Арцыбіскуп Кандрусевіч: «Кожны біскуп можа выступіць толькі адзін раз. У запасе ён мае чатыры хвіліны» (+ фота) |
Інтэрв'ю |
06.10.2014 17:54 |
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у эксклюзіўным інтэрв’ю для Catholic.by распавёў пра першы дзень працы ІІІ Надзвычайнай сесіі Сіноду Біскупаў, у якім ён прымае ўдзел, і адзначыў асаблівыя моманты сёлетняга Сіноду. — Ваша Эксцэленцыя, як Вас сустрэў Рым? Ці адчуваецца там атмасфера набліжэння надзвычайнай сесіі Сіноду? — Рым сустрэў небывалым цяплом, тут каля 25 градусаў. Паўсюль адчуваецца атмасфера Сіноду: шмат пытанняў, на якія пакуль што няма адказаў. Такой напружанасці за ўсе мае папярэднія сем Сінодаў, у якіх я прымаў удзел, яшчэ не памятаю.
— Біскупы падчас Сіноду прабываюць у зале Сінодаў. Падчас перапынку можна схадзіць на каву ў атрыум залы Паўла VI. Кожны біскуп мае адпаведнае месца ў зале Сінодаў, якое нельга змяняць. Даклады ідуць на італьянскай, англійскай, іспанскай, французскай і нямецкай мовах з сінхронным перакладам. Поруч са мной падчас пасяджэнняў сядзіць арцыбіскуп з Бухарэста. — Якія тэмы стануць найбольш гарачымі падчас працы?
— Праца Сіноду мае свой графік — 9.00-10.30, 11.00-11.30, 16.30-19.00. Першы тыдзень (ад панядзелка да пятніцы) будзе прысвечаны так званым «генеральным кангрэгацыям», падчас якіх будуць выступаць удзельнікі Сіноду. Напачатку галоўны дакладчык, затым выступаюць біскупы згодна з тэмай, якую яны выбралі з так званага «Instrumentum laboris» («Працоўнага дакументу»). Біскуп рыхтуе сваю прамову, якая не павінна перавышаць сямі тысяч знакаў з прабеламі, і высылае яе ў Ватыкан. На Сінодзе біскуп можа прамаўляць толькі адзін раз. Пры гэтым яго даклад не павінен перавышаць чатырох хвілін, таму свой даклад трэба адаптаваць. Звычайна ў дзень адбываюцца дзве «кангрэгацыі»: ранішняя і вечаровая. Розніца палягае на тым, што вечарам «кангрэгацыя» праходзіць у выглядзе свабоднай дыскусіі. — Ці ёсць ва ўдзельнікаў Сіноду магчымасць падысці і пагутарыць з Пантыфікам? — Пра гэта я магу сказаць, абапіраючыся на першы дзень працы Сіноду. Сёння прыблізна за паўгадзіны да пачатку, калі біскупы яшчэ знаёміліся адзін з адным, нечакана прыбыў Папа. У сваёй простасці ён падышоў да біскупаў і кожнага з нас прывітаў за руку, у тым ліку і тэхнічных супрацоўнікаў. Таксама падчас паўзы на каву Пантыфік не пайшоў адпачываць, а знаходзіўся з удзельнікамі Сіноду. Зразумела, што да яго выстраілася вялізная чарга і Святому Айцу было не да кавы. Не ведаю, як Папа прыбыў на распачацце Сіноду, але з Сіноду ў гасцініцу ён ішоў пешшу і без суправаджэння. Гэта вельмі прыемныя знакі сціпласці і адкрытасці Папы, што было ацэнена ўдзельнікамі Сіноду. Падрыхтаваў Ілья Лапато |
Фотарэпартаж |