачалося падобнае супрацоўніцтва з Касцёлам у Беларусі.

— Гэтае супрацоўніцтва стала вынікам сустрэчы з біскупам Віцебскім Уладзіславам Блінам. Мы пазнаёміліся ў Пьячэнцы. Гэта было дзесяць ці нават больш гадоў таму. І тады, пазнаўшы праз біскупа сітуацыю ў Беларусі, дзе Касцёл перажываў сваё адраджэнне, я прапанаваў прыняць у нас клерыкаў з Віцебскай дыяцэзіі, з Беларусі. Безумоўна, ён з ахвотай прыняў гэтую прапанову і адразу прыслаў двух першых клерыкаў.

Варта дадаць, чаму і адкуль было гэтае запрашэнне. Духоўная семінарыя ў Пьячэнцы (сёння гэта дыяцэзіяльная семінарыя) калісьці была семінарыяй для здольных і ўбогіх. Заснаваў яе кардынал Альбероні. Ён зрабіў вялікую кар’еру ў Касцёле і ў палітыцы, сабраў сродкі і пад канец свайго жыцця хацеў заснаваць нейкую вялікую справу, каб укласці ў яе ўсё тое, што меў. Так ён заснаваў семінарыю для бедных і здольных. Першыя навучэнцы паступілі ва ўстанову ў 1751 годзе. З таго часу семінарыя функцыянуе па сённяшні дзень. Маючы сродкі, якія пакінуў кардынал, яна ў стане ўтрымліваць усіх клерыкаў, якія там навучаюцца, забяспечваючы іх усім неабходным.

Семінарыя была адкрыта для дыяцэзіі Пьячэнца, але з той прычыны, што пакліканняў станавілася ўсё менш, а ўмовы і сродкі ёсць, згодна з задумай і запаветам кардынала Альбероні, мы адкрыліся на дыяцэзіі бедныя, якім мы маглі дапамагчы менавіта такім чынам — выхоўваючы клерыкаў.

Наша семінарыя з’яўляецца міжнароднай. На сённяшні дзень, улічваючы мяне, бо я з Польшчы, гэта сем нацыянальнасцяў. Ёсць клерыкі з Беларусі, Украіны, Албаніі, Тога (Афрыка), Бразіліі. Безумоўна, большасць складаюць італьянцы.

— Для колькіх святароў з Беларусі Ваша семінарыя стала Alma Mater і колькі беларусаў праходзіць навучанне на сённяшні дзень?

— З семінарыі ў Пьячэнца выйшлі тры святары з Беларусі. Цяпер яны працуюць у Віцебскай дыяцэзіі. А клерыкаў з Беларусі на сённяшні дзень таксама тры — з Віцебска.

— Што, на Вашу думку, найважнейшае ў семінарыйнай фармацыі?

— Безумоўна, асноўная мэта — духоўная фармацыя. Гэта першае і найважнейшае. Фармацыя ў веры і для веры. Затым важнаю з’яўляецца тэалагічная фармацыя. Гэта тлумачэнне тэолагамі праўдаў веры на мову штодзённую, каб пазней святары маглі добра абвяшчаць Евангелле — і згодна з вучэннем Касцёла, і зразумела для людзей.

Безумоўна, духоўная і тэалагічная фармацыя з’яўляюцца асноўнымі ў семінарыі. Але таксама прысутнічае фармацыя чалавечая — выхаванне да любові бліжняга, калі казаць вельмі коратка. Трэба быць адкрытым, слухаючым іншага чалавека, глядзець у кірунку іншага. Мне вельмі спадабалася гамілія Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці ў Браславе (кс. рэктар прыбыў у Беларусь па запрашэнні біскупа Уладзіслава Бліна на ўрачыстасці Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе — Рэд.), калі ён прамаўляў да маладых святароў, якім удзяліў пасвячэнне, кажучы, што яны павінны быць — і тут я звяртаюся да фармацыі чалавечай — людзьмі, якія слухаюць і прасякваюцца іншым чалавекам. Такім чынам, фармацыя духоўная і чалавечая непарыўна злучаны паміж сабой.

Дадаткова нашы клерыкі маюць душпастырскую, практычную фармацыю. Гэта значыць, што кожны клерык з нашай семінарыі прыпісаны да пэўнай парафіі, дзе ён можа на практыцы вучыцца душпастырскай працы.

— Як выглядае справа з пакліканнямі ў Італіі? Вы казалі, што іх становіцца ўсё менш.

— Так, усё менш. У дыяцэзіі Пьячэнца налічваецца 250 тысяч католікаў. На сённяшні дзень у нас 12 клерыкаў. Для такой вялікай дыяцэзіі гэта няшмат. Вось калі я прыехаў у Пьячэнца ўпершыню — у 1992 годзе, — тады ў семінарыі было 26 навучэнцаў. Потым, недзе ў канцы 90-х, быў досыць крытычны момант — было ўсяго чатыры семінарысты.

І патрэба ў новых пакліканнях ёсць, нягледзячы на тое, што па ўсёй Італіі і ў дыяцэзіі Пьячэнца святароў шмат, больш, чым у вас, і нават больш, чым у Польшчы. Справа ў тым, што большасць з іх сталага ўзросту.

— А чым адрозніваюцца фармацыя, якую атрымліваюць святары нашага часу, ад той, якую, скажам, атрымалі святары старэйшыя?

— Сёння фармацыя цалкам адрозніваецца. Нельга дастасоўваць да сёння фармацыю, якая была некалі. Сёння духоўнае жыццё ў чалавека пачынаецца вечарам, калі ў яго завяршаецца працоўны дзень. Раней, у традыцыйным душпастырстве, была ранішняя Імша і затым ішлі справы. Усё перасунулася.

Іншая справа — выхаванне. Раней яно было цвёрдым. Сёння маладыя людзі прыходзяць з розных сем’яў, ды і школы сёння не такія, як раней. Таму працэс выхавання больш цяжкі — трэба быць вельмі ўважлівым. У наш час робіцца акцэнт на выхаванне адказнасці. Я павінен быць адказным не таму, што нехта мне наказаў, а таму — вяртаюся да прыгожай гаміліі нунцыя — што хачу гэтага, бо люблю гэты народ. А любіць — гэта значыць быць адказным за даручаных людзей і парафію. Гэта не можа мець характар выпадковы, любоў і адказнасць павінны паходзіць знутры.

— Ксёндз Казімір, чым для Вас з’яўляецца пакліканне да святарства?

— Святарства — гэта перш за ўсё служэнне, служэнне з любоўю. Святарства — гэта маё жыццё. Але з іншага боку, гэта для мяне вялікая адказнасць і вялікі выклік. Святы Вінцэнт дэ Поль на схіле свайго жыцця ў адной з канферэнцый да святароў сказаў, што калі б ведаў, чым з’яўляецца святарства, так, як ён ведае гэта цяпер, то, напэўна, не адважыўся б яго прыняць. Падобна казаў і св. Францішак.

Святарства — гэта служба з любові, але гэта і маё жыццё. У гэтым я сябе рэалізую, і гэта дае мне задавальненне. За ўсё сваё святарскае жыццё, а гэта ўжо амаль 26 гадоў, большасць часу я працую ў розных семінарыях. І сваім студэнтам я хачу перадаць тое, што святарства не з’яўляецца цяжарам або цярпеннем. Безумоўна, ёсць і складаныя моманты, але калі ёсць адчуванне таго, што ты для іншага чалавека, і ты ўсё чыніш з любові, то Бог чыніць так, што адчуваеш сябе шчаслівым.

— Дзякую за размову.

Размаўляла Валянціна Грамыка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.