Віктар Хруль, былы прэс-сакратар Мітрапаліта Кандрусевіча: спрачацца з духоўнымі асобамі можна |
Інтэрв'ю |
04.03.2013 22:54 |
Дзесяць гадоў журналіст Віктар Хруль працаваў прэс-сакратаром Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча. Сёння Віктар Хруль — рэлігійны карэспандэнт «РИА Новости», а таксама выкладчык на журфаку МДУ ў Маскве. У інтэрв’ю для Сatholic.by журналіст узгадвае сваю працу з мітрапалітам і разважае над спецыфікай супрацоўніцтва з журналістамі свецкіх СМІ. «Я нарадзіўся тут» — Я нарадзіўся тут. Першыя сямнаццаць гадоў пражыў у Лідзе, а затым паехаў паступаць у Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Затым была вучоба, аспірантура, сям’я, дзеці... У Беларусі да гэтага часу ў мяне жывуць бацькі і родзічы. На беларускую мову не забыўся, люблю гаварыць па-беларуску, люблю чытаць кнігі па-беларуску. У дзяцінстве я нават і не збіраўся станавіцца журналістам. Я нават і сёння не хачу быць журналістам (смяецца — Аўт.). Куды больш мне падабалася і падабаецца займацца навукай. Але так атрымалася, што ўжо 33 гады менавіта журналістыкай я зарабляю сабе на хлеб... Пра журфак і «рэлігійную журналістыку» — Віктар, як Вы лічыце, ці саспела неабходнасць адкрыцця на факультэтах журналістыкі спецыяльнасці «рэлігійная журналістыка»? — 70 гадоў атэізацыі, на жаль, зрабілі сваю справу. На прасторах былога СССР, магчыма, толькі ў Літве з гэтым трохі інакш, але я не думаю, што гэтак жа добра, як у Германіі ці Італіі. Перш чым адкрываць спецыяльнасць «рэлігійная журналістыка», спачатку варта асэнсаваць патрэбу ў будучых спецыялістах. Я лічу, што нашы СМІ — расійскія, беларускія, украінскія — яшчэ не бачаць сэнсу ў тым, каб трымаць добра адукаваных экспертаў, якія разбіраюцца ў рэлігійных справах і могуць пра гэта адэкватна пісаць. І калі ў саміх рэдакцыях такой патрэбы не будзе, то і на журфаку зацікаўленасці ў падрыхтоўцы адпаведных кадраў таксама не будзе. Рэлігійная журналістыка сёння — занятак энтузіястаў. Але гэта не значыць, што тэма рэлігіі нецікавая і ў яе няма мэтавай аўдыторыі. Зацікаўленасць ёсць, толькі часта яна неасэнсаваная. Пра рэлігію добра ці кепска, але пішуць. Вось толькі часцей за ўсё, аналізуючы зваротную сувязь чытачоў, рэдактары кажуць, што тэма не знайшла зацікаўленасці і пісаць пра яе больш не трэба. Але гэта не так. Людзям не далі адчуць нават смаку гэтай «рэлігійнай прасторы». Для іх рэлігія з’яўляецца той герметычнай сферай, на якую ніхто яшчэ не пасвяціў ліхтарыкам. Але я лічу, што журналісты павінны разарваць гэтае замкнёнае кола. Менавіта яны павінны зрабіць крок наперад і сказаць людзям: паглядзіце, вось яшчэ адна рэчаіснасць. Нашы бацькі, магчыма, і не перадалі нам гэту веру, але яна існуе. І нават калі зараз цікавасці да гэтай тэмы з боку СМІ няма, рана ці позна гэта цікавасць праявіцца. А людзі, якія займаюцца рэлігійнай журналістыкай, гэта асветнікі.
— З Вашага вопыту: ці абавязковая журналісцкая адукацыя для прэс-сакратара касцёльнага іерарха? — Для таго, каб працаваць журналістам і быць добрым журналістам, неабавязкова заканчваць журфак. Добра і карэктна пісаць пра рэлігійныя справы можна і без журналісцкага дыплома. Што датычыць прэс-сакратароў, то гэта зусім іншая праца і іншы падыход. Калісьці ў нас на факультэце (факультэт журналістыкі МДУ — Аўт.) стваралі кафедру рэкламы і PR. Тады было шмат размоў: маўляў, нельга спалучаць гэтыя накірункі ў адным флаконе. Рэкламшчыкі і журналісты вельмі часта шчыруюць па розныя бакі ад барыкадаў. Найлепшыя прэс-сакратары прыходзяць з журналістаў. Вядома, каб быць добрым прэс-сакратаром, трэба дасканала ведаць, што такое журналістыка і як працуюць журналісты. Прэс-сакратар павінен ведаць усю журналісцкую кухню. У адваротным выпадку такія «спецыялісты» будуць губляцца, не ведаючы, як сазваць тую ж прэс-канферэнцыю... Я не ганьбую работу прэс-сакратара і не праслаўляю работу журналіста — я быў і тым, і другім. І павінен сказаць, што гэта ўсё ж розныя спецыяльнасці і розныя працы. Можна быць журналістам і не мець здольнасцяў прэс-сакратара. Прэс-сакратар — гэта ў нейкім сэнсе адвакат. Ён мае «кліента». А журналіст — больш пракурор. Можна быць добрым пракурорам, не маючы адвакацкага досведу. Але адвакат не будзе добрым адвакатам, калі ён сам не працаваў як пракурор. Вось таму добрага прэс-сакратара знайсці цяжэй, чым добрага журналіста. — Як Вы лічыце, ці павінны хрысціянскія іерархі мець асабістых прэс-сакратароў? — Іерархі самі вырашаюць, што ім патрэбна. У сваіх прадпісаннях Апостальская Сталіца таксама толькі рэкамендуе наяўнасць пры біскупу чалавека, які дапамагаў бы яму арыентавацца ў кантактах са СМІ. Але гэта толькі рэкамендацыя. Я лічу, што лепш не мець прэс-сакратара зусім, чым калі гэта будзе кепскі прэс-сакратар. Сама па сабе пасада прэс-сакратара яшчэ нічога не гарантуе. Часам іерарху дастаткова звяртацца да журналіста-католіка — звычайнага дарадцы — і той можа стаць нядрэнным памочнікам. А можна ўтрымліваць цэлую прэс-службу і ўсё роўна не кантраляваць усе гэтыя «баталіі» з прэсай. — А якія наступствы могуць чакаць касцёльнага іерарха, які спадзяецца на сябе і, не маючы прэс-сакратара, імкнецца сам вырашыць узнікшыя пытанні? — Калі ён мае на гэта час, сілы, вопыт і дасведчанасць — то чаму б і не? Дай яму Божа. У гэтай справе няма рэцэпту. Але біскуп мае сёння столькі функцый і заданняў, што, канешне, было б добра, каб для сувязяў са СМІ, ён меў асобнага чалавека. Агульны прынцып менеджмента: тыя функцыі і паўнамоцтвы, якія ты можаш камусьці даручыць, даручы іх. Тады ў цябе будзе больш часу для тваіх галоўных функцый. Але калі разглядаць постсавецкія краіны, то пошук добрага прэс-сакратара можа і зацягнуцца. Некаторыя біскупы лічаць, што прэс-сакратаром павінен быць ксёндз. Так, будзе сапраўды прасцей, бо духоўная асоба як правіла падкаваная ў пытаннях веры. Але я лічу, што пры роўных здольнасцях свецкі чалавек можа зрабіць больш, таму што ён свецкі. Ён лепш ведае кухню свецкіх СМІ і ў гэтым свеце ён свой. — У свой час Вы таксама працавалі прэс-сакратаром. Якія ў Вас засталіся ўспаміны ад працы з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам? — Гэта былі добрыя часы. Першы раз мы сустрэліся з яго Эксцэленцыяй у Маскве ў 1991-м годзе, я быў на яго інгрэсе. На той час я быў ужо аспірантам і паралельна паступіў у Каледж каталіцкай тэалогіі, які быў адкрыты з падачы новага іерарха. У 1993-м годзе ён дэлегаваў мяне на Дзень моладзі ў Дэнвер (ЗША). Праз пэўны час адзін са святароў прапанаваў мне ўзначаліць рэлігійную газету «Свет Евангелля». На той момант я ўжо абараніў дысертацыю. І так мінала 10 гадоў: я быў галоўным рэдактарам гэтай газеты (1997–2007 гг.) і адначасова з’яўляўся прэс-сакратаром арцыбіскупа Кандрусевіча. Падчас нашай працы пры ўзнікненні дзвюх розных думак мне ўдавалася яго часам пераконваць і ён рабіў так, як раіў я. Але былі моманты, калі пераканаць мітрапаліта і не ўдавалася. Я заўважыў, што ў Беларусі арцыбіскупа успрымаюць збольшага як «медыйнага біскупа». У сваю чаргу я лічу зусім па-іншаму. Мітрапаліт вельмі творчы і актыўны, ён публічны біскуп. І СМІ яго таксама за гэту публічнасць любяць. У яго ёсць харызма, таму тэлевізійным камерам ён таксама даспадобы. Любілі яго і ў Расіі. На вялікія святы ў касцёле можна было спакойна чакаць 15 тэлекамер... А публічнасць і медыйнасць — гэта не адно і тое. — Вы казалі, што ў пэўных нюансах спрабавалі пераканаць мітрапаліта. Наколькі лёгка спрачацца з духоўнай асобай? Усё ж свецкі чалавек і духоўная асоба — гэта розныя плоскасці? — Мне было лёгка. І цяпер лёгка. Мы можам нават пасварыцца, але ўсё адно пасля памірымся, бо ведаем, што кожны мае найлепшыя памкненні ў гэтым. Калі гаворка ідзе пра прафесійныя рэчы — журналісцкія, для мяне не істотна, духоўная гэта асоба ці не. Павага да біскупа застаецца, але калі мы абмяркоўваем пытанне «ставіць матэрыял ці не», і я хачу паставіць, бо бачу, што тэма вострая і абудзіць у касцёле нейкую дыскусію, я буду спрачацца. «Шэф» у такіх выпадках казаў: «Вось паскардзяцца ксяндзы зноў на цябе Нунцыю, а мне пасля зноў цябе выручай...» І праўда, ён шмат разоў мяне ратаваў. Аднойчы нас крытыкавалі за тое, што ў рэлігійнай газеце «Свет Евангелля» мы друкуем гумар... — Ці часта здараліся выпадкі, калі матэрыялы «зляталі» з паласы праз цэнзуру? — У Касцёле ёсць добры механізм — ёсць добры рэдактар, які адказвае за ўсе справы з прафесійнага боку: ён сочыць за тым, каб матэрыялы былі цікавымі, каб была інтрыга, каб газету хацелася чытаць. Паралельна ў рэлігійным СМІ павінен быць касцёльны (царкоўны) асістэнт ці цэнзар — і ён пільнуе, каб тыя матэрыялы былі карыснымі найперш для людскіх душаў. Будзе добра, калі такім цэнзарам будзе ксёндз-спаведнік, які шмат працуе з людзьмі і ў адрозненні ад рэдактара можа прадказаць, якой будзе рэакцыя на матэрыял. Калі ў СМІ добры цэнзар, то як рэдактар я прызнаю права вета гэтага цэнзара. У маёй газеце часам здаралася, што выходзілі палосы з белымі плямамі. У апошнюю хвіліну цэнзар здымаў забракаваныя тэксты, а замяніць іх не было чым. У маёй газеце сітуацыя ўскладнялася тым, што большую частку з гэтых дзесяці гадоў я не меў такога цэнзара. І таму цяжар, а таксама духоўная адказнасць клаліся на мае плечы. Гэта было цяжка.
— Як прэс-сакратару не трапіць у прасак, працуючы са свецкімі журналістамі? — Па-першае, ніколі не хлусіць. Гэты прынцып важны для любога журналіста. Калі не можаш сказаць праўду — памаўчы, але ніколі не пакрывай хлуснёй нейкую праблему. Па-другое, старайся быць максімальна адкрытым. Было б добра практыкаваць «Дні адкрытых дзвярэй». Мне гадоў пяць удавалася ўпрошваць арцыбіскупа Кандрусевіча, каб ён запрашаў свецкіх журналістаў на каву. Трэба працаваць адкрыта. Галоўнае ў працы прэс-сакратара — быць не рэактыўным, рэагуючы на вострую праблему, якая ўжо нечакана для нас узнікла, а быць праектыўным — старацца прадугледзець праблему, старацца зрабіць так, каб праблема не ўзнікала. Журналісты могуць цікавіцца рознымі рэчамі. Напрыклад, грашыма Касцёла, як бывае ў Польшчы. Як можна задаволіць гэтую цікавасць? Можна запрасіць журналістаў у любую парафію і разам з імі паглядзець бухгалтарскія кнігі гэтай парафіі. Тады падазронасці да Касцёла ў журналістаў не будзе. — Ці варта прэс-сакратару, арганізоўваючы прэс-канферэнцыю, абмяжоўваць кола журналістаў, якія часта падаюць неправераную і памылковую інфармацыю пра Касцёл? — Я ніколі гэтага не практыкаваў. Лічу, што прэс-сакратар мае права рабіць такое, але толькі ў выпадку, калі СМІ сістэматычна друкуе ў сябе рознае кламства. Можа скласціся перакананне: маўляў, навошта іх клікаць, калі яны ўсё роўна пішуць адно і тое ж. А я клікаў бы іх. Клікаў і стараўся б наладзіць з імі кантакт, стараўся б запрашаць іх на прэс-канферэнцыі і іншыя імпрэзы. Рана ці позна іх чытачам прыесца гэтае кламства і яны ўбачаць, што ў сэнсе сенсацыйнасці на католіках нічога не заробіш, бо яны нічога не хаваюць. Мяркую, што калі ёсць нейкі «пажар» — калі адчуваецца нейкі напад на Касцёл — такую меру можна ўжыць. Але на кароткі час. Інакш мы парушым права на інфармацыю аўдыторыі гэтых СМІ, чаго рабіць нельга. — Што павінны ўлічваць касцёльныя журналісты ў працы са свецкімі журналістамі? — На семінары для свецкіх журналістаў у Баранавічах падчас працы ў групах журналісты казалі, што часта яны тэлефануюць прэс-сакратару, а яго тэлефон маўчыць. Калі Вы працуеце прэс-сакратаром або ў прэс-службе Касцёла, то ваш тэлефон павінен быць запісаны ў кожнага свецкага журналіста. І калі ён вам тэлефануе, вы не маеце права не адказаць. Бо вы — прэс-сакратар. Калі так будзе, то і зацікаўленасць з боку журналістаў будзе. А калі мы маўчым, рана ці позна гэта зацікаўленасць знікне. Страціць увагу і пашану свецкага журналіста вельмі лёгка. Дастаткова не адказваць на званкі і нічога не каментаваць. Гутарыў Ілья Лапато OCDS Фота Аляксандры Шчыглінскай |