Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Удзельнікі Сінода зрабілі прапановы па выніках працы ў малых групах
Дзяржава Ватыкан
17.10.2014 13:44

У выніку працы ў малых групах удзельнікі ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў зрабілі важныя прапановы, якія, на іх думку, павінны быць улічаны пры распрацоўцы выніковага дакумента асамблеі.

Паводле сінадальных айцоў, неабходна асаблівым чынам падкрэсліць станоўчае пасланне Евангелля сям’і, не засяроджваючыся толькі на сітуацыях сем’яў, якія знаходзяцца ў крызісе. Сужэнства, як сакрамэнт і непарыўны саюз паміж мужчынам і жанчынай, з’яўляецца каштоўнасцю, якая застаецца вельмі актуальнай і якой давяраюць шматлікія пары — гэтае пасланне павінна вылучацца, палічылі ўдзельнікі форума.

Адзначалася, што ў выніковы дакумент абавязкова павінны быць уключаны некаторыя іншыя тэмы — напрыклад, звязаныя з пытаннем усынаўлення дзяцей і патрэбай спрашчэння бюракратычных працэдур, з ім звязаных.

Падчас дыскусій у малых групах звярталася ўвага на неабходнасць павелічэння ўвагі да прысутнасці пажылых людзей у сямейным асяродзі; на сітуацыю сем’яў, якія жывуць ва ўмовах крайняй беднасці. Асуджалася прастытуцыя, прыктыка калечання жаночых геніталій, злоўжыванне працай непаўналетніх і іх сексуальнае выкарыстанне. Важна падкрэсліць фундаментальную ролю сем’яў у евангелізацыі і перадачы веры, адзначалася ўдзельнікамі малых груп.

Гаворачы пра складаныя сямейныя сітуацыі, сінадальныя айцы падкрэслівалі, што Касцёл павінен быць адкрытым домам для ўсіх, у якім ніхто не павінен адчуваць сябе адрынутым. У той жа час, як зазначалася, пажаданай з’яўляецца большая яснасць у выкарыстанні мовы Касцёла: напрыклад, адносна закона аб градацыі, каб ён не стаў градацыяй закона. Сінадальныя айцы заклікалі таксама звярнуць большую ўвагу на гераічнае сведчанне разведзеных, якія не ўступілі ў паўторныя саюзы.

Удзельнікі Сінода Біскупаў пажадалі падкрэсліць, што выніковы дакумент ІІІ Надзвычайнай сесіі стане падрыхтоўчым дакументам Звычайнай сесіі Сінода Біскупаў, якая пройдзе ў кастрычніку 2015 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.