Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Афіцыйнае закрыццё ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў адбылося ў Рыме (+ фота)
Беларусь
19.10.2014 16:51

19 кастрычніка, у ХХІХ Звычайную нядзелю, на плошчы св. Пятра ў Рыме адбылося афіцыйнае закрыццё ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў, прысвечанай сям’і. Падчас Імшы Папа Францішак беатыфікаваў Папу Паўла VI, які пасля смерці Яна ХХІІІ узяў на сябе кіраўніцтва Другім Ватыканскім Саборам і шчасліва завяршыў яго.

Павел VI увайшоў у гісторыю Касцёла як Папа дыялогу і паслясаборных рэформ.

Як паведамляе спецыяльны карэспандэнт Catholic.by з Рыма, Імшу з Папам канцэлебравалі каля 130 кардыналаў і каля 250 біскупаў. Плошча св. Пятра была напоўнена вернікамі, якія з энтузіязмам і гарачымі апладысментамі сустрэлі словы Пантыфіка аб далучэнні Паўла VI да благаслаўлёных.

У гаміліі, як інфармуе карэспандэнт Catholic.by, Папа сярод іншага адзначыў, сыходзячы са словаў Евангелля на гэты дзень аддаць цэзарава цэзару, а Божае – Богу, што перад абліччам кожнай улады на першым месцы павінен быць Бог; што гэта вечная навізна, якую трэба адкрываць штодзень. Пантыфік заўважыў, што хрысціянін, які жыве духам Евангелля, з’яўляецца “навізной Бога” ў Касцёле і свеце – і ў гэтым сіла і надзея хрысціян, якая не з’яўляецца бегствам ад рэальнасці, а перадачай Богу таго, што Яму належыць; так жывучы, хрысціянін упэўнена ступае па зямлі і смела адказвае на выклікі часу.

Папа дадаў, як паведамляе наш карэспандэнт, што гэта было бачна падчас дадзенага Сінода: біскупы прынеслі ў Рым голас сваіх лакальных Касцёлаў, каб дапамагчы сучаснай сям’і ісці евангельскім шляхам. На Сінодзе валадарыў Дух Святы, які вядзе Касцёл і пастаянна яго абнаўляе, каб ён лячыў раны чалавецтва і ажыўляў надзею.

Кажучы, што Сінод завяршаецца беатыфікацыяй Паўла VI, Пантыфік звярнуў увагу, што ў гэтым Папу неабходна бачыць пакорнага і ў той жа час адважнага хрысціяніна і адданага Касцёлу апостала, якому сёння трэба сказаць “дзякуй”, які ўмеў аддаваць Богу тое, што Яму належыць, і прысвячаць сваё жыццё працягу місіі Хрыста на зямлі, любячы Касцёл і кіруючы ім так, каб ён быў для чалавецтва маці і інструментам збаўлення.

Такім чынам Сінод Біскупаў 2014 г. стаў гісторыяй і адначасова заданнем для лакальных Касцёлаў рыхтавацца да Сінода 2015 г., які павінен будзе прыняць канкрэтныя рашэнні, каб дапамагчы сем’ям і вывесці іх з крызісу. “Sit finis libri, sed non finis querendi” (“Няхай завершыцца кніга, але не даследаванні”) – кажа лацінская прыказка: гэта значыць, што Сінод завяршыўся і Сінод працягваецца.

Гэта было апошняе паведамленне пра Сінод з Рыма спецыяльнага карэспандэнта Catholic.by, які разам з тым просіць аб малітве ў інтэнцыі ўжо будучага Сінода, каб сучасная сям’я сапраўды была непарушным фундаментам грамадства.

(DN), (AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.