Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч: «Па словах Папы, перад намі год, каб выспець да прыняцця канкрэтных рашэнняў на будучым Сінодзе»
Іерархі
18.10.2014 21:16

18 кастрычніка завяршыліся пасяджэнні ІІІ Надзвычайнай сесіі Сінода Біскупаў і была прынята Рэляцыя Сінода. Пра ход апошняга дня пасяджэнняў і пра гэты дакумент распавёў у інтэрв’ю Catholic.by Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч – удзельнік Сінода.

— Завяршылася апошняя Генеральная кангрэгацыя Сінода, на якой была прынята яго Рэляцыя. Гэта фінал дадзенага сусветнага форуму біскупаў. Які, калі казаць коратка, змест гэтага дакумента?

— На 14-й Генеральнай кангрэгацыі, якая адбылася 18 кастрычніка перад абедам, удзельнікам Сінода быў прадстаўлены канчатковы варыянт Рэляцыі. Пасля абеду біскупы вывучалі дакумент і вызначаліся, як будуць галасаваць па кожным з яго 62 параграфаў.

Рэляцыя, якая пачынаецца ўступам і завяршаецца заключэннем, складаецца з трох частак: А). Слуханне: Кантэкст і Выклікі сучаснай сям’і, дзе гаворыцца пра сучасны сацыяльна-культурны кантэкст, адносіны да жыцця і пастырскія выклікі. Б). Погляд з Хрыстом: Евангелле сям’і, у якой гаворыцца пра бачанне сям’і разам з Хрыстом і боскую педагогіку ў гісторыі збаўлення; сям’ю ў боскім плане збаўлення; сям’ю ў дакументах Касцёла; непарыўнасць сям’і і радасць сумеснага жыцця; праўду і прыгажосць сям’і і міласэрнасць у дачыненні да разбураных і слабых сем’яў. В). Супрацьпастаўленне: пастырскія перспектывы, якая кажа пра сумяшчэнне Евангелля ў сучаснай сям’і ў розных кантэкстах; пра пастырскую апеку тых, хто рыхтуецца да шлюбу; пастырскую апеку маладых сем’яў; пастырскую апеку тых, хто жыве ў грамадзянскім шлюбе або сужыцці; пастырскую апеку разведзеных, разведзеных і не ўзяўшых новы шлюб, разведзеных і ўзяўшых новы шлюб; пра сем’і з адным з бацькоў; пра ўвагу да людзей з гомасексуальнай арыентацыяй; пра перадачу жыцця і выклік дэмаграфіі; пра выклік выхавання і ролю сям’і ў евангелізацыі.


— Як праходзіла прыняцце Рэляцыі?

— Галасаванне было таемным і праходзіла па формуле: згодны, не згодны, устрымліваюся. Параграф лічыўся прынятым пры дзвюх трэціх плюс адзін голас. Галасаванне праводзілася аўтаматычна праз націсканне адпаведнай кнопкі на пульце, які быў перад кожным біскупам. Яно заняло крыху больш за гадзіну. У выніку былі прыняты ўсе параграфы акрамя трох, якія датычыліся магчымасці прыступаць да сакрамэнту пакаяння і святой Камуніі для разведзеных і ўзяўшых новы шлюб, духоўнай Камуніі для разведзеных і ўзяўшых новы шлюб, а таксама адносінаў да людзей з гомасексуальнай арыентацыяй.

— Ці будзе апублікавана Рэляцыя Сінода і ці даведаецца свет пра яе змест? Бо было столькі меркаванняў і здагадак, мас-медыя кожны дзень падагравалі інтарэс да таго, што адбывалася ў ауле Паўла VI...

— Так. Пасля завяршэння галасавання было аб’яўлена пра рашэнне Папы Францішка публікаваць не толькі тэкст Рэляцыі, але і вынікі галасаванняў, што, несумненна, дапаможа людзям лепш арыентавацца ў важнасці і складанасці праблемы і меркаванні біскупаў.

— Як такое рашэнне Пантыфіка ўспрынялі іерархі?

— З вялікім задавальненнем, бо з самага пачатку казалі пра неабходнасць транспарэнтнасці гэтага форуму біскупаў.

— Як завяршыўся гэты значны ў працы Сінода дзень? Ці выступіў з прамовай Папа?

— Напрыканцы Папа падзякаваў арганізатарам і ўсім удзельнікам, у тым ліку аўдытарам і братэрскім дэлегацыям. А потым выступіў з прамовай, якую неабходна прыняць як сінтэз працы Сіноду і настаўленне біскупам. Пантыфік падкрэсліў, што падчас працы форуму перажывалася сапраўдная сінадальнасць, адкрытая размова і глыбокі аналіз, што праводзілі заклапочаныя лёсам сям’і душпастыры. Сінод таксама перажыў шмат спакусаў. Некаторыя яго ўдзельнікі стараліся паказацца крайнімі традыцыяналістамі, іншыя імкнуліся быць супермадэрністамі. Але былі і тыя, хто хацеў сысці з крыжа адказнасці. Папа падкрэсліў, што Касцёл павінен застацца верным вучэнню Хрыста і сваёй дактрыне ў сферы сям’і і адначасова міласэрным, памятаючы пра тое, што найвышэйшы закон – збаўленне душаў. Такім павінен быць Касцёл, як наша Маці. Да гэтага вядзе нас Дух Святы, якому трэба даверыцца і быць Яму паслухмяным. Сінод праходзіць разам з Папам і пад яго кіраўніцтвам, што з’яўляецца гарантыяй яго поспеху і адзінства ўдзельнікаў. Сінод паказаў, што Хрыстус пасвіць свой статак праз калегію біскупаў разам з Пантыфікам. Душпастыры Касцёла павінны з любоўю выконваць гэтае заданне не як валадары, а як слугі.

Перад намі цэлы год, адзначыў Папа, каб выспець да прыняцця канкрэтных рашэнняў на Сінодзе 2015 г. Гэты час павінен быць прысвечаны руплівай працы над Рэляцыяй, як накіроўваючай лініі для падрыхоўкі да Сінода, што пройдзе ў будучым годзе.


Пасяджэнні Сінода завяршыліся гімнам да Духа Святога, хоць яго афіцыйнае заканчэнне наступіць 19 кастрычніка Імшой беатыфікацыі Папы Паўла VI.

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію