Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Павел VI абвешчаны благаслаўлёным
Беларусь
19.10.2014 12:00
Беатыфікацыя Папы Паўла VI адбылася 19 кастрычніка ў Ватыкане. Цырымонія беатыфікацыі завяршыла ІІІ Надзвычайную сесію Сінода Біскупаў, які праходзіў у Рыме з 5 кастрычніка.

 

Пра беатыфікацыю Папы Паўла VI стала вядома 9 мая пасля зацвярджэння Папам Францішкам адмысловага дэкрэту аб прызнанні цуду, здзейсненага праз заступніцтва Паўла VI.


У той дзень падчас аўдыенцыі для прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэло Амата Святы Айцец зацвердзіў рашэнне адносна беатыфікацыйных спраў таксама і іншых асобаў.

Папа Павел VI разам з кардыналам Альбіно Лучані, будучым Папам Янам Паўлам І (1978)

У прыватнасці былі прызнаны цуд, здзейснены праз заступніцтва італьянскага святара Луіджы Кабурлота, заснавальніка Інстытута дачок св. Юзафа, а таксама гераічнасць цнотаў італьянскага святара Джакамо Абонда, іспанскага езуіта Геацынта Алегрэ Пуялса і свецкай верніцы і маці з Францыі Караліны Кальшэн Карэ дэ Мальберг.

Будучы Папа Павел VI нарадзіўся ў 1897 годзе ў Італіі і быў выбраны на Святы Пасад у 1963 годзе. Павел VI стаў апошнім Пантыфікам, народжаным у ХІХ стагоддзі, і апошнім Папам, які пры абранні быў каранаваны адмысловай тыярай -- у будучыні Папа Ян Павел І адменіць гэтую традыцыю.


 

 

Папа Павел VI разам з кардыналам Каралем Вайтылам, будучым Папам Янам Паўлам ІІ (1978-2005)

Падчас свайго Пантыфікату Павел VI завяршыў распачаты сваім папярэднікам Другі Ватыканскі Сабор, зацвердзіў Сінод Біскупаў як пастаянную касцёльную ўстанову, а таксама правёў шэраг важных рэформаў у Рымскай Курыі.

Побач з кардыналам Ёзафам Ратцынгерам, будучым Папам Бэнэдыктам XVI (2005-2013)

Павел VI змяніў адно з правіл абрання Пантыфікаў, згодна з якім узроставая мяжа кардыналаў, якія прымаюць удзел у канклавах, не павінна перавышаць 80 гадоў.

Адным з важных рашэнняў Паўла VI сталі таксама заснаванне Папскай камісіі па сродках масавай камунікацыі і Сакратарыята дыялогу з нехрысціянамі. Таксама аўтарству Паўла VI належаць дзве энцыклікі -- аб цэлібаце («Sacerdotalis caelibatus») і аб кантролі над нараджальнасцю («Humanae vitae») *(усяго гэты Папа выдаў 7 энцыклік).

Варта адзначыць, што падчас Пантыфікату Паўла VI былі ўнесены значныя змяненні ў Рымскі Імшал. У 1960 годзе Папа выдаў Апостальскую канстытуцыю «Missale Romanum», якаю зацвярджала новы парадак Імшы. У прыватнасці, дазвалялася выкарыстанне нацыянальных моваў, дазвол святару цэлебраваць Імшу тварам да вернікаў і інш.

Падчас свайго Пантыфікату ў 1967 годзе Павел VI прызначыў арцыбіскупа Караля Вайтылу кардыналам.

(JLS)

Фота літоўскай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.